Утопіі, бо ў названай сітуацыі расейска-беларускасці можна зрабіць толькі штосьці падобнае па форме на падручнік. Бо беларускія і расейскія інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў нават у часы самага махровага Савецкага Саюзу адрозніваліся інтэрпрэтацыямі гістарычных падзеяў. А ў СССР, як памятаем, імкнуліся зляпіць усе нацыянальнасці ды этнічнасці, і адпаведна гістарычныя візіі, у адну.

Прыблізна ад 2017 году свядомыя і несвядомыя агенты рускага міра ў Беларусі змагаюцца з Кастусём Каліноўскім як беларускім «Бандэрам», а воз і па сёння на месцы. Прынамсі, вуліцу Кастуся Каліноўскага ў Менску ніхто не чапаў.
Што ўжо казаць пра ратушы па ўсёй Беларусі, якія нагадваюць пра магдэбургскае права нашых гарадоў. Што ў падручніках напішуць – што нейкія акупанты далі гарадам свабоды?
А наперадзе ў рускамірцаў яшчэ столькі згадак пра не расейскі характар гісторыі Беларусі!
Вось як адрэагавала на заявы крамлёўскіх і лукашэнкаўскіх функцыянераў пра магчымасць агульнага падручніка па гісторыі Святлана Ціханоўская: «Рэжым ужо не раз спрабаваў перапісваць нашу гісторыю. Выкрэсліваў з падручнікаў памятныя даты, «адмяняў» нацыянальных герояў. Так робіць любая дыктатура: імкнучыся завалодаць мінулым, яна нацэльваецца кантраляваць будучыню».
А яшчэ ў сваім каментары Святлана Ціханоўская адзначыла, што ўся гэтая тэма нагадвае ёй часы СССР.
У тым сэнсе, што тады хлусілі, хлусяць і цяпер.
Так, у Савецкім Саюзе ўся ідэалогія была пабудаваная на падмане. Але дадам – на самападмане. Бо сярод іншага была задача выхаваць новую – адукаваную – генерацыю. Людзей, здатных канкураваць з калегамі з «загніваюшчага Захаду».
Сёння мне бачыцца прынцыпова іншая карціна. Задача лукашэнкаўцаў і наступных за імі рускамірцаў у тым, каб выхаваць людзей з абмежаванымі разумовымі здольнасцямі.
Навучыць людзей не думаць, а рэфлекторна адкідаць ад сябе думкі пра думкі.
Толькі ў адрозненне ад СССР, цяпер дзякуючы інтэрнэту кожны мае доступ да інфармацыі.
Пытанне толькі ў тым, каму тая ці іншая інфармацыя патрэбная.
Самі таго не разумеючы, служачыя Пуціна і Лукашэнкі спрабуюць распачаць эксперымент.
Мы вас падманваем, а вы калі захочаце – самі адшукайце праўду.
Падзел беларусаў на тых, каму трэба, і каму не трэба, працягваецца.
Каму трэба рабіць змены, зробяць іх.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






