BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд замежнай прэсы

Заяўкі на пашпарт Новай Беларусі пачнуць прымаць з 26 студзеня. Вайна ва Украіне: што плануе Трамп? Харватыя: Мілановіч пераабраны прэзідэнтам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Здымак ілюстрацыйны

“Заяўкі на пашпарт Новай Беларусі пачнуць прымаць на форуме “Беларусы годныя лепшага” 26 студзеня, распавёў Марыюс Гудзелайціс, які з лета 2024 года займаецца праектам пашпарта Новай Беларусі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце”, – перадае DW.

“Падаць заяўку можна толькі асабіста. Для гэтага патрэбны “стары” пашпарт РБ, нават пратэрмінаваны, і дакумент, які пацвярджае легальнае знаходжанне ў Еўрасаюзе, то бок ВНЖ ці дакументы пра абарону. Збор за афармленне – 97 еўра, тэрмін вырабу – каля тыдня. Друкаваць дакумент будуць у Беларускім пашпартным цэнтры ў Вільні, дзе ўжо ўстаноўлена абсталяванне, наладжана сістэма збору біяметрыі і верыфікацыі звестак. Ніхто не зможа даведацца, ёсць у чалавека дакумент ці не. Тэхнічна дакумент “адпавядае міжнародным стандартам”, гэта пацвердзілі эксперты еўрапейскіх структур і ICAO – Міжнароднай арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, але падарожнічаць па гэтых пашпартах пакуль нельга. Па словах палітычнага дарадцы Ціханаўскай Франака Вячоркі, “наша мэта – каб гэты дакумент мог замяніць пашпарт замежніка, выкарыстоўвацца для паездак, а таксама замяняў пратэрмінаваныя пашпарты”, – перадае DW.

Новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мае намер неўзабаве сустрэцца з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, для таго каб абмеркаваць з ім сітуацыю вакол вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. Як заявіў Трамп падчас прэс-канферэнцыі ў сваім маёнтку Мар-о-Лага, ён ведае, што Пуцін хоча сустрэцца, і падрыхтоўка да размовы ідзе. Словы Трампa літаральна: ‘Мы павінны пакласці канец гэтай вайне!” Турынская La Stampa асцерагаецца таго, што будуць зроблены крокі насустрач Расеі.

«Розныя дарадцы абранага прэзідэнта, ды і сам Дональд Трамп дапускаюць уцечкі рознага роду намёкаў пра свае намеры ў дачыненні да Украіны, і намеры гэтыя відавочна перакрываюць усе ‘чырвоныя лініі’, праведзеныя на працягу апошніх трох гадоў як Кіевам, так і Вашынгтонам з Бруселем. А менавіта: прызнанне “тэрытарыяльнай рэальнасці” акупаваных Расеяй украінскіх рэгіёнаў, спыненне або абмежаванне дапамогі і адмова ва ўступленні Украіны ў НАТА – усе гэтыя ідэі адпавядаюць спісу жаданняў Масквы. Гатовасць Трампа сустрэцца з Пуціным таксама паўтарае жаданне Крамля абмяркоўваць лёс Украіны з амерыканскім прэзідэнтам, але не з тымі, хто непасрэдна ў гэтым канфлікце ўдзельнічае», – піша італьянскае выданне.

Зоран Міланавіч перамог у другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Харватыі. За яго была аддадзена пераважная большасць галасоў – больш за 74 працэнты. Такім чынам, дзейны прэзідэнт атрымаў адназначную перамогу над экс-міністрам Драганам Прыморацам, якога падтрымлівала кансерватыўная кіруючая партыя Харвацкая дэмакратычная садружнасць. Мілановіч – выхадзец з Сацыял-дэмакратычнай партыі, ён быў прэм’ер-міністрам з 2011 па 2016 год, а пасаду кіраўніка дзяржавы займае з 2020 года. «Нішто не змагло перашкодзіць пераканаўчай перамозе Міланавіча, »– каментуе люблянская газета Dnevnik.

“Гэта было зразумела яшчэ да выбараў. Харвацкая дэмакратычная садружнасць не пажадала пайсці на рызыку і паслаць на бітву палітычнага цяжкавагавіка, а вырашыла паспрабаваць шчасця з менш вядомым кандыдатам Прыморацам. Але нават той факт, што апошні выдаткаваў на сваю кампанію ў шмат разоў больш сродкаў, чым Мілановіч, і спрабаваў паўстаць годна, не змог кампенсаваць адсутнасць у яго палітычнага досведу. Апублікаваная ў мінулую пятніцу справаздачу пра меркаваны ўплыў расейскіх ботаў на перадвыбарную кампанію на карысць Міланавіча выглядаў адчайнай і слабой спробай у апошні момант хоць неяк паўплываць на зыход галасавання. Харваты свой выбар зрабілі – і выбралі такога прэзідэнта, якога хацелі», – піша харвацкае выданне.

Джо Байдэн падвёў вынікі сваёй знешняй палітыкі на пасадзе прэзідэнта. 13 студзеня ён выступіў у Дзярждэпартаменце з фінальнай прамовай. 46-ы кіраўнік Белага дома гаварыў пра адносіны з Кітаем, канфлікце на Блізкім Усходзе, а таксама аб ваеннай аперацыі Расеі на Украіне і рызыцы развязвання ядзернай канфрантацыі. Вынікі знешнепалітычнага курсу Байдэна падводзяць і амерыканскія СМІ, адзначаючы правалы і поспехі адыходзячага прэзідэнта. Politico ставіць у заслугу дэмакрату ўмацаванне сувязей з саюзнікамі.

«Мінулагодні саміт у Кэмп-Дэвідзе, дзе лідары Японіі і Паўднёвай Карэі пагадзіліся аднавіць узаемадзеянне, можна назваць “прарыўным”. Адзначым і згуртаванасць НАТА — альянс не толькі ратыфікаваў уступленне Фінляндыі і Швецыі, але і наблізіўся да ўзгодненых у 2014 годзе аб’ёмаў выдаткаў на абарону памерам 2% ВУП, хоць гэтага дамагаўся яшчэ Дональд Трамп у 2018-м. Павелічэнне выдаткаў звязана з дзеяннямі Расіеі. Што ж да Украіны, то яна апынулася ў хісткім становішчы. Правальную эвакуацыю з Афганістана ў 2021 годзе Байдэн прадставіў як абяцанае вяртанне амерыканскіх войскаў дадому.

Што ж тычыцца Ізраіля, то тут Белы дом спадзяецца на падпісанне мірнай дамовы да 20 студзеня. Джо Байдэна крытыкавалі за прадастаўленне саюзніку зброі і дыпламатычнай падтрымкі. Адыходзячы прэзідэнт разумее, што хутка Белы дом зойме чалавек, які раскрытыкаваў яго ўнутраную і знешнюю палітыку і пакляўся адмяніць яе практычна ўсімі магчымымі спосабамі, – падсумоўвае амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка