BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Замяняльных няма?

Фота: wikimedia.org

Лукашэнка забяспечыў сабе імунітэт ад крымінальнага пераследу і абмяжаваў магчымых канкурэнтаў. Ліквідаваны адзін з лідараў ХАМАС. Выбары ў ЗША: без Трампа аніяк? Ці ўступаць Чэхія ў еўразону? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Лукашэнка падпісаў у чацвер новы закон, які дае яму пажыццёвы імунітэт ад крымінальнага пераследу і не дазваляе лідарам апазіцыі, якія жывуць за мяжой, балатавацца на будучых прэзідэнцкіх выбарах», – адзначае амерыканскае выданне Abcnews.

„Закон тэарэтычна распаўсюджваецца на любога былога прэзідэнта і членаў яго сям’і. Насамрэч гэта актуальна толькі для 69-гадовага Лукашэнкі, які амаль 30 гадоў жалезнай рукой кіруе Беларуссю. Новая мера, здаецца, накіраваная на далейшае ўмацаванне ўлады Лукашэнкі і ліквідацыю патэнцыйных канкурэнтаў на наступных прэзідэнцкіх выбарах у краіне, якія павінны адбыцца ў 2025 годзе. Закон значна ўзмацняе патрабаванні да кандыдатаў у прэзідэнты і робіць немагчымым абранне лідараў апазіцыі, якія ў апошнія гады збеглі ў суседнія краіны. Балатавацца могуць толькі грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у краіне не менш за 20 гадоў і ніколі не мелі віду на жыхарства ў іншай краіне. Беларусь скалыналі масавыя пратэсты падчас супярэчлівага пераабрання Лукашэнкі на шосты тэрмін у жніўні 2020 года, якое апазіцыя і Захад асудзілі як фальсіфікацыю. Тады беларускія ўлады затрымалі больш за 35 тысяч чалавек, многія з якіх падвергліся катаванням у зняволенні або пакінулі краіну», – адзначае амерыканскае выданне.

У аўторак у выніку атакі беспілотніка у прадмесці Бейрута быў забіты адзін з лідэраў ХАМАС Салех аль-Аруры. Ліванская Хезбала абвінаваціла Ізраіль. Яе маршалак Хасан Насрала заявіў, што ўдар не застанецца без адказу. З боку Ізраіля ніякіх пацверджанняў датычнасці да здарэння не было. Ці можа зараз успыхнуць увесь рэгіён? «Усё будзе залежаць ад Ірана», – да такой высновы прыходзіць французскі партал радыёкампаніі France.

«Ліквідуючы аднаго з лідараў ХАМАС за мяжой, Ізраіль свядома пайшоў на рызыку. Гэтая рызыка складаецца ў тым, што Хезбала можа вырашыцца на вялікую вайну з Ізраілем – і тым самым у яе апынецца ўцягнутым увесь і без таго ўжо абяскроўлены Ліван. Ці існуе такая небяспека? Усё залежыць ад Ірана. Хезбала не пойдзе на такую маштабную эскалацыю, не атрымаўшы зялёнае святло ад Тэгерана, які забяспечвае яе зброяй і фінансамі. Блізкі Усход у чарговы раз перажывае вырашальны момант. Ён апынуўся на ростанях – не паміж вайной і мірам, але паміж вайной у сектары Газа і вайной, якая ахапіла б увесь рэгіён», – адзначае французскае выданне.

У багаты на выбары 2024 год такія адбудуцца і ў ЗША – у лістападзе Амерыка будзе абіраць прэзідэнта. Асаблівую цікавасць выклікае пытанне аб тым, хто ж будзе балатавацца ад рэспубліканцаў. Судзячы па дадзеных апытанняў сярод чальцоў партыі напярэдадні праймерыз, прызначаных на 15 студзеня, лідэрам гонкі з’яўляецца экс-прэзідэнт Дональд Трамп. Аднак у сілу мноства судовых разбораў, якія вядуцца супраць яго, рашэнне аб вылучэнні яго кандыдатуры пакуль што не прынята. Дзюсельдорфская газета Handelsblatt з трывогай паказвае на тое, што ў ЗША судовая ўлада пачынае ўсё больш уплываць на палітыку.

«Вядома, самая магутная нацыя свету можа толькі радавацца таму, што мае ў сваім распараджэнні такую ​​моцную юстыцыю. Аднак сама ўжо колькасць спраў, якія трэба будзе разгледзець, пераважае цяжкім грузам – усе гэтыя разборы так ці інакш зададуць тон усёй выбарчай кампаніі, і яшчэ больш размыюць межы паміж правасуддзем і сферай палітыкі. Высокая каштоўнасць, якой з’яўляецца падзел уладаў, магчыма, яшчэ застаецца на паперы, аднак у вачах грамадства яна становіцца ўсё менш відавочнай. Цяперашняя ‘юрыдычная’ выбарчая кампанія за пасаду прэзідэнта ці ледзь дапаможа пераадолець раскол у амерыканскім грамадстве і стомленасць ад палітыкі, якая ахапіла шматлікіх грамадзян краіны», – піша нямецкае выданне.

У сваім навагоднім звароце прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел заклікаў зрабіць канкрэтныя крокі па ўвядзенні ў краіне еўра. Калі Чэшская Рэспубліка ўступала ў Еўрасаюз у 2004 годзе, Прага выказала намер з часам далучыцца да еўразоны, аднак, як паказваюць вынікі нядаўняга апытання грамадскай думкі, 63 працэнты чэхаў абвяргае ідэю ўвядзення адзінай валюты. Плюсы і мінусы такога кроку абмяркоўвае чэшская прэса. На думку чэшскага партала Seznam Zprávy, няма такіх эканамічных прычын, якія б сведчылі супраць увядзення еўра.

«Пасля ўвядзення адзінай валюты сем’ям не давядзецца мяняць грошы і плаціць камісію кожны раз, калі яны выязджаюць за мяжу. У малых і сярэдніх прадпрыемстваў з’явіцца лягчэйшы доступ да крэдытаў у еўра, якія ўжо даўно прапануюцца па значна ніжэйшых адсоткавых стаўках, чым крэдыты ў чэшскіх кронах. Пасулы аб цудоўным умацаванні кроны аказаліся ілюзіяй, паколькі курс валют вагаецца паміж 24 і 28 кронамі за еўра ўжо на працягу 15 гадоў. Вядома, уступленне ў еўразону – не адзіны варыянт далейшага развіцця Чэхіі. Але на дадзены момант іншых альтэрнатыў для чэхаў не існуе ў прыродзе», – канстатуе чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.