BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы

Беларусь падоўжыла бязвізавы ўезд для краін Балтыі і Польшчы. Што нясе запланаваная рэформа прытулку ў ЕЗ? У Польшчы звольнена кіраўніцтва дзяржаўных вяшчальнікаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі абвясціў 20 снежня аб падаўжэнні бязвізавага рэжыму да 2024 года, што дазволіць грамадзянам Латвіі, Літвы і Польшчы ўязджаць у Беларусь без віз», – паведамляе латвійскае выданне LSM.lv.

«Грамадзяне Літвы і Латвіі, а таксама «не грамадзяне» Латвіі, могуць наведваць Беларусь без візы з 15 красавіка 2022 года, а з 1 ліпеня 2022 года бязвізавы ўезд пашыраны для грамадзян Польшчы. Паводле звестак беларускага пагранведамства, з моманту ўвядзення бязвізавага рэжыму Беларусь наведалі 490 503 грамадзян Літвы, 181 411 грамадзян Латвіі і 55 198 не грамадзян, а таксама 62 800 грамадзян Польшчы. Аўтобусы з Даўгаўпілскага аўтавакзала ездзяць у Беларусь некалькі разоў на тыдзень. Перавозкі пасажыраў ажыццяўляюць некалькі перавозчыкаў. Міністэрства замежных спраў Латвіі неаднаразова папярэджвала жыхароў Латвіі не ездзіць у Расею і Беларусь, бо яны рызыкуюць трапіць пад правакацыі з боку спецслужбаў і быць ілжыва абвінавачанымі ў парушэнні беларускага заканадаўства і ў выніку быць арыштаванымі. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дыяна Эглітэ ў канцы верасня заявіла, што ў Беларусі затрыманыя не менш за 24 грамадзян Латвіі. Іх абвінавачваюць у розных злачынствах, такіх як шпіянаж, махлярства з грашыма, крадзеж ровараў і распаўсюджванне наркотыкаў. Ёсць занепакоенасць адносна таго, наколькі абгрунтаваныя абвінавачванні. Таксама грамадзянам Латвіі катэгарычна не рэкамендуецца наведваць дзяржаву-агрэсара Расею», – нагадвае латвійскае выданне.

Пасля доўгіх спрэчак і дыскусій інстытуцыі ЕЗ дамовіліся аб рэформе сістэмы прадастаўлення прытулку, што ў значнай ступені будзе азначаць узмацненне жорсткасці дзейных правілаў. Мігрантаў, якія прыбываюць у Еўропу, у якіх невысокія шанцы на атрыманне прыстанішча, прапануецца прымаць у першасных цэнтрах на знешняй мяжы ЕЗ, а ў выпадку адмовы – высылаць назад у самыя кароткія тэрміны. Краінам, на плечы якіх кладзецца асноўны груз першаснага прыняцця мігрантаў, такім як Італія ці Грэцыя, плануецца аказваць дапамогу за кошт дзеяння абавязковага механізма салідарнасці. “Новы міграцыйны пакт паднімае фундаментальныя пытанні”, – піша амстэрдамская газета De Volkskrant.

«Поўная адсутнасць якой бы там ні было салідарнасці да гэтага часу сістэматычна падрывала еўрапейскую палітыку ў сферы давання прытулку. На гэтым фоне прагрэсіўным з’яўляецца ўжо сам факт таго, што ў сераду дзяржавы-сябры ЕЗ у чарговы раз вырашылі змяніць сітуацыю – і сканцэнтраваць усю сістэму падавання прытулку на вонкавых межах Еўропы. У той жа самы час гэтае рашэнне адразу ж прымушае задумацца аб фундаментальных пытаннях. Першае: што будзе з людзьмі, якія не захочуць праходзіць рэгістрацыю на знешніх межах, а проста адправяцца далей? Другае: ЕЗ ужо які раз плануе адпраўляць людзей назад у краіны зыходу, не заключыўшы папярэдне канчатковых пагадненняў з адпаведнымі краінамі. Дык чаго ж наогул тады каштуе цяперашні пражэкт?», – задаецца нязручным пытаннем нідэрландскае выданне.

Новы ўрад Польшчы звольніў кіраўніцтва публічна-прававых тэлерадыёкампаній – у поўным складзе. Раней парламент прыняў рэзалюцыю аб неабходнасці аднаўлення непрадузятасці і аб’ектыўнасці вяшчальнікаў, якія пры ўрадзе нацыянальна-кансерватыўнай партыі Права і справядлівасць «адназначна выконвалі прапагандысцкія задачы». Прыхільнікі і дэпутаты ад партыі ПіС сабраліся перад будынкам тэлерадыёкампаніі TVP для таго, каб, паводле іх уласных слоў, «абараніць яе».

Штотыднёвік Tygodnik Powszechny параўноўвае дзеянні палітыкаў ад ПіС з падзеямі, якія мелі месца ў ЗША пасля пройгрышу Трампа.

«Адзінае адрозненне заключаецца ў тым, што дэпутаты ад ПіС, якія акупавалі будынак TVP, паводзяць сябе відавочна больш цывілізавана за прыхільнікаў Трампа. Яны маюць права не толькі выказваць свой пратэст падобным чынам – закон таксама збольшага на іх баку. Справа ў тым, што для ўнясення змен у дзейнасць публічна-прававых СМІ ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства патрабуецца, каб змены ў закон праводзіліся праз Нацыянальную раду па вяшчанні – аж да ўнясенні змен у закон аб тэлерадыёвяшчанні. Загвоздка толькі ў тым, што ПіС сама настолькі палітызавала дзяржаўныя СМІ, што адно гэта ўяўляла сабой вялікае парушэнне закона аб тэлерадыёвяшчанні, які наогул абавязвае вяшчальніка прытрымлівацца прынцыпаў дакладнасці і аб’ектыўнасці. А таму ва ўладальнікаў тэлерадыёкампаній ёсць права ўмешвацца», – адзначае польскае выданне.

Вярхоўны суд штата Каларада пастанавіў, што экс-прэзідэнт Дональд Трамп не мае права абірацца прэзідэнтам – і выключыў яго кандыдатуру са спісу кандыдатаў на праймерыз у гэтым штаце. Сваё рашэнне суддзі абгрунтавалі тым, што будучы ўцягнутым у падзеі вакол штурму Капітолія 6 студзеня 2021 года, Трамп парушыў палажэнні Канстытуцыі, паводле якой службовая асоба не мае права прымаць удзел у антыдзяржаўным мецяжы. “Ідэя не дапусціць Трампа да ўдзелу ў выбарах за кошт выкарыстання юрыдычных сродкаў багатая на небяспечныя наступствы”, – перасцерагае заграбская газета Jutarnji list.

«Частка СМІ і ўвесь левы палітычны лагер Амерыкі ў захапленні ад новай стратэгіі: вылучыць на адной і той жа аснове абвінавачванні супраць Трампа ва ўсіх 50 штатах,  і такім спосабам уставіць яму максімальную колькасць палак у колы на шляху да прэзідэнцтва.  Падобная палітыка-юрыдычная тактыка тоіць у сабе немалую небяспеку: яна можа справакаваць правы палітычны лагер на звядзенне рахункаў у нябачаных дагэтуль маштабах. На дадзены момант палітычная меншасць спрабуе паўплываць на вынікі выбараў пры дапамозе выкарыстання прававой сістэмы, а правых, гэта значыць цяперашняя большасць, зусім не хвалюе пытанне пра тое, ці не можа праўда хаця б тэарэтычна быць на баку выбаршчыкаў Дэмакратычнай партыі», – наракае харвацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Фота: aa.com.tr