- Замах на Трампа – павелічэнне шанцаў на перамогу?
- Лукашэнка даў згоду на забойства грамадзяніна Нямеччыны – калі адрэагуе Еўропа?
- Літва і Латвія пераследуюць беларускія легкавікі, але закупляюць расейскае збожжа – вечны выбар між зняць крыжык ці надзець майткі
- У палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк выявілі цяжкі стан здароўя

Увесь мінулы тыдзень абмяркоўвалі замах на жыццё Дональда Трампа.
Экс-прэзідэнт ЗША і цяперашні прэтэндэнт на пасаду галавы амерыканскай дзяржавы Дональд Трамп фактычна дзівам пазбегнуў смерці ад кулі самадзейнага стралка. Цяпер ужо мала хто сумняецца, што стралок – малады чалавек на імя Томас Крукс – не належаў да той ці іншай арганізацыі, і забойства замысліў самастойна.
Тым не менш, замах моцна паўплываў на шанцы Дональда Трампа другі раз стаць прэзідэнтам.
Палітычныя аглядальнікі звязваюць з замахам той факт, што з Трампа знятае сур’ёзнае судовае звінавачванне, якое магло зашкодзіць Трампу ў ягоных прэтэнзіях на галоўны фатэль у Белым Доме.
Як зменіцца палітыка ЗША адносна падтрымкі Украіны – ніхто прагназаваць не бярэцца, бо Трамп можа казаць адное, а рабіць іншае. А нам беларусам важныя поспехі ў барацьбе супраць Расеі, бо чым слабейшая Расея, тым мацнейшыя нашы шанцы на вызваленне ад дыктатуры.
Рыка Крыгер (Rico Krieger) – так завуць грамадзяніна Нямеччыны, якога Менскі абласны суд у канцы чэрвеня бягучага году прысудзіў да смяротнага пакарання.
Гісторыя заблытаная, таму, магчыма, пакуль няма шырокай рэакцыі з боку як афіцыйных асобаў у Еўропе, гэтак з боку грамадскіх арганізацый.
Пакуль вядома з падачы лукашэнкаўскіх чыноўнікаў наступнае. Нібыта Крыгер служыў у ЗСУ, і здзяйсняў дыверсійную дзейнасць на сутыку Украіны, Беларусі і Расеі. Што Крыгер трапіў у палон да расейцаў і чамусьці быў выдадзены імі лукашэнкаўскаму боку.
І вось цяпер, нібыта, Крыгера плануюць расстраляць за тое, што ён найміт, агент, тэрарыст, экстрэміст, незаконны ўладальнік зброі і разбуральнік чыгуначных рэек ды транспартных сродкаў.
Ці наважыцца Лукашэнка забіць грамадзяніна Нямеччыны, ці ўсё названае ёсць спецаперацыяй для пачатку «дыялогу з Захадам» – пакажа час.
На мінулым тыдні Літва і Латвія забаранілі праезд праз свае межы легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах. А таксама забавязалі пазбавіцца ад беларускіх нумароў беларускіх грамадзянаў, якія стала жывуць у Літве і Латвіі.
Усё можна было б прынамсі паспрабаваць зразумець, калі б не факт – Літва і Латвія на першых месцах у Еўропе па закупах расейскага збожжа. А ў першым паўгоддзі 2024 году паднялі закупы на 40%.
Вы робіце нязручнасці для беларусаў за тое што? Што ў 2020 годзе голымі рукамі не перамаглі ўзброеных да зубоў наймітаў Лукашэнкі?
Адказ, мяркую, больш празаічны. Да ўлады прыйшлі цынікі, якія на публіку ламаюць камедыю – маўляў, вось як мы змагаемся з краінай, якая дапамагае Расеі ў вайне супраць Украіны. У рэальнасці ж самі дапамагаюць Расеі, кіраўніцтву якой ад санкцый ні горача ні халодна.
На мінулым тыдні затапіла Менск. Сіноптыкі кажуць, што гэта была самая вялікая залева за ўсю гісторыю назіранняў за надвор’ем, якое ў Менску было арганізаванае ў 1849 годзе.
Але больш паказальная бура, якая прайшлася па ўсёй Беларусі і так моцна пашкодзіла лініі электраперадач, што Мазырскі нафта-перапрацоўчы завод (НПЗ) спыніў сваю працу. А беларускія НПЗ не хаваюць, што робяць у тым ліку прадукцыю для расейскага войска.
Цягам мінулага тыдня лукашэнкаўскія карнікі працягвалі затрымліваць беларусаў, якія вярталіся з-за мяжы. Ім прад’яўлялі інтэрнэтаўскую ці рэальную актыўнасць у 2020 годзе.
А ў палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк выявілі цяжкі стан здароўя – хранічны панкрэатыт. Такое захворванне вымагае вельмі далікатнай харчовай дыеты, мала магчымай ва ўмовах турмы.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






