Мода на айцішнікаў прайшла? Як у РБ мяняюць падыход да набору ў ВНУ. Лекары з Курска распавялі аб параненых салдатах з КНДР. Уцечка дадзеных у VW: страчана інфармацыя аб перамяшчэннях 800 тысяч электрамабіляў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што беларускія ВНУ рыхтуюць занадта шмат айцішнікаў. Тым часам у прамысловасці і сельскай гаспадарцы адваротная сітуацыя: універсітэты выпускаюць у два разы менш спецыялістаў, чым трэба. Праз два гады, мяркуюць улады РБ, на прадпрыемствах будзе не хапаць 5 тысяч інжынераў», – перадае DW.
“Яшчэ нядаўна Беларусь ганарылася тым, што выпускае кадры для перспектыўнай IT-галіны, а сёння мы чуем, што гэта не адпавядае інтарэсам дзяржавы. Пры гэтым конкурс на IT-спецыяльнасці застаецца высокім. Кіраўніцтва таго ж БГУІР ўсё часцей агучвае прэтэнзіі, што ВНУ рыхтуе спецыялістаў для Захаду, “а трэба забяспечваць кадрамі беларускую эканоміку. Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, выступаючы ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, зрабіў акцэнт на праблеме з недахопам інжынераў: “У 2023 годзе на інжынерныя спецыяльнасці залічана 16 тысяч абітурыентаў, а ў год іх выпуску з ВНУ, гэта значыць у 2027-м, заказ складае ужо 21,5 тысячы чалавек. Гэта значыць рэальны сектар можа недаатрымаць каля пяці тысяч маладых спецыялістаў”. Спецыялісты даследчага цэнтра BEROC адзначаюць, што сітуацыя на рынку працы Беларусі працягвае заставацца складанай. За год колькасць занятых у эканоміцы зменшылася на 32,5 тысячы чалавек, уразлівыя сферы – вытворчасць і будаўніцтва», – падкрэслівае DW.
***
У адну з галоўных бальніц Курска на мінулым тыдні даставілі групу параненых паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Іх ізалявалі на асобным паверсе, які ахоўвае паліцыя. «Доступ туды дазволены толькі медыцынскім работнікам і перакладчыкам», – гаворыцца ў артыкуле карэспандэнта The Guardian.
«Па словах аднаго з лекараў, у большасці дастаўленых у лякарню салдат аскепкавыя раненні. Другі медыцынскі работнік, які таксама знаходзіўся ў бальніцы падчас шпіталізацыі паўночнакарэйцаў, паведаміў, што некаторыя вайскоўцы выглядалі «спалоханымі і нервовымі», а размаўляць з імі без перакладчыка было немагчыма. З кастрычніка ўкраінскія, амерыканскія і паўднёвакарэйскія ўлады паведамляюць, што ўлады КНДР адправілі ў Расею 10-12 тысяч сваіх вайскоўцаў для ўдзелу ў вайне, а паўночнакарэйскія падраздзяленні ўжо панеслі страты. Па дадзеных паўднёвакарэйскай разведкі, большасць ваюючых у Расеі паўночнакарэйцаў уваходзяць у элітнае падраздзяленне “Штурмавы корпус”, вайскоўцы якога, як сцвярджаецца, маюць “высокі маральны дух”, але ў іх “няма разумення сучасных метадаў вядзення вайны”. Украіна і Паўднёвая Карэя заяўляюць, што Масква робіць усё, каб схаваць удзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у баях. Паведамлялася, што ім выдаюць форму і падробленыя пасведчанні асобы расейцаў – жыхароў Якуціі, Бураціі і Тывы», – піша брытанскае выданне.
***
«Дадзеныя спецыяльнага прыкладання Volkswagen, якія павінны дапамагчы кіроўцам кіраваць сваім аўтамабілем, на працягу некалькіх месяцаў захоўваліся практычна ў адкрытым доступе ў воблачным сховішчы Amazon», – піша выданне Der Spiegel.
«Размова ідзе аб некалькіх тэрабайтах дадзеных з інфармацыяй аб уладальніках і іх перамяшчэннях. Па дадзеных журналістаў, там можна знайсці дакладныя каардынаты 460 тысяч аўтамабіляў VW, Seat, Audi і Skoda ў Германіі, Еўропе і іншых частках свету. Ад уцечкі пацярпелі палітыкі, бізнесмены, паліцыя Гамбурга з 35 электрычнымі патрульнымі машынамі і нават супрацоўнікамі спецслужб. Ніхто з іх не ведаў, што за іх рухамі можна сачыць онлайн. Напрыклад, лёгка можна было ўсталяваць, адзначаюць журналісты, чыя машына прыпаркавана каля аднаго са зданняў Федэральнай разведвальнай службы або кожны дзень прыязджае на ваенную авіябазу ВВС ЗША ў Рамштайне. Уцечка выйшла па памылцы дачэрняй кампаніі VW Cariad, якая была створана для распрацоўкі платформы для ўсіх электрамабільных канцэрнаў. Аб гэтай правіне ў бяспецы інфарматар паведаміў IT-экспертам і журналістам. Пасля іх звароту да распрацоўшчыкаў доступ да дадзеных быў закрыты», – піша нямецкае выданне.
***
«Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян абрынуўся з крытыкай на прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, калі той настойваў на тым, каб Пашынян наведаў Беларусь, нягледзячы на ранейшыя канфлікты паміж дзвюма краінамі», – піша The Kyiv Post.
«Пашыньян і Лукашэнка паспрачаліся ў прамым эфіры падчас сустрэчы ў чацвер у Санкт-Пецярбургу на пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Еўразійскі эканамічны саюз – гэта блок пад кіраўніцтвам Масквы, які ўключае былыя савецкія дзяржавы – Расею, Арменію, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан. Пашыньян, які прысутнічаў на сустрэчы ў чацвер праз відэасувязь пасля таго, як атрымаў станоўчы вынік на COVID-19, спачатку сказаў, што плануе прысутнічаць на наступнай сустрэчы таксама праз відэа. Затым ён эмацыйна адказаў Лукашэнку, калі той настойваў на прыездзе, а іншыя кіраўнікі дзяржаў, у тым ліку прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, моўчкі назіралі за перапалкай, якая транслявалася ў прамым эфіры. Гэтая пікіроўка стала чарговай дыпламатычнай сваркай паміж дзвюма краінамі пасля нагорна-карабахскага канфлікту.
У жніўні Лукашэнка высмеяў узмацненне сувязяў Арменіі з Захадам у інтэрв’ю расейскаму дзяржаўнаму тэлебачанню, на што пратэстоўцы ў Арменіі адказалі, закідаўшы бульбай ля беларускай амбасады ў Ерэване. Арменія страціла кантроль над Нагорным Карабахам, спрэчнай тэрыторыяй з суседнім Азербайджанам, у верасні 2023 года пасля маланкавага наступу Баку часткова з-за бяздзейнасці расейскіх міратворчых сіл, разгорнутых у рэгіёне ў рамках ранейшых мірных пагадненняў», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






