BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Складаны год

Беларусь як пагроза. Чаму на ўкраінскім фронце без перамен. Працяг вайны на Блізкім Усходзе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Напачатку года сусветныя выданні даюць прагнозы. Амерыканскі часопіс Foreign Policy, які крытычна ацэньвае перспектывы Украіны, на сваіх старонках закранае тэму Беларусі ў 2024 годзе. Так, нарыс «Крах Беларусі» стаўся часткай вялікага артыкула «8 наспяваючых пагроз, якія нельга ігнараваць у 2024 годзе».

«За апошнія гады адбылася «мяккая анэксія» Беларусі, і Расея паставіла пад свой кантроль эканоміку, уладу і войска суседняй краіны. Поўнай марыянеткай Расеі Беларусь, аднак, не стала. У 2024 годзе Крэмль, адчуваючы праблемы з асабовым складам, запатрабуе ад Лукашэнкі больш актыўна падтрымаць вайну ва Украіне. Лукашэнка, пэўна, будзе супраціўляцца. Расея яго зрыне з пасады і паспрабуе прывесці да ўлады кіраванага лідара, але назваць зараз канкрэтную асобу немагчыма. У выніку ў Беларусі справа дойдзе да грамадзянскага супрацьстаяння, а барацьба за ўладу можа мець узброены характар. Не выключана, што Святлана Ціханоўская ў такой сітуацыі паспрабуе вярнуцца ў краіну, каб згуртаваць антырасейскія сілы і супернікаў Лукашэнкі. Самому ж Лукашэнку мела б сэнс пры такіх абставінах уцячы на Захад, каб не падзяліць лёс Прыгожына, але з гэтым праблема: у Польшчы і краінах Балтыі яго ўжо чакаюць пракуроры. У выпадку нестабільнасці з Беларусі ў суседнія краіны можа хлынуць паток бежанцаў. Іх колькасць можа перавысіць 1.000.000 чалавек», – будуе змрочныя пагрозы амерыканскае выданне.

***

У адрозненне ад 2022 года, у мінулым годзе вялікіх змен на фронце ва Украіне не адбылося, баявыя дзеянні, як уяўляецца, застапарыліся. Прэса ў свеце разважае пра тое, якія высновы можна зрабіць па сканчэнні дванаццаці месяцаў. «Цяпер ідзе вайна на знясіленне», – заўважае заграбская газета Jutarnji list.

«Пуцін можа колькі заўгодна паўтараць, што, маўляў, «Расея перахапіла ініцыятыву», але відавочна, што на фронце склалася патавая сітуацыя. Паводле паведамленняў Бі-бі-сі, ні ў Расеі, ні ва Украіны няма сілаў на правядзенне вырашальнай аперацыі, на якую не запатрабавалася б выдаткаваць абсурдна вялікай колькасці рэсурсаў: тэхнікі, боепрыпасаў і, галоўнае, салдат. У сілу сітуацыі, якая склалася, Масква, як пацвярджае і шэраг расейскіх ваенных аналітыкаў, выбрала ў дачыненні да Украіны «тактыку знясілення», са зважаннем на тое, што ў Расеі больш рэсурсаў, як чалавечых, так і эканамічных, ваенных і палітычных. Менавіта такім чынам Масква мае намер паставіць Украіну на калені», – канстатуе харвацкае выданне.

***

У новым годзе Ізраіль працягнуў свой наступ на пазіцыі баевікоў ХАМАС у сектары Газа. Акрамя гэтага, ізраільскія дроны нанеслі ўдары па ліванскай тэрыторыі ў адказ на абстрэлы з таго боку, аб чым заявіла Армія абароны Ізраілю. Прадстаўнікі ХАМАС і ліванскай Хезбалы паведамілі аб тым, што ў выніку ізраільскага ўдару ў Бейруце быў забіты адзін з кіраўнікоў ХАМАС. Аглядальнікі мяркуюць, што сітуацыя можа зайсці ў тупік. Сярод іх і цюрыхская газета Tages-Anzeiger.

«Прэм’ер-міністр Ізраілю Біньямін Нетаньяху спадзяецца на перамогу Трампа ў ЗША. З Трампам Нетаньяху распрацаваў сваю знешнепалітычную стратэгію, якая на працягу доўгага часу, здавалася, абяцала поспех. Цяпер жа ні адна арабская краіна не можа дазволіць сабе заключыць мір з Ізраілем, незалежна ад таго, як скончыцца вайна ў Газе. Прэзідэнт ЗША пачынае ціснуць на Нетаньяху, з тым каб той скончыў вайну і знайшоў рашэнне, разам з палестынцамі. Нетаньяху – ці яго пераемнік – павінен зрабіць выбар на карысць прымальнай прапановы аб міры. Нават калі Ізраілю атрымаецца ліквідаваць усіх баевікоў ХАМАС, праз пяць гадоў іх пагалоўе вырасце ўдвая – калі не будзе далягляду справядлівага міру», – папярэджвае швейцарскае выданне.

***

Вярхоўны суд Ізраіля адмяніў ключавы элемент спрэчнай судовай рэформы урада Біньяміна Нетаньяху. 8 з 15 суддзяў прагаласавалі супраць унясення ў закон так званага аргументу прымальнасці, прынятага ў ліпені 2023 года. У выпадку ўнясення такой змены Вярхоўны суд пазбавіўся б магчымасці класіфікаваць рашэнні ўрада як «неправамерныя» і адмяняць іх. «Рашэнне суда не паклала канец гэтай спрэчцы», – лічыць лонданскі штотыднёвік The Economist.

«Рашэнне Вярхоўнага суда, які паставіў заслон планам урада і тым самым абараніў сваю ўладу і паўнамоцтвы, з’яўляецца вельмі смелым, асабліва на фоне таго, што ў Ізраілі няма афіцыйнай, прапісанай канстытуцыі, якая ўстанаўлівала б падзел уладаў. Тым не менш, гэтае рашэнне ўсё роўна не пакладзе канец бітве за характар ізраільскай дэмакратыі, якая вядзецца паміж правымі і рэлігійнымі элементамі грамадства з аднаго боку, і ліберальнымі, свецкімі яго прадстаўнікамі – з другога. Калі Ізраіль абвясціў незалежнасць у 1948 годзе, прыняцце канстытуцыі было адкладзена, паколькі рознагалоссі здаваліся цяжкавырашальнымі, а сама краіна была вымушана весці вайну», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.