BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Вырашыць зыход

Падазроны ў раненні польскага ваеннага на граніцы з Беларуссю знаходзіцца ў ЕЗ. Званок Шольца Пуціну. Украіне дазволена біць амерыканскай зброяй углыб РФ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Мігрант, які падазраецца ў смяротным раненні польскага пагранічніка 28 мая на мяжы з Беларуссю, знаходзіцца ў Еўразвязе», – паведаміў польскаму парталу wiadomosci.wp.pl камандуючы аперацыяй “Бяспечнае Падляшша” генерал Аркадыўш Шкутнік.

“Мы як армія не можам правесці расследаванне, але адпаведныя службы ўмяшаліся. Асоба гэтага чалавека ўстаноўлена. У нас ёсць яго фатаграфіі, мы ведаем, дзе ён быў, дзе з’яўляецца. Новыя сігналы паказваюць на тое, што ён нядаўна быў у краінах Заходняй Еўропы, у тым ліку ў Францыі і Бельгіі”, – растлумачыў генерал. Ён таксама заявіў, што затрыманне падазраванага павінна быць пытаннем часу. Пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага на мяжы з Беларуссю, стала вядома 6 чэрвеня. Па інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, ён падвергся нападу мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі», – піша польскае выданне.

***

У пятніцу канцлер ФРГ Олаф Шольц патэлефанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну. Як заявіў пасля Шольц, падчас гутаркі ён заклікаў расейскі бок вывесці свае войскі з тэрыторыі Украіны і падкрэсліў, што Захад не адмовіцца ад падтрымкі Кіева. Аглядальнікі з іншых еўрапейскіх краін крытыкуюць гэты крок Шольца і ўвязваюць яго з тым, што той рыхтуецца да выбарчай кампаніі ў сябе дома. «Размову з Пуціным Шольц правёў з унутрыпалітычных меркаванняў», – такое меркаванне выказвае ўкраінскі партал NV.

«Думаецца, што канцлер ФРГ таксама цудоўна разумеў, што Пуцін не будзе весці з ім перамоваў аб завяршэнні вайны ва Украіне. Шольцу важны толькі ўнутрыпалітычны і перадвыбарчы эфект гэтай размовы. Перад будучымі парламенцкімі выбарамі ў ФРГ ён пазіцыянуе сябе ў якасці “міратворца”, спрабуючы падстроіцца пад настроі значнай часткі нямецкіх выбаршчыкаў. У канчатковым выніку гэта выдатны піярны спосаб стварыць інфармацыйную нагоду – і вярнуць сабе ўвагу як у Нямеччыне, так і ў свеце ў цэлым», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

***

Паводле паведамленняў шэрагу СМІ, Джо Байдэн даў Украіне дазвол біць амерыканскімі дальнабойнымі ракетамі па цэлях на тэрыторыі Расіі. Гэты крок азначае сабой адмову ад папярэдняй палітыкі Вашынгтона. «Расея хоча паставіць Украіну на калені да інаўгурацыі Трампа», – такое меркаванне выказвае турынская La Stampa.

«Дазвол, выдадзены Джо Байдэнам, завяршае зацягнуты перыяд ваганняў і нерашучасці, які падсілкоўваўся страхам эскалацыі. Але эскалацыя і так ужо ў поўным разгары, яна бачная няўзброеным вокам, і масла ў агонь тут падлівае Расея. Наступ расейскіх войскаў мае ясную і адназначную мэту. А менавіта: да 20 студзеня 2025 года – дню інаўгурацыі Дональда Трампа – большая частка ўкраінскай тэрыторыі павінна апынуцца пад расейскім кантролем, а супернік – на мяжы знішчэння. Вось тады канфлікт можна будзе і “замарозіць”, – так, як, мяркуючы па інфармацыі з розных крыніц, гэта ўяўляе сабе Дональд Трамп. А менавіта – на ўмовах, максімальна выгадных для Расеі», – падкрэслівае італьянскае выданне.

***

17 лістапада 1989 года дэманстрацыі ў Пражскім універсітэце і на цэнтральнай Вацлаўскай плошчы паклалі пачатак практычна негвалтоўнаму развітанню з камуністычным рэжымам у тагачаснай Чэхаславакіі – так званай Аксамітнай рэвалюцыі. Як сёння, праз 35 гадоў, ідуць справы з ідэаламі, за якія тады змагалася грамадства? Чэшскі ​​партал Aktuality.sk заклікае СМІ і грамадзянскую супольнасць заняць актыўную пазіцыю, адзначаючы, што гэта асабліва важна цяпер, у такі цяжкі для Славакіі палітычны перыяд.

«Дэмакратыя і свабода аўтаматычна не гарантуюць вам камфорт, багацце і шчасце. Яны патрабуюць цяжкай працы, актыўнай асабістай пазіцыі, мужнасці – і рашучасці не здавацца. Мы павінны цалкам і поўнасцю быць на баку гэтых каштоўнасцей, і не проста ў тыя часы, калі свабода і дэмакратыя даюцца лёгка, але менавіта тады, калі яны маюць патрэбу ў нашай дапамозе і абароне. Вацлаў Гавел не сказаў, што праўда і каханне абавязкова перамогуць хлусню і нянавісць. Ён сказаў, што яны мусяць перамагчы. І мы павінны дапамагчы ім у гэтым», – піша чэшскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя