BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вырашальныя фактары

Беларусь стане дзясятай краінай-сябрам ШАС у ліпені. Ваенная будучыня Украіны. Кампанія перад еўравыбарамі ў Венгрыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Ужо ў ліпені гэтага года Беларусь афіцыйна стане дзясятай краінай – членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Пра гэта заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін па выніках перамоваў з Лукашэнкам», – паведамляе кіргізская газета Akipress.

Пры гэтым Пуцін падкрэсліў, што Расея актыўна садзейнічала ўступленню Беларусі ў склад арганізацыі. “Зыходзім з таго, што ўжо ў ліпені на саміце арганізацыі ў Астане будзе аб’яўлена, што ўсе неабходныя для гэтага працэдуры завершаны”, – сказаў ён. Пуцін таксама заявіў аб планах нарошчваць транзіт беларускіх грузаў па тэрыторыі РФ. ШАС была створана ў чэрвені 2001 года. У яе ўваходзяць Індыя, Казахстан, Кітай, Кіргізія, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Узбекістан. Пры гэтым чатыры краіны маюць статус дзяржавы-назіральніка – Афганістан, Беларусь, Іран, Манголія», – піша кіргізскае выданне.

У колах НАТА ўзмацняецца разуменне таго, што неабходна даць Украіне больш свабоды ў выкарыстанні заходняй зброі. Польшча, Канада і Фінляндыя ўжо заявілі пра тое, што іх пастаўкі не звязаны ніякімі ўмовамі. ЗША адмянілі сваё патрабаванне не наносіць удары з ужываннем амерыканскай зброі па расейскай тэрыторыі для рэгіёна вакол Харкава. «Для Украіны гаворка ідзе пра тры асноўныя стратэгічныя мэты», – піша рыжская Latvijas Avīze.

«Па-першае, заходняя ваенная прамысловасць павінна паскорыць распрацоўку і вытворчасць узбраенняў. Па-другое, заходнім кантынгентам войскаў нядрэнна было б узяць на сябе дапаможныя функцыі (забеспячэнне, шпіталі, рамонт). Па-трэцяе, за выключэннем ядзернай зброі, усе заходнія віды ўзбраенняў павінны быць дазволены да прымянення на тэрыторыі Расеі. Гэта датычыцца і ракет, якія запускаюцца з самалётаў, якія здольныя паражаць цэлі на адлегласці да дзвюх тысяч кіламетраў. Калі расейцы ўбачаць, што ўся іх еўрапейская тэрыторыя знаходзіцца пад ударам і што яны штодня губляюць ваенныя і эканамічныя актывы коштам у сотні мільёнаў ці нават мільярды долараў, расейская эліта зразумее, што трэба нешта рабіць для таго, каб спыніць гэтую вайну», – адзначае латвійскае выданне.

Фідэс-партыя прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана пабудавала ўсю сваю еўрапейскую выбарчую кампанію вакол пытання вайны ва Украіне. Партыя транслюе наратыў пра тое, што большасць еўрапейскіх краін выступае за вайну, тады як венгерскі ўрад – выключна за мір і заклікае да найхутчэйшага спынення вайны і спынення паставак заходніх узбраенняў. Крытычна настроеныя венгерскія медыя каментуюць дадзеную стратэгію. «Стратэгія Орбана не прыносіць Венгрыі нават эканамічных бонусаў», – з такой крытыкай выступае будапешцкая Népszava.

«Мір, за які так горача змагаўся ўрад з самага пачатку вайны ва Украіне, азначае нешта зусім іншае, чым першапачатковы сэнс гэтага слова: Украіна павінна капітуляваць і адмовіцца ад найбольш каштоўных тэрыторый і ўласнай свабоды выбіраць той тып грамадства, які яна хоча пабудаваць. Падобнае амаральнае стаўленне, як можа здацца на першы погляд, стала «акупляцца» у фінансавым стаўленні: Венгрыя вызваленая ад эканамічнага цяжару падтрымкі Украіны і з’яўляецца адным з апошніх бенефіцыяраў нібы таннейшай расейскай сыравіны. Аднак, нягледзячы на гэтыя перавагі, атрыманыя няправедным шляхам, урад партыі Фідэс прымудрыўся пагоршыць усе найважнейшыя эканамічныя паказчыкі», – канстатуе венгерскае выданне.

Падчас судовага працэсу па справе пра фальсіфікацыю дзелавой дакументацыі з мэтай утойвання сумы, выплачанай былой порнаактрысе Стормі Дэніэлс напярэдадні выбараў 2016 года за яе маўчанне пра сувязі з Трампам, прысяжныя аднагалосна прызналі Трампа вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачання. Прысуд павінен быць абвешчаны 11 ліпеня – за некалькі дзён да таго, як рэспубліканцы зноў вылучаюць Трамп кандыдатам у прэзідэнты. Нават калі экс-прэзідэнту давядзецца сесці ў турму, ён усё роўна зможа ўдзельнічаць у гонцы. «Наступствы рашэння суда для выбараў, якія пройдуць толькі ў лістападзе, пакуль незразумелыя», – падкрэслівае міланская Corriere della Sera.

«Апытанне Універсітэта Куініпіяк, праведзенае ў мінулым месяцы, паказала, у выпадку прызнання судом віны Трампа, шэсць працэнтаў яго выбаршчыкаў былі б у меншай ступені гатовыя прагаласаваць за яго. Колькасць невялікая, але яна можа мець важнае значэнне, калі раптам справа дойдзе да гонкі з Байдэнам «пыса ў пысу». Другія мяркуюць, што цяперашні прысуд мала паўплывае на выбары, якія адбудуцца праз пяць месяцаў, калі ў цэнтры ўвагі амерыканцаў будзе эканамічны парадак дня. Акрамя ўсяго іншага, Трамп выкарыстаў гэты судовы працэс для таго, каб адлюстраваць з сябе ахвяру сістэмы, і тым самым мабілізаваць свой электарат», – папярэджвае італьянскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя