BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Прага перамен

Навошта Дуда ездзіў у Кітай, і хто прайграе, калі мяжу ЕЗ з Беларуссю закрыюць? Парламенцкія выбары ў Францыі. Старшынства Венгрыі ў Радзе ЕЗ: чаго чакаць? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда на сустрэчы ў Пекіне папярэдзіў кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна аб магчымым поўным закрыцці польска-беларускай мяжы. Чаму Дуда абраў у якасці арбітра Кітай?», – задаецца пытаннемDW.

«Праз Беларусь і РФ па чыгунцы ідзе паток грузаў з Кітая ў Еўропу і назад. Пасля лютага 2022 года ён стаў меншым, еўрапейскія кампаніі пазбягаюць гэтага шляху. Але гэта ўсё яшчэ асноўны чыгуначны транспартны калідор Кітай – Еўропа. Кітай ужо не той, што 20 гадоў таму. Цяперашняя структура яго экспарту ў ЕЗ – гэта хімікаты, аўтамабілі, абсталяванне, тавары паўсядзённага попыту таксама. Закрыццё створыць нязручнасці і Кітаю, і яго еўрапейскім партнёрам. Беларусь і Польшча страцяць грошы, якія зарабляюць на транспартных паслугах. Але Польшчы прасцей пераарыентавацца на іншыя кірункі, у яе ёсць марскі транспарт. Пры гэтым жаданне закрыць мяжу пакуль больш падобна на блеф. У першую чаргу, па эканамічных прычынах. Бо гэта будзе спрэчка з Кітаем, а таксама з Германіяй – сваім галоўным эканамічным партнёрам», – паведамляеDW.

У нядзелю 30 чэрвеня адбудзецца першы тур датэрміновых парламенцкіх выбараў у Францыі. Прэзідэнт Макрон распусціў Нацыянальны сход пасля выбараў у Еўрапарламент, на якіх яго партыя панесла цяжкія страты, а правапапулісцкая партыя Нацыянальнае аб’яднанне атрымала ўпэўненую перамогу. З левага флангу палітычнага спектра ў выбарах удзельнічае Новы народны фронт. Еўрапейская прэса пільна сочыць за тым, што адбываецца. Лонданская Financial Times прапануе свой аналіз.

«Два найбольш верагодныя сцэнары зыходу выбараў, якія маюць адбыцца, выглядаюць наступным чынам: альбо абсалютная большасць атрымаюць вельмі правыя, што прымусіць Макрона прызначыць прэм’ер-міністра з шэрагаў Нацыянальнага аб’яднання (у выніку чаго, як спадзяецца прэзідэнт, будзе прадэманстравана некампетэнтнасць гэтай партыі, што, у сваю чаргу, зменіць перспектывы на прэзідэнцкія выбары 2027 года). Або – і гэты варыянт больш верагодны – ні прадстаўнікі крайніх палюсоў, ні цэнтр не атрымаюць большасці ў Нацыянальным сходзе. Пры другім сцэнары сфармаваць урад большасці будзе складана. Новы ўрад, сфармаваны ў такіх абставінах, не зможа дабіцца шмат чаго. Па іроніі лёсу, імкненне выбаршчыкаў да пераменаў можа прывесці да паралічу», – адзначае брытанскае выданне.

1 ліпеня эстафета старшынства ў Радзе ЕЗ пераходзіць да Венгрыі. Стаўленне венгерскага ўрада да рашэнняў Еўразвязу і спробы блакаваць такія, асабліва па пытанні вайны Расеі супраць Украіны, шырока крытыкаваліся  раней і ўжо выклікалі сумневы ў прыдатнасці гэтай краіны на такую ​​важную ролю. Старонкі еўрапейскай прэсы поўныя розных меркаванняў і адзнак з гэтай нагоды. «Старшынства Венгрыі стане момантам ісціны для Еўразвязу», – мяркуе брусельская Le Soir.

«Лозунг старшынства Венгрыі ў Радзе ЕЗ, вытрыманы ў трампаўскім духу – Зробім Еўропу зноў вялікай! – выклікае занепакоенасць? Гэта (пакуль што) усяго толькі лозунг, які, безумоўна, накіраваны на тое, каб правакаваць грамадскасць! Тым больш што інклюзіўнасць стала лейтматывам саміту ЕЗ і сведчыць пра жаданне ўцягнуць у працу ўсіх (нават Джорджыю Мелані і… Віктара Орбана). Наступныя шэсць месяцаў пакажуць, ці будзе Віктар Орбан гуляць па правілах – ці канчаткова давядзе, што ён мае намер разваліць еўрапейскую машынерыю. Якім бы ні быў адказ, ён унясе яснасць, прычым у момант, калі гэтак любімы Будапештам суверэнізм працягне набіраць абароты – як на ўзроўні Еўразвязу, так і на ўзроўні асобных краін супольнасці», – падкрэслівае бельгійскае выданне.

У Злучаных Штатах прайшлі першыя тэледэбаты кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і Дональда Трампа. Супернікі не скупіліся на нападкі ў адрас адзін аднаго. Байдэн назваў Трампа хлусам і злачынцам з “мараллю бяздомнага ката”. Трамп жа галаслоўна заяўляў, што міграцыйная палітыка “найгоршага з усіх прэзідэнтаў ЗША” прывяла да росту злачыннасці. «Тэледвубой толькі ўзмацніў сумневы ў правільнасці стаўкі на Байдэна», – лічыць хельсінкская Ilta-Sanomat.

«Байдэн кашляў, падбіраў словы, глядзеў шклянымі вачыма ў камеру, выглядаў стомленым – увогуле, быў гэтак жа харызматычны, як і выцвілыя бабуліны шпалеры. Акрамя ўласнай няўпэўненасці ён яшчэ быў занадта добры да свайго апанента. Найважнейшыя козыры дзейнага прэзідэнта – пытанне аб абортах і судовы прысуд Трампу – гулялі ў дэбатах толькі другарадную ролю. Насенне сумневу з нагоды здольнасці Байдэна кіраваць, былі пасеяныя яшчэ да пачатку дэбатаў, але зараз, судзячы па рэакцыі на тэледвубой, яны далі магутныя парасткі», – наракае фінскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка

Фота: vedomosti.ru