У Вільні апаганена сувенірная крама экс-палітвязня Фурманава. Расейскія войскі пачалі прымяняць дроны з фанеры і пенапласту. Харыс вызначылася з кандыдатамі на месца віцэ-прэзідэнта. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«На фасадзе будынка крамы сувеніраў “Кропка” ў ноч на 28 ліпеня невядомыя пакінулі надпіс на літоўскай мове “вяртайцеся дадому, беларускія свінні”. Таксама ў краме разбітае акно. Крама належыць сямейнай пары з Баларусі Дзмітрыю Фурманаву і яго жонцы Вользе. Мужчына з’яўляецца былым палітвязнем», – паведамляе мясцовае выданне “Новая газета. Балтия”.
«У “Кропцы” прадаюцца сувеніры, вырабленыя ў тым ліку майстрамі, якія вымушана пакінулі Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу. Творчую прастору і краму “Кропка” ў Вільні пара адкрыла ў траўні 2024 года.
Фурманаў быў затрыманы 29 траўня 2020 года ў Гародні падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. У той жа дзень быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі. 21 кастрычніка 2021 года палітвязень выйшаў на волю з калоніі № 3 (пасёлак Віцьба, Віцебскі раён). Неўзабаве з’ехаў з Беларусі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Фурманава вязнем сумлення. Паводле звестак Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы, на 1 ліпеня ў гэтай краіне пражывала 62.535 грамадзян Беларусі. На 1 студзеня іх было 62.167. Самая шматлікая нацыянальная група замежнікаў у Літве — украінцы, іх налічвалася 76.145. Міграцыйная служба адзначала, што з іх амаль 44.000 — «уцекачы, якія ратуюцца ад расейскай агрэсіі і на якіх распаўсюджваецца дзеянне ўведзенага ЕЗ механізму часовай абароны”. Трэцяя па велічыні дыяспара ў Літве — расейцы, чацвёртая — узбекі, пятая — таджыкі. На пачатак другога паўгоддзя ў літоўскай дзяржаве пражывала 221.285 замежнікаў, за паўгода іх колькасць зменшылася на 0,3%», – падкрэслівае літоўскае выданне.
Інстытут вывучэння вайны ISW звяртае ўвагу, што ў апошнія два-тры тыдні расейскія сілы пачалі прымяняць супраць Украіны танныя беспілотнікі, вырабленыя з пенапласту і фанеры. Два з гэтых танных расейскіх дронаў былі абсталяваныя камерамі і сім-картамі, якія перадавалі дадзеныя расейскім сілам. Такім чынам расейскія войскі спрабуюць з дапамогай гэтых новых беспілотнікаў выявіць украінскія мабільныя агнявыя групы і сістэмы супрацьпаветранай абароны. Адзначаецца, што на фронце працягваюцца пазіцыйныя баі з лакальнымі поспехамі абодвух бакоў. Расейскія сілы спрабуюць развіць наступленне ў Данецкай вобласці.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс вызначылася з асноўнымі кандыдатамі на пасаду віцэ-прэзідэнта ў сваёй перадвыбарнай кампаніі. Пра тое, хто можа стаць правай рукой кандыдата ад дэмакратаў, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з працэсам адбору.
«Сярод галоўных прэтэндэнтаў на пасаду віцэ-прэзідэнта — сенатар ад Арызоны Марк Кэлі, губернатар Пенсільваніі Джош Шапіра і губернатар Мінесоты Цім Уолз. Усе яны – вопытныя палітыкі-цэнтрысты, здольныя прыцягнуць выбаршчыкаў у ключавых штатах. Марк Кэлі, былы астранаўт, уяўляе важны аспект для дэмакратаў штат Арызона. Ён вядомы сваёй жорсткай пазіцыяй па пытаннях іміграцыі. Джош Шапіра – папулярны губернатар Пенсільваніі, аднаго з самых важных «вагальных штатаў». Цім Уолз, былы настаўнік і вайсковец, можа дапамагчы ўмацаваць пазіцыі дэмакратаў на Сярэднім Захадзе. Кандыдат у віцэ-прэзідэнты павінен дапамагаць у правядзенні прэзідэнцкай кампаніі, зборы сродкаў і дапаўняць моцныя бакі кандыдата ў прэзідэнты. Харыс трэба прыняць рашэнне да 7 жніўня, каб паспець да з’езду Дэмакратычнай партыі. Прэзідэнцкія выбары ў ЗША павінны адбыцца сёлета 5 лістапада. Дэмакраты спадзяюцца, што новы віцэ-прэзідэнт на чале з Харыс зможа паспяхова супрацьстаяць камандзе Трампа», – нагадвае амерыканскае выданне.
У ЗША арыштаваны кіраўнік аднаго з найбуйнейшых наркакартэляў свету. Улады ўзялі пад варту лідара групоўкі «Сіналоа» Ісмаэля Самбаду, якому 76 гадоў. Ён заснаваў картэль у канцы васьмідзясятых разам са знакамітым наркабаронам Эль Чапа, якога лічылі больш уплывовым і багатым, чым Пабла Эскабар. Цяпер на долю арганізацыі прыпадае больш за палову наркатрафіку ў Злучаных Штатах. Таксама затрыманы сын Эль Чапа, 30-гадовы Хаакін Гусман Лопес, менавіта ён дапамог агентам ФБР. «Яго падвяла прага славы: Эль Чапа сустрэўся з Шонам Пэнам, які здымаў пра яго дакументальны фільм. Гэта дапамагло ФБР высачыць злачынцу. А вось Самбада», – як піша The Washington Post, – «вёў зусім іншы лад жыцця».
«Яго лічылі самым асцярожным чалавекам у картэлі: ні адна са шматлікіх спроб злавіць Эль Маё не прывяла да поспеху. І тое, што ён калі-небудзь пакіне Мексіку, ужо здавалася немагчымым. Так было да 25 ліпеня. У гэты дзень сын Эль Чапа, Хаакін Гусман Лопес, запрасіў Самбаду агледзець нерухомасць, якая належыць картэлі. Але прыватны самалёт, у які яны селі, адправіўся ў Эль-Паса, штат Тэхас. Там яго сустрэлі агенты ФБР. Здаўшы Самбаду, Гусман спрабаваў дапамагчы свайму брату, які ўзначаліў групоўку пасля арышту бацькі, а ў 2023 годзе таксама патрапіў у рукі амерыканскіх уладаў. Што ж будзе з картэлем “Сіналоа” цяпер, калісьці ў інтэрв’ю каментаваў сам Эль Чапа. Ён казаў, што ягоны арышт будзе ўрокам для ўсіх. Але праз некалькі дзён людзі зразумеюць, што нічога не змянілася: няхай лідараў картэля зловяць ці заб’юць, іх замена ўжо гатова», – піша амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота: Adam Schultz / White House






