BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Гэтая навіна мяне не здзівіла, бо ўсё да гэтага ішло

Ад 1 жніўня сайт «Белсату» часова спыняе сваю працу праз тэхнічныя праблемы. Як паведамляюць у тэлеканалавым фэйсбуку, супрацоўнікі не маюць уплыву на вырашэнне праблемы і просяць прабачэння ў чытачоў, заклікаючы кіраўніцтва як мага хутчэй аднавіць працу сайта. Журналісты працягнуць ствараць кантэнт і публікаваць яго на старонках у сацыяльных сетках.

Разбіраемся ў гэтай сітуацыі.

Госць Рацыі — былая дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы.

Фота: Белсат

РР: Калі вы перасталі кіраваць каналам «Белсат», ці сачылі надалей за справамі ў рэдакцыі? Ці заходзілі на сайт «Белсату»? Бо я нагадаю сённяшнюю навіну: прыпынена праца сайту «Белсат».

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Канешне, сачыла за сайтам тэлеканала, бо цікавілася, што адбываецца з «Белсатам». І ўвогуле цікавілася, што адбываецца ў рэдакцыі. І таму не была асабліва здзіўлена тым, што сёння адбылося. Бо ўсё да гэтага ішло, каб праца сайта спынілася.

РР: Таксама былі выключаны трансляцыі на ютубе. Гэта ўсё ў адной палітыцы? Як вы гэта тлумачыце? І ці гэта ўвогуле палітыка, ці проста не даглядзелі?

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Я пакуль не гатова сказаць, ці гэта эфект адмысловай палітыкі, ці нейкай некампетэнцыі. Якія прычыны ўсяго гэтага? А прычыны такія. Тэлевізія «Белсат» мела досыць складаную сістэму дыстрыбуцыі ІТ, або інакш – інфармацыйнай дыстрыбуцыі. І гэтая сістэма была складаная для ліквідавання. Не было так, што сайт быў размешчаны на нейкім адным серверы. Акрамя таго телевізійны сігнал «Белсату» апрацоўваўся для інтэрнэту і накіроўваўся ў мабільныя аплікацыі і да ютубу. Польскае тэлебачанне пасля майго звальнення ліквідавала ў «Белсаце» тэхнічны аддзел. Гэта значыць, што «Белсат» цяпер не будзе кіаваць сваёй тэхнікай. А польская тэлебачанне не прыстасавана да таго тыпу дзейнасці.

РР: То бок, у польскіх рэдакцыях усё прасцей.

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Так. Наша інфармацыйная служба была пабудаваная пад акрэсленага спажыўца і патрэбы, яна была пабудаваная для працы на знешнюю інфармацыную прастору. З дапамогай ІТ-фірмы мы будавалі гэтую сістэму па частках, разбудоўвалася яна некалькі гадоў. Не ведаю, чаму гэта было зроблена, але польскае тэлебачанне, па-першае, спыніла плаціць гэтай фірме, затым была ліквідавана ўвогуле тэхніка «Белсату», затым быў звольнены кіраўнік тэхнікі «Белсату», затым яны заявілі, што зробяць аўдыт, і ў межах таго аўдыту заяўвілі, што нібыта мы заплацілі невядома за што. Цяжка пра гэта тлумачыць, бо гэта абсурдная сітуацыя. Тэлевізія вынесла абвінавачванне і скіравала да пракуратуры. Нібыта было выпісана 200 пустых фактур. Але гэта была аплата за працу той сістэмы. Я маю падазрэнне, што ў тэлевізіі не мелі ўяўлення, як тое працуе. І цяпер, у рамках усёй гэтай сітуацыі, фірма, якой спынілі плаціць ужо як тры месяцы і ўвогуле не паабяцалі далей плаціць, заявіла, калі тэлевізія не зменіць сваёй пазіцыі, то яны спыняюць усе паслугі, якія патрэбныя, каб сайт працаваў. Так і адбылося з 1 жніўня. Тэлевізія не пагадзілася заплаціць, да таго ж забрала абсталяванне, якое належыла той фірме. Таму так і адбылося.

Цалкам размова:

Размаўляў, Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя