Ключавы хаўруснік Пуціна раскрывае, чаму ён не пачаў уварванне ва Украіну. Удар Ірана па Ізраілі: свет чакае, як адкажуць ізраільцяне. Прэзідэнт Дуда на саміце Ініцыятывы трох мораў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Лукашэнка адхіліў перспектыву ўступлення Беларусі ў вайну ва Украіне, якую распачаў ягоны найбліжэйшы паплечнік Уладзімір Пуцін, бо гэта «згуляла б на руку NATO». «Лукашэнка спадзяваўся на тое, што Пуцін захавае ўладу ў Менску пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, і хоць ён дазволіў прэзідэнту Расеі выкарыстоўваць Беларусь у якасці плацдарма для наступу на Украіну, ён пазбягаў непасрэднага ўдзелу ў вайне», – піша амерыканскае выданне Newsweek.
«Размяшчэнне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі і падпісанае ў студзені пагаднення аб умацаванні больш цесных эканамічных сувязяў з Масквой, на падтрымку якой разлічвае Лукашэнка, выклікалі здагадкі, што Менск можа адыграць большую ролю ва Украіне. Аднак у пятніцу Лукашэнка заявіў журналістам, што ўступаць у вайну «такой неабходнасці няма і не будзе».
Часткова гэта адбываецца таму, што Расеі патрэбная «мірная, ціхая» Беларусь як сусед, паколькі гэта прыніжае погляд міжнароднай супольнасці на краіну, якой ён кіруе жалезнай рукой, як на «суагрэсара» з Масквой ва Украіне. Ён назваў і іншыя прычыны неўступлення ў вайну, заявіўшы, што такі крок будзе азначаць павелічэнне фронту на тысячы кіламетраў.
6 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што не бачыць аніякіх планаў новага расейскага наступу з тэрыторыі Беларусі. Беларуская апазіцыя заявіла, што прамы ўдзел Менска малаверагодны і можа пагражаць утрыманню Лукашэнкі ва ўладзе ў краіне, насельніцтва якой выступае супраць вайны.
У пятніцу Лукашэнка таксама заявіў, што ні ён, ні Пуцін «не жадаюць пакут братэрскаму ўкраінскаму народу», бо ён абараніў удары Расеі па энергетычных цэнтрах як належны адказ на ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў па нафтаперапрацоўчых заводах, якія нанеслі ўдар па ваеннай машыне Расеі і буйному экспарту. У мінулым месяцы Лукашэнка наведаў свае войскі каля беларускай мяжы з Літвой, членам NATO, і выступіў з пагрозай у адрас альянсу, які праводзіць ваенныя вучэнні ў балтыйскай краіне», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Найбуйнейшая атака беспілотнікаў у гісторыі, якую здзейсніў Іран, абярнулася для Тэгерана ў сапраўднасці ганебным правалам. Пра сам напад было вядома яшчэ тыдзень таму. За беспілотнікамі можна было назіраць анлайн. Амаль усе яны былі збітыя і мэты не дасягнуты. Дадзены факт не перашкаджае іранскаму кіраўніцтву заяўляць аб «фенаменальнай перамозе». Ізраіль, у сваю чаргу, ужо нанёс удары па тэрыторыі Сірыі і Лівана.
«Выглядае так, што Масква расчараваная «эфектыўнасцю» свайго іранскага саюзніка, маўчыць, чакае і спадзяецца на працяг з боку Тэгерана. Захад, сам Іран і непасрэдныя суседзі Ізраіля вельмі хацелі б, каб Іерусалім устрымаўся ад дадатковых адказаў. Цяпер Тэгеран і яго напарнікаў чакае ізраільскі адказ. Прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі папярэдзіў, што любыя новыя атакі выклічуць значна больш жорсткі адказ з боку Ірана. Выглядае, што настрой у Тэгеране накіраваны на дээскалацыю і зніжэнне напружанасці. І вайскоўцы, і ўрадавыя службоўцы, відаць, задаволеныя вынікамі начнога нападу. Падобна, што, даўшы Ізраілю дастаткова часу для прыняцця абарончых мер, Іран не меў намераў наносіць далейшыя пашкоджанні і павялічваць колькасць ахвяр», – перадае міжнародная служба ВВС.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які ўдзельнічаў у саміце Ініцыятывы трох мораў у Вільні, пацвердзіў, што Польшча будзе абараняць Літву ў выпадку нападу на апошнюю. «Раней у публічнай прасторы ўзніклі дыскусіі пра тое, што юрыдычныя абмежаванні могуць перашкодзіць ваеннай дапамозе Польшчы», – піша літоўскае выданне Delfi.
„Польская армія прыйдзе абараняць Літву. Прэзідэнт Дуда заявіў, што і Літва, і Польшча з’яўляюцца сябрамі NATO і маюць дакладныя абавязацельствы па калектыўнай абароне артыкула 5, а калі гэтыя абавязацельствы будуць парушаныя, гэта будзе азначаць катастрофу, якая прывядзе да распаду NATO. Па словах кіраўніка дзяржавы, узніклі б пытанні пагрозы бяспецы, якія не спасылаліся б на 5-ы артыкул NATO, і гэтае пытанне трэба было б вырашаць на двухбаковым узроўні паміж урадамі, якія маглі б дамовіцца аб узаемнай дапамозе. Як паведамлялася раней, падчас візіту ў Літву ў лютым генерала ЗША ў адстаўцы Бэна Ходжэса, былога камандуючага арміяй ЗША ў Еўропе, ён заявіў, што ў выпадку нападу польскія ўзброеныя сілы могуць не прыйсці на дапамогу Літве. Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ адзначыла, што польскія законы сапраўды не абавязваюць краіну-суседку адпраўляць свае сілы ў Літву. Гэтыя заявы выклікалі дыскусіі ў грамадскай сферы: адны крытыкавалі ўрад за тое, што ён не ўрэгуляваў юрыдычныя фармальнасці, а другія адзначалі, што прэтэнзіі беспадстаўныя, паколькі існуюць прынцыпы калектыўнай абароны NATO і рэгіянальныя планы абароны. Пазней Шыманітэ сказала, што яе няправільна зразумелі і ніколі не сцвярджала, што ў выпадку нападу Польшча не прыйдзе на дапамогу. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа таксама заявіў, што для Польшчы няма абмежаванняў на ўвод войскаў у Літву ў выпадку вайны. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, які наведаў Вільню ў сакавіку, яшчэ раз пацвердзіў, што ваенная салідарнасць паміж дзвюма краінамі не выклікае сумневаў», – канстатуе літоўскае выданне.
Сталі вядомыя дэталі плана Трампа па спыненні канфлікту ва Украіне. Кандыдат у прэзідэнты ЗША неаднаразова заяўляў, што ён ведае спосаб, як спыніць баі за 24 гадзіны, але ніколі не раскрываў падрабязнасці. Цяпер сутнасць тлумачыць The Washington Post: «прапанова Трампа заключаецца ў тым, каб прымусіць Кіеў саступіць Маскве Крым і прымежны Данбас. Выданне ўдакладняе, што план абмяркоўваўся канфідэнцыйна, у закрытым коле. Афіцыйна ніякіх заяваў па-ранейшаму няма. Пры гэтым і Расея, і Украіна хочуць выйсці з канфлікту, «захаваўшы твар», сцвярджаюць крыніцы газеты.
«План Трампа складаецца ў ціску Вашынгтона на Кіеў: Украіна павінна пайсці на тэрытарыяльныя саступкі, тым больш што жыхары некаторых рэгіёнаў і самі не супраць перайсці ў склад Расеі. Але і Масква, і Кіеў шукаюць выйсце, каб пры гэтай здзелцы захаваць твар. Такі падыход, па-першае, цалкам супярэчыць пазіцыі Джо Байдэна, які выступае за ваенную падтрымку Украіны, каб яна магла працягваць ваяваць. А, па-другое, перадача Маскве Крыма і Данбаса стане апраўданнем сілавога парушэння межаў дзяржавы і ўзнагародай для Уладзіміра Пуціна. У перадвыбарным штабе Дональда Трампа на запыт The Washington Post адказалі, што любая інфармацыя аб яго планах зыходзіць з неназваных і недасведчаных крыніц, якія паняцця не маюць, што адбываецца і адбудзецца», – адзначае амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка
Фота канцылярыі прэзідэнта Літвы






