BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Забытыя ўсе клятвы

Лукашэнка даў бегламу польскаму экс-суддзі Шмідту палітычны прытулак. Пуцін пацвердзіў удар па Украіне ракетай новага тыпу. Як ацэньваць ордар на арышт Нетаньяху? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Лукашэнка даў бегламу польскаму экс-суддзі Томашу Шмідту палітычны прытулак у Беларусі. Акрамя гэтага ён прыняў у грамадзянства 257 чалавек (з іх 15 непаўналетніх). Беларускі пашпарт атрымалі “асобы, якія прыбылі з 16 дзяржаў – гэта Украіна, Расея, Малдова, Казахстан, Арменія, Узбекістан, Туркменістан, Грузія, Сірыя, Палестына», – перадае DW.

«Пасля расейскага ваеннага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года ў Беларусь рэгулярна ўцякаюць з дэмакратычных краін прыхільнікі Расеі і Лукашэнкі.

Адзін з самых вядомых перабежчыкаў – былы польскі суддзя Томаш Шмідт. У траўні ён прыбыў у Беларусь і заявіў хадайніцтва аб атрыманні палітычнага прытулку. Неўзабаве быў працаўладкаваны ў дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. У Польшчы ў адносінах да яго вядзецца расследаванне. На сёння Шмідт, які прадстаўляецца беларускімі дзяржСМІ як “дысідэнт”, актыўна ўдзельнічае ў праўладнай прапагандзе, узначальвае фонд “Польская праўда”. 10 кастрычніка стала вядома, што мазавецкі ваявода на падставе запыту Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ануляваў пашпарт Шмідта. Адзначаецца, што гэты крок “не набліжае затрыманне Шмідта, але істотна абмяжоўвае яго магчымасць падарожнічаць”. Польскія медыі мяркуюць, што калі перабежчык “не атрымае пашпарт, напрыклад, ад лукашэнкаўскіх уладаў”, то ў Беларусі “ён апынецца ў пастцы”, “зможа ездзіць толькі ў Расею, якая супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі”. Расследаванне справы аб магчымым супрацоўніцтве Шмідта з беларускімі спецслужбамі працягваецца», – падкрэслівае DW.

Расея аб’явіла аб тым, што ўдарыла па ўкраінскім горадзе Днепр новай разнавіднасцю ракеты сярэдняй далёкасці. Як заявіў у сваім тэлевізійным выступе Уладзімір Пуцін, ракета, якая атрымала назву Арэшнік, была запушчана з Астрахані і прымяненне яе з’яўляецца адказам на ўдары ракетамі заходняй вытворчасці па расейскай тэрыторыі. Як падкрэсліў Пуцін, ракета не несла ядзерных боегаловак, хаця тэхнічна гэта магчыма. На фоне паставак Украіне супрацьпяхотных мін Злучанымі Штатамі брусельская De Standaard паказвае на небяспеку эскалацыі і нагадвае аб міжнародных дагаворах аб непрымяненні падобных сродкаў.

«Гэты канфлікт развіваецца тэмпамі, у якіх перастаюць працаваць усе дадзеныя раней абяцанні, а перамагае варварства. Напрошваецца ўсё больш паралеляў з Першай сусветнай вайной: фактычна статычная лінія фронту, дзе салдаты знішчаюць адзін аднаго ў акопах. Жыццё чалавека, асабліва для расейскага боку, практычна ўжо нічога не значыць. Якім жа будзе наступны крок? Вельмі хутка, мусіць, прыйдзецца баяцца, што адзін з бакоў звернецца да нервова-паралітычнага газу ў якасці зброі. Гэта яшчэ танней”, – адзначае нямецкае выданне.

Міжнародны крымінальны суд (МКС) выдаў ордары на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, былога міністра абароны краіны Ёава Галанта і лідара ХАМАС Махамеда Дэйфа па абвінавачанні ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавецтва. Ізраіль і ЗША, якія афіцыйна не прызнаюць МКС, рэзка раскрытыкавалі гэтае рашэнне. «Еўропа наўрад ці зможа ігнараваць меркаванне Злучаных Штатаў па гэтым пытанні», – такое меркаванне ​​парыжскай Libération.

«Французскі МЗС, які любіць выказвацца загадкава, заявіў, што Францыя “заўсёды падтрымлівала” меры МКС, але выдача гэтых ордараў на арышт уяўляе сабой “складанае прававое пытанне” – і таму сітуацыя патрабуе “некаторых мер засцярогі ў юрыдычным сэнсе”. Вядома ж, разумець гэта трэба зусім наадварот: з прававога пункту гледжання ўсё зразумела, а вось патрабаваныя меры засцярогі носяць складаны палітычны характар. Паколькі ЗША яшчэ да ўступлення Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта цалкам адназначна адхілілі легітымнасць гэтых ордараў на арышт з боку МКС, цяжка сабе ўявіць, што Вялікабрытанія – ці Францыя – і сапраўды арыштуюць Нетаньяху і тым самым рызыкнуць паставіць пад пагрозу пастаўкі зброі Украіне ці блоку НАТА», – піша французскае выданне.

Цэны на прадукты харчавання ў Латвіі зараз прыкладна на чатыры працэнты вышэйшыя за сярэдні паказчык па ЕЗ. Пры гэтым узровень даходаў у краіне – адзін з самых нізкіх у Еўразвязе. Міністр эканомікі Віктарс Валайніс мае намер знізіць цэны. У планах – устанавіць верхнюю мяжу нацэнкі для рознічных гандляроў, увесці лічбавыя інструменты параўнання цэн, забараніць знішчэнне непрададзеных прадуктаў харчавання – і прыняць меры супраць цэнавага дэмпінгу. Мясцовы партал TVnet піша аб неабходнасці падтрымліваць мясцовых вытворцаў.

«Спадзяемся на тое, што гэтыя меры прынясуць адчувальную карысць спажыўцам. У той жа самы час, улічваючы цяперашнія геапалітычныя абставіны, вельмі важна, каб у краіны была моцная сельская гаспадарка і здольнасць самой забяспечваць сябе харчаваннем. Нам патрэбны мяса, гародніна, мука і малочная прадукцыя ўласнай вытворчасці. Межы, якія былі практычна цалкам зачыненыя падчас пандэміі, наглядна прадэманстравалі гэтую неабходнасць, а зараз сітуацыя вакол нас стала яшчэ больш сур’ёзнай. План урада па зніжэнні цэнаў на прадукты харчавання павінен быць падвергнуты дбайнай праверцы, з тым каб не атрымалася так, што ўсе гэтыя меры ўдараць па ўласных жа вытворцах», – папярэджвае латвійскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка