Затрыманы ў Тайландзе расейска-беларускі рок-гурт-дысідэнт вылецеў у Ізраіль. ЕЗ узгадніў дапамогу Украіне: Венгрыя саступіла. Якія перспектывы перамір’я паміж Ізраілем і «Хамасам»? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Фота: rg.ru
«Папулярны гурт, калісьці заснаваны ў Беларусі, трапіў у няласку пуцінскага рэжыму з-за публічнай крытыкі вайны ва Украіне. “БІ-2″ пацвердзілі на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook, што ўсе музыкі гурта шчасна пакінулі Тайланд і накіроўваюцца ў Тэль-Авіў», — сочыць за сітуацыяй брытанская газета The Independent.
«Рада нацыянальнай бяспекі Тайланда пад старшынствам прэм’ер-міністра Срэтты Тавісін узяў на сябе адказнасць за справу ў сераду. Раней іміграцыйныя службы Тайланда затрымалі семярых чальцоў групы без дазвола на працу. З тых часоў гурт паведаміў, што іх удзельнікаў перавялі ў Бангкок і заключылі ў турму. Вакаліст гурта Ігар Бортнік быў названы расейскімі афіцыйнымі асобамі «інагентам» пасля таго, як ён крытыкаваў Пуціна. Ён, як і сотні музыкаў, пакінуў Расею пасля ўварвання Масквы ва Украіну. The Guardian паведаміла, што прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава абвінаваціла групу ў спансаванні тэрарызму пасля таго, як яны падтрымлівалі Украіну. Тайланд расправіўся з расейскімі артыстамі-дысідэнтамі яшчэ да затрыманняў “БІ-2”. Улады Пхукета адмянілі выступы двух вядомых расейскіх стэндап-комікаў Максіма Галкіна і Руслана Белага, таксама вядомых сваёй антываеннай пазіцыяй. Абодвух комікаў Крэмль назваў «інагентамі». Раней паведамлялася, што ізраільскія дыпламаты прапанавалі рок-гурту паехаць у Тэль-Авіў, аднак пасля ўмяшання расейскага консула ім было адмоўлена. Арганізатары канцэртаў гурта ў Тайландзе VPI Event сцвярджаюць, што расейскае консульства са снежня мінулага года вядзе актыўную агітацыю за адмену канцэртаў. Яны таксама паведамілі, што адчуваюць «беспрэцэдэнтны ціск» у сваіх намаганнях забяспечыць выезд групы. Беларуская апазіцыянерка ў выгнанні Святлана Ціханоўская напісала ў X/Twitter: «Мяне хвалюе сітуацыя з беларускім рок-гуртом “БІ-2”. Цяпер абсалютна ясна, што за аперацыяй па дэпартацыі гурта стаіць Расея», – адзначае брытанскае выданне.
***
Рашэнне, якога ўсе чакалі затаіўшы дыханне, прынята: на перыяд аж да 2027 года ўключна Еўразвяз выдзеліць Украіне пакет дапамогі ў 50 мільярдаў еўра. Па выніках інтэнсіўных перамоваў Венгрыя зняла свае пярэчанні, хоць, мяркуючы па ўсім, было абумоўлена, што расходаванне выдаткаванай фінансавай дапамогі будзе правярацца кожныя два гады. Магчымыя змены зноў жа запатрабуюць згоды ўсіх краін ЕЗ. Хаця аглядальнікі і вітаюць рашэнне, у залішні аптымізм яны не ўпадаюць. «ЕЗ павінен думаць зусім іншымі катэгорыямі», – лічыць капенгагенская газета Politiken.
«Калі Расея выйграе вайну, гэта стане катастрофай не толькі для ўкраінцаў, але і для ўсёй Еўропы. У цэлым Еўропа нашмат багацей і валодае куды большымі рэсурсамі, чым Расея. Але ў той час, як ЕЗ збіраецца траціць на ваенныя патрэбы толькі малую кроплю свайго ВУП, Расея перавяла ўсё сваё грамадства на рэйкі ваеннай эканомікі і павялічыла выдаткі на абарону да шасці працэнтаў ВУП. Пакуль мы вагаемся і марудзім з падтрымкай, русейцы пайшлі ва-банк. Нам трэба значна больш інвеставаць у абаронную вытворчасць, каб можна было аказваць большую падтрымку і не быць настолькі залежнымі ад ЗША», – піша дацкае выданне.
***
«Хамас» пакуль не ўхваліў умовы ўгоды з Ізраілем па вызваленні закладнікаў. Аб гэтым паведаміў тэлеканал Al Arabiya са спасылкай на крыніцы ў шэрагах руху. 1 лютага афіцыйны прадстаўнік МЗС Катара Маджыд аль-Ансары заявіў, што Ізраіль пагадзіўся з агульнымі палажэннямі здзелкі, якія былі выпрацаваны на перамовах у Парыжы. Прадстаўнік прэм’ер-міністра Ізраілю ў гутарцы з РБК не пацвердзіў заключэнне перамір’я. Паводле яго слоў, такія пытанні будуць абмяркоўвацца з ваенным кіраўніцтвам краіны. Аднак СМІ ужо публікуюць дэталі дамовы. На першым этапе нібыта прапануецца спыніць баявыя дзеянні на 40 дзён. Затым «Хамас» павінен адпусціць 100 грамадзянскіх закладнікаў, якія засталіся. Пасля гэтага будзе абмяркоўвацца вызваленне ізраільскіх вайскоўцаў і перадача целаў загінуўшых. «Прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху вядзе дзве паралельныя бітвы: ваенную ў сектары Газа, а таксама палітычную ў Ізраілі, і ні адна з іх не ідзе па плане», – адзначае The New York Times. «Не існуе відавочнага шляху, які мог бы пакласці канец вайне і дагадзіць ізраільскім правым сілам. Чым хутчэй скончыцца супрацьстаянне ў сектары Газа, тым хутчэй Нетаньяху давядзецца адказаць на пытанне аб будучыні тэрыторыі, а гэта можа паставіць пад пагрозу яго ўладу. Апытанні паказваюць, што прэм’ер-міністр лёгка прайграе выбары, калі б яны адбыліся на днях», – канстатуе амерыканскае выданне.
***
З прычыны засухі, якая працягваецца, урад Каталоніі ўвёў у 200 муніцыпалітэтах акругі Барселона і асобных раёнах акругі Жырона надзвычайнае становішча. Гэта азначае, што за дзень на аднаго чалавека можна расходаваць максімум 200 літраў вады. Аграрным прадпрыемствам прадпісана скараціць расход вады на 80 працэнтаў, прамысловым – на 25 працэнтаў. У сваім артыкуле барселонская газета El Periódico de Catalunya катэгарычна ў ацэнках.
«Нам патрэбныя структурныя перамены. Мы павінны таксама казаць і аб попыце, а не толькі аб прапанове. Гадаванне на экспарт мільёнаў свіней, якое не мае нічога агульнага з самадастатковасцю ў сферы забеспячэння прадуктамі харчавання, прыводзіць да празмернага расходу вады, які вылічаецца многімі кубічнымі гектаметрамі, забруджвання грунтавых вод, і праблемамі з водазабеспячэннем. Заахвочваць турыстычны «бум» азначае спажываць ваду, якой у нас няма, тое ж самае тычыцца палёў для гольфа ці плантацый для вырошчвання авакада. Гэта засуха павінна прымусіць нас зразумець, што мы павінны не толькі аптымальна расходаваць кожную кроплю вады, але і ў першую чаргу падумаць аб належным землекарыстанні – у рэгіёне, які асабліва пакутуе ад наступстваў змен клімату», – заклікае каталонскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя






