BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: З’яднаўшы шэрагі

Святлана Ціханоўская заклікала Захад падтрымаць Беларусь. ЕЗ: дзе знайсці сродкі на павышэнне абараназдольнасці? Амерыканскія пошліны як гандлёвая вайна. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Асноўная праграма Касцюшкаўскага форуму ў Гданьску пачалася з цырымоніі ўскладання кветак ля манумента ахвяр камуністычнага рэжыму на месцы расстрэлу рабочых Гданьскай суднаверфі. «Беларуская дэлегацыя на чале з кіраўніцай Кабінета Святланай Ціханоўскай удзельнічала ў цырымоніі разам з прадстаўнікамі Польшчы, Літвы, Швецыі, Украіны і еўрапейскай дыпламатыі», – адсочвала сітуацыю і Polskie Radio.

«Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі адзначыў, што савецкая міфалогія скрала сапраўдную гісторыю беларускага і ўкраінскага народаў. Ён падкрэсліў, што расейская дзяржаўнасць здаецца некаторым заходнім палітыкам больш відавочнай, чым неабходнасць захавання ідэнтычнасці і дзяржаўнасці Беларусі. Міністр Сікорскі нагадаў, што на працягу 500 гадоў пісьмовай мовай ВКЛ была беларуская мова. Святлана Ціханоўская адкрыла асноўную частку палітычнай дыскусіі на Касцюшкаўскім форуме ў Гданьску, падзякаваўшы спадару Сікорскаму за падтрымку Беларусі. Яна азначыла важнасць форуму ў Гданьску, дзе пачалася «Салідарнасць», і заўважыла, што змаганне за свабоду можа быць доўгім, але пры адзінстве і падтрымцы саюзнікаў яно прыводзіць да перамогі. У прамове кіраўніца Кабінета ўшанавала памяць беларускіх і ўкраінскіх герояў, якія змагаюцца за свабоду, у тым ліку Марыю Зайцаву, якая пасля пратэстаў у Беларусі далучылася да абароны Украіны і загінула. Дэмакратычная лідарка заклікала міжнародную супольнасць падтрымаць беларускіх палітвязняў і журналістаў, якія працягваюць сваю працу, нягледзячы на рэпрэсіі. Асобна яна адзначыла ролю Літвы ў ініцыятыве супраць рэжыму ў Міжнародным крымінальным судзе. Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь не разменная манета і не прыз для Пуціна, і адзначыла, што падтрымка беларусаў – гэта інвестыцыя ў бяспеку і дэмакратыю рэгіёна. «Я веру, што Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай еўрапейскай краінай», – цытуе Ціханоўскую Polskie Radio.

На пазачарговым саміце ЕЗ, які адбыўся ў Бруселі, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў супольнасці абмяркоўвалі магчымасці павышэння расходаў на абарону. Па пытанні пра выпуск сумесных даўгавых абавязацельстваў адзінства дасягнуць не ўдалося, але старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляйен прапанавала крыху змякчыць правілы, якія тычацца дзяржаўнай запазычанасці. Прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт фінансавага пытання, а таксама асвятляе сітуацыю ў больш шырокім геапалітычным кантэксце. «І пры новым сусветным парадку Еўразвязу трэба будзе прытрымлівацца прынцыпу супрацоўніцтва», – адзначае Frankfurter Rundschau.

«Спачатку паміж сабой, а пасля і з усімі, хто гатовы захоўваць сусветны парадак, заснаваны на правілах. А перад тварам астатніх трэба выступаць упэўнена і рашуча. Гэта тычыцца Расеі, Кітая і трампаўскіх Злучаных Штатаў – пры ўсіх адрозненнях паміж імі, прынамсі па тых пытаннях, дзе Вашынгтон адмаўляецца ад ранейшай трансатлантычнай агульнасці. Еўразвяз зможа застацца магутнай гандлёвай сілай толькі ў тым выпадку, калі будзе адстойваць свае інтарэсы сумесна з партнёрамі – і ў той жа самы час даваць выразны адпор апанентам. Гэтыя магчымасці ў Еўропы ёсць. Насельніцтва і палітычныя лідпры павінны толькі праявіць волю”, – піша нямецкае выданне.

У мінулыя выхадныя Дональд Трамп аб’явіў пра увядзенне мытных пошлін на імпарт з Мексікі і Канады, аднак ужо ў панядзелак, пасля кансультацый з кіраўнікамі абедзвюх краін, гэта мера была адкладзена на 30 дзён. Пошліны ў дачыненні да кітайскай прадукцыі набылі моц, на што Пекін ужо адказаў контрмерамі. Трамп таксама прыгразіў, што “даволі хутка” ўвядзе пошліны і ў дачыненні да Еўразвязу. «Еўрапейцы павінны знайсці сабе саюзнікаў на выпадак гандлёвай вайны»,– заклікае парыжскі эканамічны веснік Les Echos.

«Перад тварам такой пагрозы Еўропа павінна адрэагаваць аператыўна і выразна – і найперш унесці свой уклад у тое, каб сумесна з Канадай, Мексікай і нават Кітаем сфармаваць лагер абаронцаў свабоднага гандлю. Вось дабра, якая абвяргае дыктат пратэкцыянізму. Гандлёвыя войны спараджаюць толькі тых, хто прайграў, але адразу ж пасаваць перад Трампам, які таго і глядзі вылучыць наступныя ірацыянальныя патрабаванні, – не варыянт. Калі мы жадаем пазбегнуць вайны коштам дрэннай угоды, то мы атрымаем і дрэнную ўгоду, і вайну. Дык давайце ж аб’яднаем нашы намаганні і заявім, што добрая вайна ў дадзеным выпадку лепш худога міру», – адзначае французскае выданне.

Краіны Балтыі адключаюцца ад расейскай энергасеткі. Гэты складаны тэхнічны крок рыхтаваўся на працягу доўгага часу: у гэтыя выходныя Эстонія, Латвія і Літва маюць намер адключыць свае энергасістэмы ад постсавецкай сістэмы энергазабеспячэння БРЭЛЛ. Само адключэнне запланавана на суботу, а ў нядзелю, пасля шэрагу тэставых запускаў, будзе праведзена сінхранізацыя электрасетак гэтых краін з астатняй Еўропай. А Расея і Беларусь застануцца сам-насам з лішкамі электраэнергіі. На сваіх старонках віленскі штомесячнік IQ піша наступнае.

«Для Літвы і іншых краін Балтыі адлучэнне ад савецкага электрычнага кольца БРЭЛ – гэта сапраўды гістарычны момант. Курсіруюць чуткі, якія часта распускаюцца варожымі сіламі, што гэты крок прывядзе да значных перабояў у электразабеспячэнні, а то і справакуе імклівы рост коштаў. Аднак для большасці спажыўцоў практычна нічога не зменіцца. На працягу многіх гадоў кольца БРЭЛ было своеасаблівай пупавінай, якую Расея выкарыстоўвала ў мэтах энергетычнага шантажу – па аналогіі з пастаўкамі нафты і газу. У той час як залежнасць ад апошніх была паспяхова пераадолена, электразабеспячэнне заставалася апошнім ланцугом, які перашкаджаў Літве ўзяць пад поўны кантроль уласную сістэму энергазабеспячэння», – адзначае віленскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка