Ці зрэагуе Польшча на наступ беларуска-крамлёўскай прапаганды? Пазачарговы саміт ЕЗ. Украіна: палітычныя ваганні галоўнакамандуючага. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Ва ўсходняй Польшчы рэжымнае Міжнароднае радыё Беларусь прымаюць без праблем. Лукашэнкаўская і крамлёўская прапаганда распаўсюджваецца на некалькі дзясяткаў кіламетраў у глыб Польшчы ад памежнага плота з Беларуссю. Госці гэтай праграмы часам наведваюць Беларусь. Улады ў Польшчы маўчаць», – дзеліцца ўражаннямі польская газета Wyborcza.
«Адзін з жыхароў Падляшша нядаўна паведаміў, што едучы з Гайнаўкі ў Беласток і выбіраючы радыёстанцыі, наткнуўся на Міжнароднае радыё «Беларусь». Тады транслявалася інтэрв’ю з чалавекам, які быў прадстаўлены як Роланд Дубоўскі. Ён выразна пахваліў Лукашэнку і раскрытыкаваў польскія ўлады. Што гэта за радыёстанцыя, якая легальна вяшчае ў Польшчы? Міжнароднае радыё «Беларусь» (са штаб-кватэрай у беларускай сталіцы) ужо даўно гучыць не толькі на Падляшшы, але і ў іншых ваяводствах усходняй Польшчы, прымежных з Беларуссю. Гэта адзін з прапагандысцкіх рупараў рэжыму Лукашэнкі, а значыць, і Крамля. Праграму з удзелам Дубоўскага, як і іншыя ў гэтай серыі, вёў нейкі Даніэль Мікусек, які прадстаўляе сябе ў інтэрнэце як «палітолаг». Па радыё Дубоўскі анансаваў далейшыя дзеянні ў Польшчы па ўшанаванні памяці савецкіх воінаў. А ў студзені 2023 года сябры і прыхільнікі аб’яднання Дубоўскага сустрэліся з амбасадарам Расеі. У сваю чаргу ў кастрычніку мінулага года Міжнароднае радыё “Беларусь” шырока расказвала пра візіт у Беларусь польскай дэлегацыі. Паездку каардынаваў той жа Дубоўскі. Разам з Дубоўскім у кастрычніку мінулага года ў Беларусь ездзілі, сярод іншых, Пётр Панасюк з Польскага антываеннага руху, Яраслаў Аўгусціняк (раней супрацоўнік расейскага Sputnik Polska) і Генрык Мікецін (прэзідэнт Таварыства польска-беларускай дружбы, асуджаны ў траўні 2023 года за «публічнае ўсхваленне пачатку і вядзення захопніцкай вайны Расейскай Федэрацыяй супраць Украіны»). У сваю чаргу частым госцем у Беларусі ў апошнія месяцы быў таксама Кшыштаф Талвіньскі – былы віцэ-маршалак Падляшскага ваяводства, віцэ-міністр дзяржаўнага скарбу ва ўрадзе Яраслава Качыньскага. Польская дзяржава пакуль ніяк не адрэагавала на беларускі наступ. Выглядае на тое, што за апошнія гады польскія ўлады і службы па незразумелых прычынах ігнаравалі той факт, што Беларусь цесна супрацоўнічае з Расеяй, у тым ліку і ў сферы дзейнасці спецслужбаў. Амерыканскія спецслужбы ўжо некалькі гадоў папярэджваюць, што Беларусь выкарыстоўваецца расейскімі службамі як «фальшывы сцяг», – папярэджвае польскае выданне.
Напярэдадні пазачарговага саміту ЕЗ, прызначанага на чацвер, у Еўропе чакаюць рашэнне: ці дасць Венгрыя «зялёнае святло» запланаванаму пакету дапамогі для Украіны ў памеры 50 мільярдаў даляраў? Будапешт ужо сігналізаваў аб тым, што гатовы да кампрамісаў і прадставіў Бруселю ўмовы, пасля выканання якіх краіна будзе гатова сказаць «так». «Момант ісціны набліжаецца», – піша міланская газета Corriere della Sera.
«У Еўрапейскай радзе зараз на кон пастаўлена абсалютна ўсё, і момант ісціны надышоў для ўсіх: для Будапешта, які, як сказаў міністр замежных спраў Люксембурга Ксаўе Бэтэль, «павінен вырашыць, на якім баку гісторыі ён хоча знаходзіцца»; для іншых 26 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, якім трэба будзе вырашыць, ці гатовы яны скінуць з сябе кайданы шантажу з боку мадзьярскага трыбуна; і не ў апошнюю чаргу для ўрада Джорджыі Мелані, якой трэба будзе вырашыць супярэчнасць паміж яе даказанай праеўрапейскай арыентацыяй і спакусай «выратаваць Орбана», ад якога ў лагеры еўрапейскіх правых не зракліся ні як ад сябра, ні як ад саюзніка», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Паводле дадзеных СМІ, Уладзімір Зяленскі рабіў спробы адправіць Валерыя Залужнага ў адстаўку з пасады галоўнакамандуючага ВСУ. У шэрагу газет з’явіліся паведамленні, паводле якіх прэзідэнт Украіны прапаноўваў генералу пасаду міністра абароны, ад якой той адмовіўся. У міністэрстве абароны і Офісе прэзідэнта гэтую інфармацыю абверглі. У лістападзе Залужны звярнуў увагу на тое, што на фронце склалася патавая сітуацыя. «Залужны можа стаць небяспекай для Зяленскага», – лічыць варшаўская газета Rzeczpospolita.
«У тым, што прэзідэнт і ягоная адміністрацыя спрабавалі пазбавіцца ад генерала, ужо ніхто не сумняваецца. Каб не хваляваць грамадскасць, бо Залужны вельмі папулярны – яго хацелі прымусіць самому падаць у адстаўку. Ён, відаць, не пагадзіўся. Залужны пакуль не выяўляў палітычных амбіцый, якія маглі б стаць небяспечнымі для цяперашняга кіруючага лагера. З іншага боку, на «Банкавай» (назва вуліцы, на якой размешчана адміністрацыя прэзідэнта) былі б вялікія праблемы, калі б ён такія амбіцыі выявіў. Генерал не толькі папулярны сярод насельніцтва, але і карыстаецца падтрымкай войска, у якім прэзідэнт Зяленскі, у сваю чаргу, папулярнасць губляе», – адзначае польскае выданне.
Услед за распачатымі мінулым летам пратэстамі фермераў ва Усходняй Еўропе, незадаволеных у першую чаргу канкурэнцыяй з боку таннага збожжа з Украіны, выступленні аграрыяў – аж да перакрыцця дарог – захліснулі таксама Германію, Францыю ды іншыя краіны. Там пратэст засяродзіўся на тэме высокіх коштаў на паліва. Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен ініцыявала «стратэгічны дыялог» аб будучыні сельскай гаспадаркі. Брусельская газета De Standaard разумее, чаму фермеры незадаволеныя.
«Роўна як і прамысловасць, еўрапейскую сельскую гаспадарку чакае велізарная трансфармацыя. Перад ёй стаіць задача стаць СО2-нейтральнай, аднавіць раўнавагу з прыродай – і выстаяць ва ўмовах бязлітаснай сусветнай канкурэнцыі. Нядзіўна, што ў асобных фермераў складаецца ўражанне, быццам яны заціснутыя ў ціскі. Калі ж на іх плечы ўзвальваюцца яшчэ і фінансавыя рызыкі, у той час як асноўная частка прыбытку асядае ў кішэнях іншых, больш высока стаячых звёнах ланцужка, ці варта дзівіцца таму, што настроі сярод фермераў куды больш змрочныя, чым у сярэднім сярод насельніцтва Фламандыі? – задаецца пытаннем бельгійскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота : прэс-служба прэзідэнта Украіны






