BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: З пачуцця пратэсту

Навошта Беларусь унесла ядзерную зброю ў ваенную стратэгію? Сусветны эканамічны форум працуе ў Давосе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Беларусь уключыла пункт аб выкарыстанні тактычнай ядзернай зброі ў новую ваенную дактрыну, верагодна, каб такім чынам адлюстраваць размяшчэнне Расеяй гэтага віду ўзбраення ў краіне ў 2023 годзе. Пра гэта паведамляе выданне Амерыканскага Інстытута вывучэння вайны ISW.

«Праект новай ваеннай дактрыны Беларусі ўпершыню прадугледжвае прымяненне расейскай тактычнай ядзернай зброі. Аналітыкі адзначаюць, што асаблівасці таго, як новая дактрына будзе прымяняецца ў дачыненні да тактычнай ядзернай зброі, пакуль незразумелыя. Прынамсі 16 студзеня, міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што ў краіне жадаюць абнавіць ваенную дактрыну ўпершыню за восем гадоў. Цяпер яна павінна ўключаць прымяненне ядзернай зброі. Нагадаем, у канцы траўня 2023 года міністры абароны РФ і Беларусі дамовіліся пра размяшчэнне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі РБ. Таксама краіна-агрэсар перадала беларускім вайскоўцам комплексы “Іскандэр-М”, якія здольныя запускаць ракеты з ядзерным зарадам. У канцы снежня 2023 года дыктатар Аляксандр Лукашэнка заявіў пра тое, што Беларусь ужо атрымала ўсю ядзерную зброю, якую абяцала перадаць Расея», – нагадвае амерынскае выданне.

***

З панядзелка ў швейцарскім Давосе праходзіць чарговы – 54-ы па ліку – Сусветны эканамічны форум. Нягледзячы на ўдзел шматлікіх уплывовых гульцоў ад палітыкі і бізнэсу, прэса – ужо не першы раз – задаецца пытаннем, якую мэту пераследуе форум, і наколькі ён акутальны для дня сённяшняга. «Абмежаванні свабоднага гандлю наклалі свой адбітак і на давоскі форум», – дзеліцца сваімі назіраннямі мюнхенская Süddeutsche Zeitung.

«На працягу многіх гадоў гэтыя сустрэчы ў швейцарскіх гарах былі самай «гарачай» вечарынкай сусветнай эліты – менеджэраў, лабістаў, палітыкаў і ўсякага роду экспертаў пад лозунгамі – свабодны гандаль! наладжванне сувязяў! заключэнне здзелак!». Усё гэта даўно ў мінулым. Цяпер там гуртуюцца пратэкцыяністы, а ВТО (СГА), створаная 30 гадоў таму з такім энтузіязмам і закліканая прасоўваць свабодны гандаль, цяпер вымушана змагацца за сваё існаванне. У Давосе яна зараз гуляе толькі другарадную ролю. Пры ўсёй напружанасці геапалітычнай сітуацыі, усё гэта – няхай позняя і ціхая, але перамога антыглабалісцкага руху», – піша швейцарскае выданне.

***

На 10 сакавіка ў Партугаліі прызначаны датэрміновыя парламенцкія выбары. Напярэдадні гэтай даты правая папулісцкая партыя Chega (Даволі!) правяла ў мінулыя выходныя свой з’езд. Паводле звестак апытанняў, партыя цалкам можа разлічваць прыкладна на 15 працэнтаў галасоў. Партугальскія СМІ аналізуюць прычыны і магчымыя наступствы росту папулярнасці гэтага правага руху. «Традыцыйныя партыі відавочна страцілі сувязь з людзьмі», – піша лісабонская газета Público.

«Кожны раз, калі які-небудзь палітык дыстанцуецца ад выбаршчыкаў (ці невыбаршчыкаў?), сыходзіць у адрыў ад рэальнасці, якая знаходзіцца за межамі яго бурбалкі, і лічыць, што інфармацыі, якая трапляе на яго стол, дастаткова для прыняцця рашэнняў, у краіне становіцца на аднаго выбаршчыка, які ўстрымаўся, больш – ці ён пераходзіць у шэрагі прыхільнікаў пратэстнай партыі. Як бы Chega ні хацела пазбавіцца ад гэтага ярлыка, яна застаецца тым, чым з’яўляецца: партыяй, якая прываблівае на свой бок расчараваных людзей з розным светапоглядам, аб’яднаных толькі пачуццём таго, што іншыя партыі іх ігнаруюць», – падкрэслівае партугальскае выданне.

***

Пратэсты фермераў Германіі, не згодных з планамі кіруючай кааліцыі па скарачэнні субсідый на сельскую гаспадарку, у мінулы панядзелак завяршыліся маштабнай маніфестацыяй у Берліне. Яблыкам разладу сталі найперш зніжкі на дызельнае паліва, якія мае намер адмяніць кабінет Шольца. Аглядальнікі з іншых еўрапейскіх краін спрабуюць на фоне сёлетніх пратэстаў ацаніць настроі, якія пануюць у краіне. «Федэральны ўрад павінен вызваліцца ад кайданоў эканоміі, навязаных механізмам пазыковага тормазу», – піша лонданская газета The Guardian.

«Партыяй, якая больш за ўсё выйграла ад сацыяльных хваляванняў, выкліканых палітыкай жорсткай эканоміі, стала ультраправая АдГ: паводле дадзеных апытанняў, праведзеных па ўсёй краіне, яна зараз знаходзіцца на другім месцы па папулярнасці сярод насельніцтва. Для таго каб заручыцца падтрымкай розных сегментаў грамадства ў працэсе пераходу да зялёнай эканомікі і пачаць вырашаць структурныя эканамічныя праблемы, якія ўзніклі пасля ўварвання Расеі ва Украіну, урад адчайна мае патрэбу ў большай фінансавай гнуткасці. Калі кіраўніцтва краіны працягне трымацца састарэлай фіскальнай догмы, то яно не зможа астудзіць абвостраную атмасферу», – адзначае брытанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя