«Белсат» апублікаваў зварот да прэм’ера Туска, і хутка зняў яго з сайта. Эрдаган пагражае Ізраілю. Выбары ў Венесуэле: бывай, дэмакратыя? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Тэлеканал «Белсат» апублікаваў на сваім сайце зварот да прэм’ер-міністра Дональда Туска. «Праз некалькі хвілінаў ліст знялі з сайта Белсата», – сочыць за сітуацыяй польскае Wirtualnemedia,якому кіраўнік канала патлумачыў, што артыкул апублікаваны памылкова.
“У панядзелак а 16.20 на сайце belsat.eu з’явіўся артыкул пад назвай «Зварот лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і інтэлектуалаў да прэм’ер-міністра Дональда Туска з нагоды «Белсату». Праз некалькі хвілін тэкст знік з сайта. Сама спасылка ў інтэрнэце па-ранейшаму працуе, але пры яе выкарыстанні вы атрымліваеце памылку 404 і паведамленне «На жаль, такой старонкі не існуе». Дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі паведаміў, што «артыкул апублікаваны памылкова. А зварот спынены, бо яшчэ не ўсе подпісы сабраныя. Праз некаторы час зварот будзе апублікаваны наноў». Тым не менш WirtualneMedia.pl атрымала доступ да найбольш важных фрагментаў выдаленага ліста на імя прэм’ер-міністра Дональда Туска і цытуе яго: «Больш за шаснаццаць гадоў «Белсат» выконвае функцыю, якая належыць як дзяржаўным, так і прыватным СМІ ў дэмакратычных краінах. Беларусы глядзяць яго не таму, што гэта адзіны незалежны ад Аляксандра Лукашэнкі канал, а таму, што дзякуючы велізарным намаганням журналістаў ён заслужыў рэпутацыю незалежнага і вартага даверу СМІ… У нас выклікалі вялікую заклапочанасць словы, сказаныя падчас сумеснай канферэнцыі МЗС і TVP World аб планах глыбокай рэформы замежных каналаў TVP, у выніку якой будзе пераўтвораны існуючы «Белсат»… Гэта будзе катастрофа для беларускай грамадзянскай супольнасці, пазбаўленай доступу да незалежных СМІ. Журналісты — палітэмігранты, якія заплацілі за свой руплівы абавязак у Беларусі турмамі і маёмасцю — гэтая навіна выклікала расчараванне і страх за будучыню. Гэта таксама адварот ад тых журналістаў «Белсату», якія сядзяць за праўду. Аднак ужо некалькі дзён у лукашэнкаўскіх прапагандысцкіх СМІ працягваецца вясёлы фэст. Гэта рашэнне было ўспрынята як адступленне Польшчы ад актыўнай палітыкі на ўсход. Таму мы заклікаем захаваць незалежнасць «Белсату» як асобнага незалежнага канала і пачаць дыскусію аб далейшым развіцці гэтага найважнейшага для беларусаў тэлеканала”. Вядома, што зварот падпісалі ў тым ліку беларуская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, жонка палітвязня, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, а таксама Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.
Эрдаган прыгразіў Ізраілю ваенным умяшаннем у тым выпадку, калі той нападзе на Ліван. З моманту ўдару ХАМАС па Ізраілі і наступнай вайны адносіны паміж Турцыяй і Ізраілем моцна пагоршыліся, а рыторыка Эрдагана стала значна цвярдзей. Так, Эрдаган назваў ХАМАС вызваленчай арганізацыяй і параўнаў Нетаньяху з Гітлерам. «Пагрозы Эрдагана не павінны застацца без наступстваў», – такое патрабаванне берлінскай Die Welt.
«Немагчыма, каб з Эрдаганам і ў далейшым абыходзіліся так, быццам ён – старэнькі дзядзечка, які на сямейным свяце пасля трэцяй чаркі раптам пачаў размаўляць аб фюрэры – накшталт як усім вельмі няёмка, але дзядзечка наш насамрэч і мухі не пакрыўдзіць. Аднак Эрдаган не бяскрыўдны, а Турцыя, пакуль ён ва ўладзе, не з’яўляецца часткай заходняй сям’і. Прыйшоў час знайсці на рухі цела Эрдагана адэкватную рэакцыю. Не з дапамогай моцных выразаў або выкліку турэцкага амбасадара на дыван – і ў тым, і ў іншым Эрдаган і сам спрактыкаваўся, і ніводны нямецкі палітык не ў стане з ім супернічаць. Не, дзейнічаць трэба канкрэтнымі мерамі», – заклікае нямецкае выданне.
Пасля афіцыйнай заявы аб пераабранні прэзідэнта Нікаласа Мадура ў Венесуэле пачаліся сутыкненні паміж дэманстрантамі і паліцыяй з ужываннем гвалту. Апазіцыя заяўляе аб маштабных фальсіфікацыях. Ужо напярэдадні выбараў самы перспектыўны кандыдат ад апазіцыі – Марыя Карына Мачада – не была дапушчана да ўдзелу ў выбарах пад надуманай падставай. Капенгагенская Politiken мяркуе, што зараз струмень венесуэльцаў, якія бягуць у ЗША, толькі павялічыцца.
«Гэта дае рэспубліканцам Дональда Трампа яшчэ больш падстаў для абвінавачванняў у адрас прэзідэнта Джо Байдэна і, што немалаважна, у адрас Камалы Харыс, якая, будучы віцэ-прэзідэнтам, падзяляе адказнасць за абмежаванне міграцыі ў Злучаныя Штаты з поўдня. Такім чынам, выбары ў Венесуэле таксама нясуць у сабе глабальны складнік, калі – пры няўдалым збегу абставін – яны паспрыяюць вяртанню Дональда Трампа да ўлады. Так што Мадура – нашмат больш, чым проста праблема самой Венесуэлы», – піша дацкае выданне.
Прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер возьме ўдзел у святкаванні гадавіны Варшаўскага паўстання. Як паведамляе штодзённая газета Tageszeitung, чаканні палякаў выраслі: «Яны спадзяюцца пачуць падрабязнасці аб кампенсацыях для тых, хто перажыў Другую сусветную вайну. Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер па запрашэнні прэзідэнта Анджэя Дуды возьме ўдзел у святкаванні 80-й гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання. Як паведамляюць замежныя СМІ, чакаецца, што падчас гэтага візіту кіраўнік нямецкай дзяржавы «папросіць прабачэння». Прамовы прэзідэнта Нямеччыны будуць слухаць, між іншым: 90-гадовыя ветэраны Арміі Краёвай, якія ўдзельнічалі ў паўстанні. Паводле штодзённіка, «большасць палякаў чакае, што Штайнмаер папросіць прабачэння за забойства нацыстамі прыкладна 1,5-2 мільёнаў палякаў-хрысціянаў. Многія палякі таксама разлічваюць на інфармацыю пра пачатак будаўніцтва ў Берліне Польска-нямецкага дома — установы, якая будзе займацца пытаннямі польска-нямецкай гісторыі».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота: агенцтва Сіньхуа