Калеснікавай пагражае «павольнае забойства» ў беларускай турме. Дуда заявіў, што Расея павінна пакрыць Украіне нанесеную вайной шкоду. За 20 гадоў трагедыя ў Беслане да канца так і не расследавана. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Марыя Калеснікава ўзначаліла масавыя вулічныя акцыі пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе, адмовілася ад прымусовай дэпартацыі і затым была асуджаная на 11 гадоў пазбаўлення волі ў 2021 годзе. “Цяпер беларускай дысідэнтцы Калеснікавай пагражае «павольнае забойства» ў беларускай турме”, – папярэджвае ўкраінскае выданне The Kyiv Post.
„Паплечнікі Марыі Калеснікавай у пятніцу забілі трывогу ў сувязі з паведамленнямі аб сур’ёзным пагаршэнні яе здароўя за кратамі, заявіўшы, што яе падвяргаюць «павольнаму забойству». Яна асуджана па палітычным прысудзе на 11 гадоў пазбаўлення волі ў 2021 годзе. Больш за год яна не мела прамога кантакту з навакольным светам. Цяпер яна важыць усяго 45 кілаграмаў (99 фунтаў), галадае і знаходзіцца ў пастаяннай ізаляцыі ў жудасных умовах. Калеснікавай забаранілі атрымліваць і пісаць лісты, а былыя зняволеныя кажуць, што яна пастаянна знаходзіцца ў адзіночнай камеры. Яна знаходзіцца ў папраўчай калоніі нумар 4 у Гомелі, недалёка ад мяжы з Расеяй і Украінай. У 2020 годзе Калеснікава заявіла, што супрацоўнікі КДБ даставілі яе з мяшком на галаве да мяжы з Украінай, спрабуючы прымусова дэпартаваць. Замест гэтага яна парвала пашпарт”, – нагадвае ўкраінскае выданне.
«Анджэй Дуда ў дзень пачатку Другой сусветнай адзначыў важнасць кампенсацыі агрэсарам нанесенай вайной шкоды, згадаўшы ў гэтым кантэксце і Украіну», – піша Укрінфарм. Пра гэта Прэзідэнт Польшчы заявіў падчас мерапрыемстваў у Велюне – горадзе, які ў 1941 годзе першым падвергся паветранай бамбардзіроўцы з боку Люфтвафэ.
«Дуда нагадаў, што падчас вайны Польшча панесла вялізныя матэрыяльныя і чалавечыя страты, якія не былі кампенсаваныя. Па падліках польскіх экспертаў, матэрыяльныя страты краіны ў выніку нямецкай агрэсіі перавышаюць $1,5 трыльёна. Больш за 70% гэтай сумы – гэта кампенсацыя за чалавечыя страты, бо падчас вайны краіна страціла 5 млн чалавек. Дуда падкрэсліў, што Германія шмат разоў перапрошвала за прычыненыя Польшчы несправядлівасці, і ў хрысціянскім вымярэнні палякі даравалі немцам. Паводле яго пераканання, гэтая справа сёння мае міжнароднае вымярэнне ў кантэксце будучага прыцягнення Расеі да адказнасці за нанесеную Украіне шкоду. 17 траўня на саміце Савета Еўропы ў Рэйк’явіку больш за 40 краін і ЕЗ падпісалі дагавор аб стварэнні Рэестра ўрону, нанесенага Украіне агрэсіяй РФ. Украіна разлічвае атрымаць ад Расеі не менш як 300 мільярдаў даляраў ЗША ў выглядзе рэпарацый за вайну», – падкрэсліве ўкраінскае выданне.
«Дваццаць гадоў таму ў Расеі адбыўся самы вялікі тэракт у яе сучаснай гісторыі. 1 верасня 2004 года 32 баевікі захапілі школу № 1 у Беслане, узяўшы ў заложнікі 1128 чалавек. Галоўным чынам баевікі патрабавалі вывесці з Чачні федэральныя войскі», – перадае ВВС.
«Падчас штурму 3 верасня загінулі 334 чалавекі (186 з іх – дзеці і падлеткі да 18 гадоў). Праз 20 гадоў крымінальная справа ўсё яшчэ не закрытая – гэта азначае, што імёны адказных за штурм так і не названыя. І гэтая адсутнасць вінаватых, адсутнасць праўды на дзяржаўным узроўні — самы вялікі боль жыхароў Беслана. Раніцай 1 верасня ў бесланскай школе №1 ішла ўрачыстая лінейка. Тэрарыстычная група без асаблівых праблем дабралася да горада з Інгушэціі і ў пачатку дзясятай раніцы пачала захоп. Тэракт у Беслане асвятлялі пяцёра журналістаў нямецкага выдання Der Spiegel. Апазіцыйныя СМІ, каментуючы сёлетні візіт Пуціна ў Беслан, адзначылі, што расейскі прэзідэнт ідзе ў народ, калі ў краіны вялікія праблемы. Так было пасля мецяжу Яўгена Прыгожына ў 2023-м, а новая паездка ў Беслан прыйшлася на захоп часткі Курскай вобласці ўкраінскімі вайскоўцамі ў разгар распачатай Пуціным вайны, падчас якой, як ён любіць сцвярджаць, Захад ваюе супраць Расеі», – піша брытанскае выданне.
Камала Харыс дала першае інтэрв’ю ў ролі кандыдата ў прэзідэнты ЗША. Адказваючы на пытанні CNN, яна заявіла, што яе галоўным прыярытэтам на пасадзе кіраўніка дзяржавы стане “ўмацаванне і падтрымка сярэдняга класа”. Да гэтага часу палітыка крытыкавалі за маўчанне, недазваляльнае для прэтэндэнта на галоўнае крэсла ў Авальным кабінеце. Першае перадвыбарнае інтэрв’ю Камалы Харыс працягнулася амаль гадзіну, за гэты час яна ні разу не закранула тэму канфлікту ва Украіне. Каментатары адзначаюць, што кандыдат ад дэмакратаў была сабрана, метадычна, пазбягала вострых пытанняў і сфакусавалася на ўнутранай палітыцы Амерыкі. Выданне The Wall Street Journal ацаніла гэтае інтэрв’ю як выхад Харыс з ценю сваёй ролі віцэ-прэзідэнта.
«Цяпер яна зарэкамендавала сябе як паўнавартасны кандыдат, і выбаршчыкі гэта ацанілі. Апытанні выдання паказваюць, што за палітыка гатовыя прагаласаваць 48% амерыканцаў, а за Трамп – 47%. Акрамя таго, яна змагла заваяваць сімпатыі выбаршчыкаў і ў вагальных штатах. У гэтых сямі штатах яна зараз лідзіруе, апярэджваючы Трамп на 2 п.п. Адпаведна магчымы злом эпохі палярызацыі амерыканскай палітыкі. Харыс пасылае сігналы, што гатова вярнуцца да двухпартыйнага клімату ў Белым доме. Харыс ужо заявіла, што ўключыла б у свой урад рэспубліканца, але не назвала канкрэтнага імя або міністэрскай пасады», – піша амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка






