Пасля доўгай дыскусіі Вярхоўная Рада Украіны 20 жніўня прыняла закон, які дэ-юрэ забараняе дзейнасць Расейскай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Украіны. У значнай ступені гэта датычыць Украінскай Праваслаўнай Царквы маскоўскага патрыярхату. Пра акалічнасці праблемнай сітуацыі размаўляем з айцом Георгіем Роем, праваслаўным святаром, аўтарам рэлігійнай перадачы «Крыначка» на нашым радыё.

РР: Вярхоўная Рада Украіны 20 жніўня забараніла дзейнасць Рускай Праваслаўнай Царквы ва Украіне. Што можна сказаць на гэтую тэмы?
Айцец Георгій Рой: Па-першае, я ўнёс бы такую карэктыроўку, што закон прыняты не спецыяльна пра РПЦ. І нават, наколькі я ведаю, у самім законе РПЦ не ўзгадваецца. А прыняты супраць дзейнасці тых рэлігійных арганізацый, якія маюць свае кіроўныя цэнтры ў краінах, якія ажыццяўляюць агрэсію супраць Украіны. І таму, канешне, царква маскоўскага патрыярхату пападае пад дзейнасць гэтага новапрынятага закону.
І сітуацыя няпростая з гэтым законам, з яго прыняццем, не зразумела як яшчэ ўсё павернецца. Бо мы ўсе добра ведаем, што закон гэта адно, а прымяненне закона, практыка прымянення закона – гэта крышку іншае. І таму мабыць самае галоўнае, як украінская дзяржава будзе канкрэтна прымяняць гэты закон, якія наступствы будуць чакаць рэлігійныя арганізацыі, звязаныя з Расеяй, у першую чаргу Украінскую Праваслаўную Царкву маскоўскага патрыярхату. І разам з тым я б сказаў яшчэ адну важную рэч: што ўкраінская дзяржава вельмі актыўна вядзе зараз перамовы з самой гэтай Украінскай Царквой маскоўскага патрыярхату, з канстанцінопальскім патрыярхатам, і ідзе гаворка пра тое, што для Украінскай Царквы маскоўскага патрыярхату будзе прапанавана іншае выйсце, каб не патрапіць пад дзейнасць гэтага закона. А менавіта гаворка ідзе пра стварэнне экзархата канстанцінопальскага патрыярхату ва Украіне.
То бок, вось гэтыя грамады, якія не гатовыя перайсці ў Аўтакефальную Украінскую Царкву, па розным прычынам, там ёсць і асабістыя адносіны, і г.д., яны змогуць атрымаць кананічнае выйсце, змогуць увайсці ў экзархат канстацінопальскага патрыярхату. То бок, канстанцінопальскі патрыярх прапануе яшчэ адзін крок зрабіць для ацалення вось гэтых падзелаў, і ён прапануе такое кананічнае выйсце з гэтай сітуацыі. І зараз шмат што будзе залежыць ад епіскапату, ад мітрапаліта Ануфрыя, які ўзначальвае Украінскую Праваслаўную Царкву, і ад святароў. Вось яны будуць прымаць рашэнні, як ім быць у гэтай сітуацыі. Ці пераходзіць у нейкую новаствораную структуру. Ці браць курс на існаванне пад дзейнасцю гэтага закону, які неяк усё ж такі паўплывае на жыццё гэтай царквы.
РР: Ведаем, што ва Украіне сітуацыя з рэлігійнымі абшчынамі, асабліва з праваслаўнымі, крышку не зразумелая. Бо было тры незалежныя цэрквы: была Украінская незалежная аўтакефальная царква, якая была эміграцыйнай структурай, потым была Украінская царква кіеўскага патрыярхату, а потым была маскоўскага патрыярхату. Маскоўскага і каеўскага патрыярхату мелі па 8-9 тысяч прыходаў. Падтрымка ў грамадстве царкве маскоўскага патрыярхату намнога меншая, але ўсё ж такі гэта ёсць вялікая структура. Ці гэтая сітуацыя будзе развівацца? Канстанцінопаль ужо перад 20-ым годам быў зацікаўлены, каб гэта была поўная аўтакефалія.
Айцец Георгій Рой: Так. Сітуацыя яшчэ далёкая ад стабільнасці. І мы бачым яе дынаміку, мы бачым вось гэтае развіццё. І ніводная з цэркваў, ні сама ўкраінская дзяржава – яны пакуль не задаволеныя тым станам украінскага праваслаўя, якое зараз існуе. І шукаюцца вось гэтыя выйсці, шукаюцца вось гэтыя магчымасці для пераадолення гэтага падзелу з аднаго боку, а з другога боку ўкраінская дзяржава вельмі настойліва шукае магчымасці вывесці ўкраінскае праваслаўе з падпарадкавання маскоўскага патрыярху. І гэта зразумела. Бо патрыярх Кірыл добраслаўляе гэтую вайну і ўсяляк яе падтрымлівае. І таму тут логіка дзеянняў украінскай дзяржавы цалкам зразумелая. І на сённяшні дзень гэтыя цэрквы, пра якія вы гаварылі, аўтакефальная, кіеўскі патрыярхат, частка маскоўскай царквы – яны стварылі новае аб’яднанне Праваслаўная Царква Украіны – Аўтакефальная Царква Украіны. А значная частка прыходаў епархіі Украінскай Праваслаўнай Царквы маскоўскага патрыярхату, па розных прычынах, не змаглі ўвайсці. Вельмі часта і асабістыя там нейкія адносіны, там і крыўды. І таму зараз менавіта гаворка пра тое, што магчыма будзе створаны такі экзархат з канстанцінопальскага патрыярхату. Але гэтае пытанне яшчэ адкрытае.
РР: Экзархат – гэта самае нізкая форма незалежнасці царквы. Бо найважнейшая – гэта аўтакефальная. Напрыклад, аўтакефальная Польская царква. Потым аўтаномная. Як, напрыклад, ёсць Фінская аўтаномная царква. І экзархат у Беларусі. Гэта найніжэйшая форма царкоўная незалежнасці? Так?
Айцец Георгій Рой: Гэта нават не форма незалежнасці. Гэта ўсё ж такі структурная адзінка царквы. Экзархаты, як правіла, маюць свае сіноды і г.д. То бок, для Украіны хутчэй за ўсё калі гэта экзархат узнікне, то гэта будзе такім часовым вырашэннем сітуацыі з разлікам на тое, што паступова-паступова гэтыя дзве цэрквы – Праваслаўная Царкава Украіны і вось гэты экзархат – яны ўсё ж такі будуць ісці на збліжэнне, і праз нейкі час, можа праз пяць-дзясяць-дваццаць гадоў, усё ж такі ва Украіне будзе адзіная царква.
Цалкам размова:
Складанасці рэлігійных пытанняў, звязаных з структурамі праваслаўнай царквы ва Украіне, мы абмяркоўвалі з праваслаўным святаром айцом Георгіем Роем.
Размаўляў Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя






