Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць супрацоўніцтва падчас сустрэчы ў Беларусі. Мадрыд, Дублін і Осла хочуць прызнаць палестынскую дзяржаву. Дзярждэп прапанаваў дазволіць ВСУ наносіць удары па тэрыторыі Расеі амерыканскай зброяй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Фота: ЕРА / ТАСС
«Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін наведае Беларусь з афіцыйным візітам, дзе ўвечары 23 траўня ў Менску сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам», – перадае nv.ua.
«Дыктатары плануюць абмеркаваць «актуальныя пытанні далейшага развіцця расейска-беларускіх адносінаў стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва, хаду і перспектывы інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках саюзнай дзяржавы, а таксама ключавыя тэмы міжнароднага парадку дня». Характэрна, што сустрэча супадае з ядзернымі вучэннямі, якія сумесна праводзяцца РФ і Беларуссю. Не выключана, што будуць прыняты рашэнні і паведамлена пра тое, што разгортваюцца дадатковыя сістэмы расейскага ядзернага ўзбраення ў Беларусі. Справа ў тым, што Пуцін зараз бачыць, што не дасягае ваенным шляхам мэт, ім неабходна ўключаць іншыя метады, якія прадугледжваюць і эскалацыю супраць Захаду», – піша ўкраінскае выданне.
***
Урады Іспаніі, Ірландыі і Нарвегіі аб’явілі пра тое, што маюць намер у бліжэйшыя дні прызнаць дзяржаву Палестына. Ізраіль выступіў з асуджэннем гэтай ініцыятывы, заявіўшы, што такі крок стаў бы знакам падтрымкі тэрору ХАМАС. МЗС Ізраіля ўжо адклікала сваіх паслоў з Дубліна і Осла. Чакаецца, што такое ж рашэнне будзе прынятае і ў дачыненні да Мадрыда. «Прызнанне толькі на руку ХАМАС», – такое меркаванне выказвае Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«Адной з мэт іх нападу 7 кастрычніка было якраз вяртанне палестынскага пытання на парадак дня рэгіянальнай і міжнароднай дыпламатыі. Цяпер хамасаўцы напэўна ў чарговы раз дашлі да высновы, што правільна зрабілі, пайдучы тэрорам на Ізраіль. І гэта нягледзячы на тое, што дзеянні ХАМАС прыносяць неверагодныя пакуты насельніцтву, якое знаходзіцца пад іх уладай. Шлях да стварэння палестынскай дзяржавы ляжыць праз знаходжанне згоды з Ізраілем. Пасля траўматычнага досведу 7 кастрычніка гэтага зараз будзе дамагчыся яшчэ складаней, чым мяркуюць шматлікія ў Вашынгтоне. Справа не толькі ў Нетаньяху. Як бы там ні было, над гэтым варта працаваць. А вось заўчаснае прызнанне Палестыны – гэта ўсяго толькі жэст», – адзначае нямецкае выданне.
***
«Дзярждэп прапанаваў Беламу дому дазволіць ВСУ наносіць удары па тэрыторыі Расеі амерыканскай зброяй», – піша The New York Times.
Газета піша, што з прапановай выступіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен. Па дадзеных NYT, Блінкен пайшоў на гэта «пасля выцвярэжваючай паездкі ў Кіеў». Дзяржсакратар наведаў сталіцу Украіны ў маі.
«Прапанову пакуль толькі рыхтуюць, яе яшчэ не прадставілі прэзідэнту ЗША, які традыцыйна праяўляе найбольшую асцярожнасць. Чыноўнікі, якія ўдзельнічаюць у абмеркаванні, сказалі, што пазіцыя Блінкена змянілася пасля таго, як расейскія войскі адкрылі новы фронт вайны і нацэлілі зброю на Харкаў. У Дзярждэпе адмовіліся каментаваць гэтую інфармацыю. 18 траўня газета The Wall Street Journal паведаміла, што Украіна папрасіла зняць абмежаванні на выкарыстанне амерыканскай зброі для ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расеі. 21 траўня кангрэсмены ЗША звярнуліся з аналагічнай просьбай да кіраўніка Пентагона», – перадае амерыканскае выданне.
***
На сустрэчы «ультраправага інтэрнацыяналу» ў Мадрыдзе прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей абвінаваціў жонку прэм’ер-міністра Гішпаніі Санчэса Бягонню Гомес у карупцыі. У адказ Гішпанія закрыла сваё пасольства ў Буэнас-Айрэсе, што Мілей у сваю чаргу назваў “бязглуздзіцай пагардлівага сацыяліста”. Па меркаванні іспанскай прэсы, у гэтым канфлікце можа выйграць хіба што адзін з удзельнікаў. Барселонская La Vanguardia задаецца пытаннем, куды ўсё гэта прывядзе.
«Абодва бакі рады пайсці на канфлікт. Прэзідэнт Аргентыны гатовы да гэтага, паколькі ён зваднік і любіць правакаваць іншых. Дзякуючы такому характару ён і выйграў выбары, а зараз атрымаў магчымасць адцягнуць увагу людзей ад нікуды не вартай палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў краіне. А прэм’ер-міністр Гішпаніі, у сваю чаргу, акрамя шчырай незадаволенасці словамі Мілея, бачыць магчымасць паўстаць альтэрнатывай правым напярэдадні выбараў у Еўрапарламент. І тут узнікае вялікае пытанне: да чаго прывядзе гэтая эскалацыя? Мілей не спыніць сваіх выпадаў у адрас Санчэса, а ў Гішпаніі ёсць эканамічныя інтарэсы ў Аргенціне. Вядома, ні адзін з бакоў не зацікаўлена ў крызісе, але менш за ўсё ён патрэбен Гішпаніі», – адзначае каталонскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя