У Беларусі за “экстрэмізм” могуць забраць дзяцей. Газа: першыя ізраільскія закладнікі вызваленыя – што далей? Другі тэрмін Трампа: чаго чакаць? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
“Улады ў Беларусі ўнеслі змены ў заканадаўства. Цяпер дзяцей могуць прызнаць тымі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, калі бацькам далі штраф або суткі за нязгоду з рэжымам”, – перадае DW.
“У Беларусі сям’ю могуць паставіць на ўлік як нядобранадзейную, калі бацькі займаюцца прастытуцыяй, злоўжываюць алкаголем, не займаюцца выхаваннем і ўтрыманнем дзяцей, а з новага года таксама за тое, што іх прыцягвалі да адказнасці па палітычных артыкулах – напрыклад, за рэпост інфармацыі, якую ўлады палічылі экстрэмісцкай, або выкарыстанне лозунгу “Жыве Беларусь”.
Улады пашыраюць крытэры для пастаноўкі на ўлік. Летась туды дадалі “дармаедаў”. У любым выпадку бацькі знаходзяцца ў даволі неабароненым становішчы, баяцца страціць дзяцей, таму, як правіла, не ідуць на канфлікт з дзяржорганамі і згаджаюцца з усімі патрабаваннямі”. Фармальна рашэнне аб пастаноўцы можна абскардзіць у мясцовым выканкаме, а далей і ў судзе. Але, як гавораць юрысты, большасць бацькоў зміраецца з пастаноўкай на ўлік і стараецца выканаць план выпраўлення. Тыя ж, хто адважваюцца падаць скаргу, часам сутыкаюцца з ціскам. “Нашай кліентцы пагражалі звальненнем, калі яна не адкліча скаргу”, – удакладняюць спецыялісты для DW.
***
У нядзелю набыў моц рэжым спынення агню, аб якім на бліжэйшыя шэсць тыдняў дамовіліся Ізраіль і ХАМАС. Хамасаўцы вызвалілі трох закладніц; яшчэ 95 чалавек, як мяркуецца, па-ранейшаму знаходзяцца ў руках тэрарыстаў. 7 кастрычніка 2023 года падчас свайго нападу на Ізраіль тэрарысты захапілі і вывезлі ў сектар Газа каля 250 чалавек. У абмен на вызваленне трох жанчын Ізраіль выпусціў з турмаў 90 палестынскіх зняволеных. Турынская La Stampa задаецца пытаннем, ці ўтрымаецца гэтае перамір’е.
«Перамовы пра ўмовы другой фазы пачнуцца толькі на шаснаццаты дзень. Гэтага часу хопіць на тое, каб даць экстрэмісцкім групам як з ізраільскага, так і з палестынскага боку магчымасць аслабіць пагадненне ў самыя крытычныя моманты – і сарваць наступныя этапы перагавораў. Падобнае ўжо адбывалася падчас перамоваў у Осла ў 90-я гады, калі кожны крок на шляху да міру зрываўся супернікамі кампрамісу. Сёння верх над мірным працэсам могуць атрымаць ізраільскія пасяленцы, мэтай якіх з’яўляецца абавязковае знішчэнне ХАМАС і вяртанне яўрэяў у Газу, і палестынскія экстрэмісты, якія прадстаўляюць спыненне агню як сваю перамогу”, – піша італьянскае выданне.
***
Дональд Трамп другі раз уступіў на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі. У сувязі з вельмі халодным надвор’ем цырымонія інаўгурацыі адбылася не перад будынкам Капітолія, як звычайна, а ўнутры яго. На думку аглядальнікаў, будзе новая эпоха – і было б цалкам дарэчы паразважаць аб тым, што зараз чакае ЗША, ды і ўвесь астатні свет. Мадрыдская ABC падводзіць вельмі несуцяшальныя вынікі.
«Другі прэзідэнцкі тэрмін Дональда Трампа азначае сабой канец Новага часу як такога. А таксама – пачатак новага, трывожнага свету, у якім імклівымі тэмпамі ўдасканальваецца штучны інтэлект, расце сярэдняя тэмпература паветра на планеце, прасядаюць паказчыкі фертыльнасці, праўда становіцца адноснай – як ніколі раней, алігархі засяроджваюць у сваіх руках усё больш улады, аўтакратыі разлічваюць на доўгую будучыню, а дэмакратыі паводзяць сябе як знікаючы вiд, занесены ў Чырвоную кнігу», – падкрэслівае гішпанскае выданне.
***
У Сербіі не сціхаюць студэнцкія пратэсты. На фоне сумных вынікаў апытанняў прэзідэнт Аляксандр Вучыч прапанаваў апазіцыі падаць заяўку на правядзенне рэферэндуму – не абавязковага да выканання – па пытанні аб даверы прэзідэнту. Аднак такі крок не прадугледжваецца канстытуцыяй краіны. На думку СМІ, гэта ідэя з’яўляецца актам палітычнай роспачы. «Ужываная Вучычам тактыка саступак нічога яму не дасць,» – адзначае харвацкі партал Index.
«Ва ўладаў заможных няма адэкватнага адказу, які змог бы задаволіць чаканні новага пакалення адукаваных людзей. Ідэя вынесці пытанне аб даверы Аляксандру Вучычу на ўсеагульнае галасаванне – гэта верх палітычнай перверсіі, карціна бязмежнай роспачы ўрада, які спрабуе тушыць пажар з дапамогай бензіну. Усе яго так званыя саступкі – такія як выкананне патрабаванняў, кватэры для моладзі, бясплатны грамадскі транспарт у Бялградзе – разам з гэтым рэферэндумам носяць глыбока карупцыйны характар. Бо яны выбудаваны на механізмах узурпацыі і хабарніцтва, супраць якіх як раз і пратэстуюць студэнты і вольныя грамадзяне», – наракае харвацкае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя