Польшча ўводзіць 90-дзённую забарону на знаходжанне паблізу мяжы з Беларуссю. З пачатку вайны загінулі або атрымалі раненні амаль паўмільёна расейцаў. Нідэрланды: прэм’ерам стаў беспартыйны чыноўнік. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
«Польшча з 4 чэрвеня ўводзіць 90-дзённую забарону на знаходжанне паблізу мяжы з Беларуссю», — перадае радыё RMF24.
«Забарона на знаходжанне ў прыгранічнай зоне закране 27 участкаў у Падляскім ваяводстве – 26 месцаў у Гайнаўскім павеце і адно ў Беластоцкім павеце. Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас сустрэчы з памежнікамі і вайскоўцамі на польска-беларускай мяжы ў Падляскім ваяводстве заявіў, што Польшча мае намер стварыць 200-метровую буферную зону на мяжы з Беларуссю. Паводле яго слоў, рашэнне можа быць прынятае ў пачатку чэрвеня. Адпаведна ўздоўж польскай мяжы, якая таксама з’яўляецца ўсходняй мяжой Еўразвязу, мяркуецца стварыць буферную зону, шырынёй каля 660 футаў у дадатак да металічнага бар’ера даўжынёй 118 міль, які ўжо ўстаноўлены, каб прадухіліць наплыў мігрантаў з Беларусі».
„Паводле звестак брытанскага ўрада, з пачатку вайны ў Расеі загінулі або атрымалі раненні больш за 465 тысяч чалавек. Толькі ў мінулым месяцы было сказана, што кожны дзень было 1000 страт людзьмі. 40 працэнтаў расейскіх дзяржаўных выдаткаў ідзе на вайну», – перадае нямецкая газета Die Welt.
«Колькасць забітых і параненых расейскіх вайскоўцаў за дзень ніколі не была вышэйшай, чым у мінулым месяцы, паводле ацэнак, больш за 1000 ахвяр штодня. На думку брытанцаў, захопніцкая вайна абыходзіцца Маскве і ў фінансавым плане. Адпаведна, выдаткі на абарону цяпер складаюць 40% дзяржаўных выдаткаў Расеі. Гэта адпавядае шасці працэнтам валавога ўнутранага прадукту краіны. «Аб’ектыўна кажучы, лічбы сведчаць аб жудасных стратах для такой краіны, як Расея – у жыцці расейцаў, матэрыяльных і аўтарытэце», – піша нямецкае выданне.
Праз шэсць месяцаў пасля парламенцкіх выбараў у Нідэрландах правы папуліст Герт Вілдэрс (Партыя свабоды) і яго партнёры па кіруючай кааліцыі – Народная партыя за свабоду і дэмакратыю, партыя Новы сацыяльны кантракт і Фермерска-грамадзянскі рух – узгаднілі і прадставілі грамадскасці кандыдатуру прэм’ер-міністра, якім стане беспартыйны Дзік Схоф, які да сёння займае пасаду генеральнага сакратара міністэрства юстыцыі. Раней Схоф узначальваў, сярод іншага, спецслужбы, а таксама ведамства па справах міграцыі. «Паставіць на такую высокую палітычную пасаду пачаткоўца – гэта вельмі смела, але ўсё ж рызыкоўна», – лічыць амстэрдамская De Volkskrant.
«Захоўваць цэласнасць урада, які раздзіраецца палітычнымі супярэчнасцямі, вытрымліваць маштабныя парламенцкія дэбаты, заключаць міжнародныя саюзы – такое не ўсякаму пад сілу. Невядома, ці здольны на гэта Схоф – пачатковец наогул без якога-небудзь палітычнага досведу. Як бы там ні было, прызначэнне Схофа – гэта вельмі смелы крок. Крок, які інтрыгуе і, магчыма, прывядзе да ўзнікнення новай культуры кіраўніцтва ў Гаазе, але да пары да часу ён усё ж застаецца смелай спробай», – піша нідэрландскае выданне.
Брытанскія кансерватары – у выпадку сваёй перамогі на выбарах у ліпені – маюць намер увесці абавязковую воінскую павіннасць. Згодна з ініцыятывай, грамадзяне, якія дасягнулі 18-годдзя, павінны будуць вырашыць, хочуць яны праходзіць дванаццаць месяцаў ваеннай службы – ці зробяць выбар на карысць грамадскіх работ па выхадных. Такая мера павінна садзейнічаць развіццю духу агульнасці ў асяроддзі моладзі, – растлумачыў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак. «Ідэя Сунака мела б фатальныя наступствы для Паўночнай Ірландыі», – лічыць дублінская Irish Independent.
«У Дэры, дзе падзеі ‘Крывавай нядзелі’ ўсё яшчэ жывыя ў памяці людзей, сама думка аб тым, што маладога чалавека могуць прымусіць уступіць у брытанскае войска, з’яўляецца цалкам непрадстаўнай. Сапраўды гэтак жа, як і брэксіт – калі надавалася мала – ці ж наогул не надавалася ніякай увагі таму, што адбудзецца з ірландскай мяжой, калі гандлёвыя дамовы зменяцца, – гэта яшчэ адзін прыклад таго, як мала брытанскі ўрад думае аб Паўночнай Ірландыі. Навязванне падобнай палітыкі расколу і ў без таго канфліктным грамадстве, якое спрабуе выхаваць новае пакаленне, якое пакідае ззаду сваё цяжкае мінулае, нанесла б шкоду далікатнаму міру ў Паўночнай Ірландыі», – наракае ірландскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка