Сумесная трэніроўка вайскоўцаў Беларусі і Кітая пройдзе каля мяжы з Польшчай. Францыя перад паваротам направа? Амбасадар направа – для чаго Орбан прыехаў у Маскву? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Сумесная трэніроўка падраздзяленняў Узброеных сіл Беларусі і Кітая пройдзе паблізу горада Берасце», – паведамляе ўкраінскае выданне UAWire. Адзначаецца, што «сумесныя манёўры» пройдуць у рамках «гадавога плана і кітайска-беларускіх дамоўленасцяў».
«Заняткі будуць сканцэнтраваныя на антытэрарыстычнай трэніроўцы, падчас якой вайскоўцы з дзвюх краін будуць сумесна выконваць аперацыі па вызваленні закладнікаў і антытэрарыстычныя аперацыі. Сумесная трэніроўка закліканая павысіць узровень падрыхтоўкі і каардынацыйных магчымасцяў падраздзяленняў, якія ўдзельнічаюць, паглыбіць практычнае супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі дзвюх краін.
Берасце знаходзіцца побач з беларуска-польскай мяжой і недалёка ад мяжы з Украінай. Хто вызначаў месца сумеснай трэніроўкі, невядома. Самі манёўры пройдуць 8–19 ліпеня. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны КНР Лі Шанфу 17 жніўня 2023 года заявіў, што ваеннае супрацоўніцтва дзвюх краін «ні ў якім разе не будзе накіраванае супраць трэціх краін». Адметна, што неўзабаве пасля вяртання з Беларусі Лі Шанфу перастаў з’яўляцца ў публічнай прасторы. У кастрычніку стала вядома, што ён адхілены ад пасады. У чэрвені 2024 года Камуністычная партыя Кітая абвясціла аб выключэнні былога военачальніка са сваіх шэрагаў за «дысцыплінарныя і прававыя парушэнні» — Лі Шанфу абвінавачаны ў атрыманні хабараў і подкупе іншых асоб», – піша ўкраінскае выданне.
«Якімі б не былі вынікі другога тура выбараў у парламент, якія праходзяць зараз у Францыі, яны могуць азначаць перамогу Расеі і зніжэнне дапамогі для Украіны», – да такой гаркавай высновы прыходзіць брытанскае выданне The Independent.
«Нават пры самым лепшым сцэнары дапамога Францыі Украіне, хутчэй за ўсё, пацерпіць, і цяжка ўявіць, што любы з вынікаў можа быць чымсьці іншым, як перамогай Масквы. Мажлівы два сцэнары: узначаліць французскі ўрад можа вельмі правы палітык, альбо парламент трапіць у падвешаны стан паміж партыямі «Адраджэнне» і «Нацыянальнае аб’яднанне». Калі пост прэм’ера зойме Жордан Бардэла, то Францыя не будзе пастаўляць Кіеву шмат дальнабойнай зброі і не накіруе на Украіну сваіх вайскоўцаў. Другі сцэнар прывядзе да таго, што заканадаўчы орган рэспублікі будзе паралізаваны ў тым, што тычыцца знешняй палітыкі. Нядзеля стала днём фінальнага тура датэрміновых выбараў у парламент рэспублікі, у выніку чаго і вызначыцца, ці ператворыцца правае «Нацыянальнае аб’яднанне» ў вядучую сілу ў заканадаўчым органе краіны і ці зойме старшыня партыі Жордан Бардэла пасаду кіраўніка ўрада. Напярэдадні лідар «Нацыянальнага аб’яднання» Марын Ле Пэн выказала меркаванне, што кіраўнік Францыі Эмануэль Макрон не накіруе вайскоўцаў ва Украіну, калі супраць гэтага будзе выступаць прэм’ер-міністр рэспублікі. Па сцвярджэнні Ле Пэн, прэм’ер ад яе партыі не дазволіць Украіне прымяняць пастаўленую Францыяй дальнабойную зброю для ўдараў па аб’ектах у РФ», – адзначаецца ў публікацыі.
З моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе Расея выглядае дыпламатычна ізаляванай, прынамсі на заходнім кірунку. З візітам прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана для Масквы тут з’явіўся доўгачаканы пералом. Бо і пасля анэксіі Крыма і вайны ў Данбасе Расея была ізаляваная, хоць і не так доўга, як зараз. Затое ў выхадзе з ізаляцыі паўдзельнічаў усё той жа Орбан. «Візіт Орбана ў Маскву – пацвярджэнне расейскай веры ў тое, што якой бы Расея ні была, Захаду ад яе нікуды не падзецца», – канстатуе амерыканскае выданне Carnegie Politika.
«На працягу некалькіх гадоў, нягледзячы на санкцыі, дыпламатычная і гандлёвая актыўнасць паміж Расеяй і Захадам у цэлым вярнулася да даваеннага ўзроўню. Гэтаму садзейнічала і змена лідараў на Захадзе. Прэзідэнты Дональд Трамп і Эмануэль Макрон, а пазней канцлер Олаф Шольц, новыя прэм’еры Італіі так ці інакш імкнуліся пачаць з Расеяй уласныя адносіны і дабіцца поспеху там, дзе не атрымалі поспех іх папярэднікі. Тады гэтыя кантакты Пуцін выкарыстаў не столькі для таго, каб шукаць кампраміс, колькі для таго, каб «прадушыць» партнёраў – даказаць ім сваю правату, якую не ўдалося даказаць іншым, і вырваць згоду на тое, на што яго не ўдавалася атрымаць раней. Орбан адзіны заходні лідар, які рэгулярна мае зносіны не толькі з Пуціным, але і з Трампам. Папярэдняя сустрэча адбылася ў сакавіку 2024-га. На фоне ваганняў у дэмакратычным лагеры ЗША гэты асабісты альянс набывае дадатковую вагу. Орбан, як лідар краіны, якая старшынюе ў ЕЗ у гэтым паўгоддзі (безуладны пост, які, аднак, дае некаторы ўплыў на парадак дня), плануе запрасіць Трампа на саміт ЕЗ у Будапешце. Менавіта ў якасці адначасовага суразмоўцы Пуціна і Трампа, ад якіх больш за іншых залежыць працяг вайны ва Украіне – бо адзін можа захацець ці не захацець ваяваць далей, а другі – памяншаць ці не памяншаць дапамогу, без якой не можа ваяваць Украіна», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Круг замкнуўся: турэцкія фанаты віталі сваю каманду на матчы з Нідэрландамі знакам нэафашысцкіх “шэрых ваўкоў”, а праводзілі яе з чэмпіянату Еўропы пасля паражэння пад лозунгам “Viva Palestine”. «Аднак пасля заўзятары зборных па футболе Турцыі і Нідэрландаў учынілі масавую бойку ў Берліне», – паведамляе кіргізскае выданне Vesti.
„Высвятляць адносіны фанаты сталі пасля гульні, у якой футбалісты з Амстэрдама абгулялі сваіх апанентаў з лікам 2:1. Пра пацярпелых улады пакуль не паведамлялі. Нагадаем, раней падчас еўрапейскага чэмпіянату па футболе жэст турэцкага футбаліста Мерыха Дэмірала выклікаў скандал. Падчас гульні супраць зборнай Аўстрыі, турэцкі абаронца паказаў рукамі знак “Шэрых ваўкоў”, які выкарыстоўваюць члены радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыі. Ва УЕФА дыскваліфікавалі Дэмірала на дзве гульні», – адзначае кіргізскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота: ІА “Ваяр”