BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Па выніках – адны прайграўшыя?

Расейска-беларускае пагадненне аб ядзерных вучэннях. Еўропа дрэйфуе направа: як гэта расцэньваць? Ці магчымае перамір’е паміж Ізраілем і «Хамасам»? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Дзве краіны – Беларусь і Расея –  правядуць сумесныя ваенныя выпрабаванні новай зброі, а менавіта ядзернай», – перадае італьянскае выданне Avionews.

Беларусь возьме ўдзел у другім этапе расейскіх вайсковых вучэнняў з прымяненнем тактычнай ядзернай зброі. Пра гэта ў панядзелак, 10 чэрвеня 2024 года, заявіла кіраўніцтва Узброеных Сіл краіны на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Маскоўскія выпрабаванні былі згаданы на працягу апошніх тыдняў прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.  Вучэнні з’яўляюцца актыўнай мерай па «павышэнні гатовасці да прымянення так званай зброі стрымлівання». «Цяпер, як ніколі, мы поўныя рашучасці рэагаваць на любыя пагрозы, якія ўзнікаюць як для нашай краіны, так і для дзяржавы Саюза» паміж Расеяй і Беларуссю. «Мы не ставім сваёй мэтай ствараць нейкую напружанасць па пытаннях рэгіянальнай бяспекі. Мы не праецыруем ніякіх адпаведных ваенных пагроз на трэція краіны ці каго-небудзь яшчэ», — заявіў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін . Першы этап вучэнняў прайшоў у мінулым месяцы на поўдні Расеі, што, на думку ваенных аналітыкаў, было папераджальным знакам з боку Пуціна, каб адгаварыць Захад, Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавора (NATO) і Еўразвяз ад паглыблення ў вайну супраць Украіны», – піша італьянскае выданне.

Падлік галасоў на выбарах у Еўрапарламент яшчэ не скончыўся, аднак тэндэнцыя ўжо вызначылася ясная: лібералы, Зялёныя, сацыял-дэмакраты і левыя – у прайграўшых, а сярод пераможцаў – кансерватары, правыя папулісты і ўльтраправыя. Такім чынам, расстаноўка сіл у Страсбургу зменіцца і, што відавочна, – на карысць правых сіл. Наколькі сур’ёзным стане гэты зрух – і чым ён можа абярнуцца? «З ультраправымі не атрымаецца пераадолець ніводнага еўрапейскага крызісу», – папярэджвае венская Die Presse.

«Перамога АПС у Аўстрыі, ашаламляльны поспех Нацыянальнага аб’яднання ў Францыі, адназначная ўльтраправая большасць у Італіі і Венгрыі, узмацненне АдГ у Нямеччыне – з рознай ступенню інтэнсіўнасці ад краіны да краіны такі зыход азначае шок для ўсіх прыхільнікаў Еўропы, якія імкнуцца знайсці базу для агульных рашэнняў. Справа ў тым, што ніводны з маштабных еўрапейскіх крызісаў немагчыма пераадолець разам з гэтымі партыямі. Яны не прымаюць ідэю ўнутранай салідарнасці ў ЕЗ – ні ў дачыненні да Расеі, ні ў дачыненні да барацьбы са змяненнем клімату, ні па пытанні міграцыі або гандлёвых войнаў з Кітаем і ЗША, якія насоўваюцца, у тым выпадку, калі там пераможа Дональд Трамп», – разважае аўстрыйскае выданне.

Савет бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю аб спыненні агню ў сектары Газа. Гэты план прапанаваў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. «За» прагаласавалі 14 краін з 15, Расея ўстрымалася. Праект перамір’я паміж Ізраілем і палестынскім радыкальным рухам «Хамас» уключае ў сябе тры этапы. Па плане, на другой ступені вайна будзе поўнасцю спынена. Газета The Washington Post абвясціла рэзалюцыю Байдэна “рэдкай дыпламатычнай перамогай адміністрацыі прэзідэнта ЗША”, але многія аналітыкі крытыкуюць дакумент. У ім няма адказаў на базавыя пытанні аб адносінах двух варагуючых бакоў. Акрамя таго, тры дні таму ізраільцяне правялі самую крывавую аперацыю ў Газе за ўсе восем месяцаў вайны, і гэта можа разарваць падрыхтаваную здзелку.  Але, на думку The New York Times, застаецца нямала прабелаў. «Адзін з галоўных камянёў спатыкнення – гэта пытанне пра тое, ці пакіне пагадненне за палестынскім рухам «Хамас», якое кіравала Газай да эскалацыі канфлікту, права на частковы кантроль над тэрыторыяй анклава. Таксама незразумела, як паўплывае на лёс здзелкі апошні рэйд ізраільцян у сектары. 8 чэрвеня яны правялі аперацыю па вызваленні закладнікаў, выратавалі чатырох чалавек, але пры гэтым забілі сотні людзей», – піша амерыканскае выданне.

Адначасова з выбарамі ў Еўрапарламент у Балгарыі прайшлі выбары і ў мясцовы парламент – ужо шостыя па ліку за апошнія тры гады. Кансерватыўная партыя ГЕРБ, якую ўзначальвае былы прэм’ер-міністр Бойка Барысаў, атрымаўшы каля чвэрці галасоў, выйшла на першае месца. На другім аказаўся Рух за правы і свабоды, які прадстаўляе перш за ўсё інтарэсы турэцкай этнічнай меншасці. Арыентаваная на рэформы партыя Працягваем перамены, якая дагэтуль знаходзілася ва ўладзе, змагла дабрацца толькі да трэцяга месца. Ці атрымаецца разарваць зачараванае кола бясконцых выбараў у Балгарыі? «Ураду трэба было працягнуць працу, а не аб’яўляць аб правядзенні новых выбараў», – наракае партал News.bg.

«Было б значна лепш, калі б ратацыя паміж Мікалаем Дзенкавым Працягваем перамены-Дэмакратычная Балгарыя і прадстаўніцай партыі ГЕРБ  Марыяй Габрыэль, якая паводле плана павінна была пераняць у яго пасаду, усё ж адбылася – і парламенцкая большасць у складзе ГЕРБ і ПП-ДБ такім чынам захавалася б. Нягледзячы на тое, што функцыянаванне гэтай большасці было праблематычным і часам даволі нервовым, у яго тым не менш былі свае прыярытэты, якія ўжо пачалі было ажыццяўляцца. У галіне еўрапейскай палітыкі наша краіна значна палепшыла свае пазіцыі», – адзначае балгарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Фота: soyuz.by