Дванаццаты пакет санкцый ЕЗ супраць Расеі і Беларусі. У Сербіі партыя Вучыча перамагла, але апазіцыя пратэстуе. Што ЕЗ рабіць з Орбанам? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Яшчэ 61 асоба і 86 арганізацый з Беларусі і Расеі, адказных за дзеянні, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, былі дададзеныя ў дванаццаты пакет санкцый, прыняты Саветам ЕЗ 18 снежня», – піша еўрапейскае выданне Euneighbourseast.
„Новыя спісы арыентаваны ў першую чаргу на ваенны і абаронны сектары. Рада пералічыла больш за 40 кампаній, якія ўдзельнічаюць у расейскім ваенна-прамысловым комплексе, 7 расейскіх прыватных ваенных кампаній, якія ўдзельнічалі ў вайсковай падтрымцы вайны Расеі супраць Украіны, а таксама 12 беларускіх асоб, якія маюць дачыненне да вайны. Сярод пералічаных асоб і арганізацый таксама 14 членаў Цэнтрвыбаркама РФ і два члены абласных камітэтаў, якія адказныя за арганізацыю незаконных рэферэндумаў у 2022 годзе і незаконных так званых выбараў у верасні 2023 года ў тэрыторыі Украіны, якія часова акупавала Расея. Таксама ў пакет увайшлі адказныя за ваеннае перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей, у тым ліку рух «Валанцёры Перамогі», цэнтр «Авангард» і цэнтр «Патрыёт Крыму». Рада таксама пашырыла крытэрыі ўключэння ў спіс асобных і юрыдычных асоб, адказных за прымусовае паглынанне кампаній ЕЗ, створаных у Расеі, і тых, хто атрымлівае ад гэтага выгаду. У цэлым абмежавальныя меры ЕЗ у дачыненні да дзеянняў, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, цяпер распаўсюджваюцца амаль на 1950 асоб і арганізацый. Актывы кампаній падлягаюць замарожванню, а грамадзянам і кампаніям ЕЗ забаронена прадастаўляць ім сродкі. Фізічныя асобы таксама падпадаюць пад забарону на ўезд, якая не дазваляе ім уязджаць або праязджаць праз тэрыторыю ЕЗ», – нагадвае еўрапейскае выданне.
Нацыяналістычная Сербская прагрэсіўная партыя прэзідэнта Аляксандра Вучыча з вялікім адрывам перамагла на датэрміновых выбарах у парламент Сербіі. Паводле амаль завершаных падлікаў, партыя набрала 47 працэнтаў галасоў. Назіральнікі, а таксама ліберальны альянс «Сербія супраць гвалту», які атрымаў 23 працэнты галасоў і тым самым заняў другое месца, абвінавачваюць кіруючы лагер у маштабных фальсіфікацыях. «Сербія супраць гвалту» заклікае людзей выходзіць на пратэсты. «Сербія хіба ўсё больш аддаляецца ад ЕЗ», – са шкадаваннем адзначае венская газета Kleine Zeitung.
«З дэмакратычнымі, справядлівымі і свабоднымі выбарамі апошняе галасаванне ў Сербіі,і перш за ўсё ў Бялградзе, у чарговы раз не мела практычна нічога агульнага. Здзівіў не гэтулькі сам факт фальсіфікацый як такі, колькі тое нахабства, з якім ён здзейсняўся – з нябачанай дагэтуль адкрытасцю. А адказныя чыны яшчэ і апраўдвалі ўсё гэта. І сапраўды, Сербія ўсё больш аддаляецца ад захавання прынцыпаў дэмакратыі і вяршэнства права. На сваім доўгім шляху ў Еўразвяз гэты кандыдат усё менш і менш адпавядае стандартам супольнасці», – канстатуе аўстрыйскае выданне.
На старонках еўрапейскай прэсы не спыняецца аналіз пра сітуацыю вакол ЕЗ і Венгрыі. Падчас прыняцця важнага рашэння аб перамовах аб уступленні Украіны і Малдовы ў шэрагі супольнасці прэм’ер-міністр Віктар Орбан пакінуў залю, і гэта было наўмыснай мерай, каб хоць неяк збочыць загадзя відавочны адмоўны вынік галасавання. Пакуль адны аглядальнікі заклікаюць да ўзмацнення жорсткасці мер супраць Орбана, іншыя лічаць неабходным як мага хутчэй правесці рэформы ЕЗ. «Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін супольнасці павінны ў поўнай ступені скарыстацца фінансавымі інструментамі ціску», – такую параду дае лонданская газета Financial Times.
«З 2021 года выдзяленне сродкаў для Венгрыі з агульнага катла ЕЗ было заблакавана – у сілу парушэння Будапештам прынцыпу вяршэнства права. На мінулым тыдні прэм’ер-міністр Венгрыі паспрабаваў выкарыстоўваць сваю пазіцыю па Украіне як сродак ціску з мэтай вызваліць замарожаныя фінансавыя рэсурсы. Ён таксама ведае, што кавалак для Венгрыі і іншых усходнееўрапейскіх краін у фінансавым пірагу ЕЗ стане меншым, калі ў супольнасць прымуць Кіеў. Орбан прадэманстраваў, што ён можа сапсаваць гульню. Таму ЕЗ павінен выкарыстоўваць наяўныя ў яго распараджэнні рэсурсы з падвоенай сілай для таго, каб спыніць недапушчальныя паводзіны з яго боку», – заклікае брытанскае выданне.
З пачатку мінулага тыдня ў цэнтры Сафіі адбываецца дэмантаж савецкага помніка – найбуйнага такога роду манумента ў Балгарыі. Афіцыйная прычына – кансервацыя расколін. Помнік з фігурамі савецкіх салдат выклікаў спрэчкі на працягу дзесяцігоддзяў. Цяпер яго плануецца перамясціць у музей. Расея назвала дэмантаж варварствам. Балгарская прэса мае іншыя меркаванні. «Гэты помнік сімвалізаваў эпоху ў гісторыі нашай краіны, якой нам ужо сапраўды не даводзіцца ганарыцца», – піша балгарскі партал news.bg.
«Гэта былі часы, калі наша дзяржаўнасць была зведзена толькі да таго, каб быць прыдаткам усярэдзіне савецкай сферы ўплыву. Гэта былі часы, калі мы і не чулі аб правах чалавека і асабістай свабодзе, калі свабодная ініцыятыва ўяўлялася як перажытак буржуазнага мінулага, а эканоміка дэфіцыту была для ўсіх нормай і штодзённай з’явай – акрамя, вядома, прывілеяваных партыйных функцыянераў. Камунізм знік у нашай краіне не раптоўна і ўжо сапраўды не добраахвотна, але сённяшняя Балгарыя – гэта ўжо іншая краіна», – адзначае балгарскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Ліга






