Хусіты «дапамаглі» Беларусі і Расеі з транзітам грузаў у Еўропу. Францыя збірае саюзнікаў. Пахаладанне адносін паміж Чэхіяй і Славакіяй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Выданне Financial Times паведамляе, што з-за рэгулярных атак еменскіх хусітаў на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры «рэзка ўзрос» попыт на чыгуначны транзіт грузаў у Еўропу праз Расею, Казахстан і Беларусь. Праз апошнюю за месяц стала праязджаць больш за 10 тысяч кітайскіх кантэйнераў.
Акрамя вышэй згаданых краін, таксама задзейнічаныя Азербайджан і Турцыя.
«Як адзначаюць еўрапейскія кампаніі DHL, RailGate Europe, Rail Bridge Cargo і Kuehne & Nagel, попыт на чыгуначны транзіт праз Расею і Беларусь за апошнія месяцы ўзрос на 25-40 працэнтаў. Толькі за гэты студзень з Кітая ў Польшчу прайшло амаль 15 тысяч кантэйнераў аб’ёмам да 30 тон кожны. Пры гэтым кампаніі падкрэслілі, што такая колькасць кантэйнераў у месяц усё роўна не можа параўнацца з грузапад’ёмнасцю сучасных кантэйнеравозаў, кожны з якіх можа перавозіць па 24 тысячы такіх кантэйнераў за раз. Таксама аператары дадалі, што выконваюць санкцыйнае заканадаўства Еўразвязу ў дачыненні да беларускай і расейскай прадукцыі. Некалькі з іх заявілі, што практычна не карыстаюцца маршрутам праз Расею і Беларусь пасля пачатку вайны ва Украіне. Аднак сам транзіт забараніць нельга, бо кантэйнеры з грузам ідуць не з Беларусі і Расеі, а з трэціх краін. Таму транзітныя краіны маюць магчымасць збіраць пошліны за транспарціроўку тавараў па сваёй тэрыторыі і за карыстанне сваімі чыгуначнымі шляхамі», — рэзюмуе Financial Times.
Польскі прэм’ер Дональд Туск называе нашую эпоху «перадваеннай», а міністр замежных спраў Францыі Стэфан Сежурне падлівае масла ў агонь: «Не Расея будзе ўказваць нам, як мы павінны дапамагаць украінцам у бліжэйшыя месяцы ці гады. Не яна павінна ўсталёўваць чырвоныя лініі». «Францыя гатова ўзначаліць кааліцыю краін, у якіх больш няма «чырвоных ліній», – піша еўрапейскае выданне Politico.
«Францыя выбудоўвае альянс краін, адкрытых для патэнцыйнай адпраўкі заходніх войскаў ва Украіну — і ў працэсе паглыблення свайго сутыкнення з больш асцярожным Берлінам. Міністр замежных спраў Францыі Стэфан Сежурне быў у Літве ў пятніцу, дзе сустрэўся са сваімі балтыйскімі і ўкраінскімі калегамі, каб падтрымаць ідэю, што замежныя войскі могуць у канчатковым выніку дапамагчы Украіне ў такіх галінах, як размініраванне. Сустрэча адбываецца ў той момант, калі Украіна пакутуе ад дэфіцыту артылерыйскіх боепрыпасаў, з-за чаго цяжка спыніць лютасць расейскіх нападаў. Балтыйскія міністры пахвалілі Францыю за «нестандартнае мысленне». Нягледзячы на тое, што Германія з’яўляецца найбуйнейшым еўрапейскім донарам ваеннай дапамогі Украіне, яна трапіла пад жорсткі ціск з-за свайго нежадання адправіць Кіеву крылатыя ракеты далёкага радыусу дзеяння Taurus з-за страху справакаваць Маскву», – піша еўрапейскае выданне.
Прэм’ер-міністр Чэхіі Пётр Фіяла прыпыніў міжурадавыя кансультацыі паміж Прагай і Браціславай. Прычынай стаў прарасейскі курс яго славацкага калегі Роберта Фіцо. Гэтае рашэнне азначае сабой сур’ёзны пралом і крызіс у адносінах паміж дзвюма суседнімі краінамі, якія калісьці на працягу 75 гадоў знаходзіліся ў складзе адзінай дзяржавы. Чэшскі партал Echo24 лаканічна адзначае:
«Часам меркаванні занадта ўжо далёкія адно ад аднаго. Магчыма, сёння надышоў менавіта такі момант у гісторыі чэшска-славацкіх адносін. У той час як Фіцо адкрыта гаворыць аб тым, што ЕЗ нібыта падтрымлівае ўзаемнае знішчэнне славян, чэшскі ўрад арганізуе закупку 800 тысяч адзінак артылерыйскіх боепрыпасаў для Кіева. Ведаеце, гэта і сапраўды дыяметральна супрацьлеглыя адпраўныя кропкі! Няхай Фіцо і далей праводзіць такую знешнюю палітыку, якую пажадае. Для чэхаў гэта – магчымасць захоўваць калі не цёплыя, то хаця б нармальныя адносіны з Браціславай – такія ж, як і з іншымі нашымі суседзямі».
Румынская тэнісістка Сымона Халеп, былая першая ракетка свету і пераможца Уімблдонскага турніру, на працягу паўтара года была адхіленая ад спаборніцтваў з прычыны допінгавага скандалу. Аднак на днях Спартыўны арбітражны суд (CAS) скараціў дыскваліфікацыю з чатырох гадоў да дзевяці месяцаў, гэта значыць фактычна адмяніў яе. У 2022 годзе на Адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе Халеп была выключаная з заяўкі па абвінавачванні ў парушэнні антыдопінгавых правілаў: у яе пробе былі выяўленыя сляды забароненага рэчыва роксадустата. Цяпер жа было заяўлена, што рэчыва патрапіла ў яе арганізм у выніку ўжывання «забруджанай харчовай дабаўкі».
Румынскае выданне striblea.ro адзначае літаральна наступнае.
«Дзве інстытуцыі, якім даручаны допінг-кантроль [ITIA – Міжнароднае агенцтва па забеспячэнні сумленнасці ў тэнісе – і Сусветнае антыдопінгавае агенцтва ВАДА], дзейнічалі непрафесійна і разбурылі кар’еру спартоўкі. Яны скралі некалькі месяцаў яе жыцця і абсурдным чынам змянілі гісторыю тэніса. Галоўнай праблемай аказаўся час, які спатрэбіўся следчым для збору доказаў. Таму Вада і ITIA павінны змяніць свае працэдуры, з тым каб больш не прычыняць шкоды іншым. Сымона ўпарта даказвала сваю невінаватасць. Яна паставіла ўсё на адну карту – і не пагадзілася на здзелку, якая ўзамен забяспечыла б ёй больш кароткі тэрмін дыскваліфікацыі. Яна рушыла ўслед поклічу свайго сэрца – і перамагла», – піша румынскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота: © ok.ya1.ru