BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: На ростанях

  • Кааліцыя 15-га кастрычніка займела трох кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беластока
  • Украіна і Еўропа: два гады пасля пачатку маштабнай агрэсіі Расеі
  • Аграрны тупік Еўропы.

«Нічога не выйшла з кааліцыі Новых левых і КО (ГК) на выбарах у Раду горада Беластока. «Левыя» і «Трэці шлях» маюць кандыдатаў у прэзідэнты Беластока», – піша польская газета Wyborcza.

Напрыканцы мінулага тыдня, калі Падляшская грамадзянская кааліцыя дамаўлялася пра форму лістоў да Рады горада Беластока і Падляшскага сходу, дэпутат Кшыштаф Трускаляскі (старшыня Падляшскай ГК) сказаў: «Спіс у Беластоцкую гарадскую раду па ўсіх раёнах амаль гатовы. Аднак некаторыя месцы вольныя. Мы яшчэ чакаем, таму што, магчыма, будуць кандыдаты ад новых левых». У той час КО (ГК) прадставіла свой першы спіс у гарадскія раду і сеймік, куды ўвайшоў, у тым ліку, Прэзыдэнт горада Тадэвуш Трускаляскі, які дамагаецца пераабрання і пры падтрымцы КО (ГК) займае пасаду з 2006 года. Тым часам аказалася, што новыя левыя ідуць і на падляшскі сеймік, і на беластоцкую раду асобна. Пра што і заявіў сустаршыня партыі на Падляшшы Павал Крутуль (былы парламентар, а цяпер намеснік падляшскага ваяводы.

Зараз Новыя левыя маюць свайго кандыдата ў прэзідэнты Беластока – віцэ-старшыню Польскага Звяза Прафсаюзаў OPZZ на Падляшшы, старшыню беластоцкіх структур Новых Левых, 57-гадовага Анджэя Алексяйчука. Сярод ідэй Алексяйчука для Беластока: пашырэнне асаблівай эканамічнай зоны; бясплатны грамадскі транспарт для жыхароў Беластока; будаўніцтва навуковага цэнтра, аквапарку, аэрапорта, спартовай залі, новага хоспіса і танных арэндных кватэр; а таксама ўладкаванне горада сродкамі для абароны насельніцтва ў выпадку вайны», – пералічвае польскае выданне.


У суботу споўніцца роўна два гады з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. На першым этапе Украіна і яе ўзброеныя сілы далі агрэсару дзейсны адпор, чым нямала здзівілі шматлікіх назіральнікаў. Захад пачаў пастаўляць Кіеву зброю, а супраць Расеі былі ўведзены санкцыі. Аднак контрнаступ ВСУ ў 2023 годзе не змог дасягнуць сваіх мэтаў. Як дэманструюць вынікі апытанняў грамадскай думкі ў Еўропе, вера еўрапейцаў у перамогу ўкраінцаў слабее. Амстэрдамская газета NRC звяртае ўвагу чытачоў на тое, што эканамічныя санкцыі супраць Расеі да гэтага часу не выконваюцца ў поўнай меры.

«Абыход заходніх санкцый ператварыўся наўпросту новую галіну эканомікі, прычым не толькі ў Маскве, дзе розныя падстаўныя асобы забіваюць такім чынам «грошы» ва ўмовах вайны, але і ў Нідэрландах, улады якіх не ўзвялі ў прыярытэт кантроль за выкананнем заканадаўства, датычнага гандлю з Расеяй. Мяркуючы па ўсім, пад выглядам прынцыповага непрымання ідэі чыніць перашкоды гандлю на ўсё проста заплюшчваюць вочы, і гэта да гэтага часу застаецца краевугольным каменем галандскай гандлёвай культуры, насуперак таму, што з 2022 года на еўрапейскім кантыненце бушуе вайна, якая пагражае і нацыянальнаму дэмакратычнаму правапарадку», – канстатуе нідэрландскае выданне.


У Еўропе вось ужо цягам некалькіх месяцаў праходзяць пратэсты фермераў. Аграрыі незадаволеныя з’яўленнем на рынку таннага ўкраінскага збожжа , высокімі цэнамі на энерганосьбіты і аграрнай палітыкай ЕЗ, якая з 2023 года робіць большы ўпор на экалагічнасці, што суправаджаецца ўвядзеннем дадатковых нормаў і патрабаванняў. Еўрапейская прэса разважае над тым, ці апраўданыя пратэсты і чаму яны знаходзяць такі шырокі водгук у насельніцтва. «Няўжо фермеры жадаюць адмяніць рынкавыя механізмы? Дзіўны падыход», – піша аўстрыйская газета Neue Zürcher Zeitung.

«З якой нагоды для гандлёвай прадукцыі, да якой адносяцца і сельскагаспадарчыя тавары, павінна існаваць права на гандлёвую нацэнку? Калі на іншыя тавары нацэнка была б такой жа высокай, то спажыўцы выйшлі б на барыкады. Вядома ж, фермеры маюць права патрабаваць нацэнкі за дадатковую працу, як у выпадку з экалагічна чыстай прадукцыяй. Але ўсё роўна, ідзе гаворка аб арганічнай або традыцыйнай прадукцыі, у рынкавай эканоміцы няма ніякіх гарантый таго, што вы будзеце атрымліваць «належны вам прыбытак». Мяркуючы па ўсім, у галіне сельскай гаспадаркі заклікі да ўстанаўлення справядлівых цэн здаюцца многім апраўданымі толькі таму, што рынак і яго прынцыпы дзесяцігоддзямі падрываліся субсідыямі, высокімі пагранічнымі бар’ерамі і нарматыўнымі актамі», – адзначае нямецкае выданне.


Кронпрынц Уільям выклікаў здзіўленне брытанскай грамадскасці, выступіўшы з патрабаваннем аб спыненні баявых дзеянняў у сектары Газа і павелічэнні гуманітарнай дапамогі жыхарам сектара. Згодна з традыцыяй, члены брытанскага каралеўскага дома не робяць выказванняў на палітычныя тэмы. У брытанскай прэсе разгарнулася дыскусія, прычым не столькі адносна зместу яго слоў, колькі па пытанні пра тое, ці мае наследны прынц права ў прынцыпе рабіць падобныя заявы. Штотыднёвік The Spectator прытрымліваецца таго меркавання, што манархія ў дэмакратычнай дзяржаве не павінна выказвацца на палітычныя тэмы.

«Хто-небудзь абіраў прынца Уільяма для таго, каб той выказаўся па тэме заканчэння вайны ў Газе? Я – не, вы – не, і ўжо ізраільцяне – сапраўды не. Той факт, што МЗС Вялікабрытаніі і Даўнінг-стрыт адобрылі і, паводле паведамленняў, нават віталі дадзеную заяву, выклікае занепакоенасць. Падобна, хтосьці вырашыў пачытаць натацыі, прычым выступіць у ролі нутрамоўцы. Магчыма, урад сам баіцца сказаць што-небудзь занадта рэзкае па тэме Ізраіля і Газы і выкарыстоўвае ў якасці палітычнага інструмента папулярнага ў свеце Уільяма, з тым каб падштурхнуць дэбаты», – піша брытанскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя