BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам у Беластоку

На фоне вызвалення больш чым сотні палітвязняў з турмаў у Беларусі ў Беластоку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з журналістам і актывістам Саюза палякаў на Беларусі Анджэем Пачобутам ды іншымі палітвязнямі, якія працягваюць заставацца ў палоне.

Роберт Тышкевіч

Сярод іншых, у акцыі ўдзельнічалі – Роберт Тышкевіч і Анна Кетліньска, якія разам з дачкою Анджэя Янай днямі ў Страсбургу бралі ўдзел ва ўганараванні Анджэя прэміяй Еўразвяза «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава.

– Мелі мы аказію на мінулым тыдні з дачкой Анджэя Пачобута Янай удзельнічаць у вялікай урачыстасці ўгнаравання Анджэя Пачобута ўзнагародай імя Сахарава, гэта найвышэйшая ўзнагарода Еўразвязу для абаронцаў правоў чалавека. Цэлы свет, цэлая Еўропа гаварыла пра Анджэяй, пра яго геройскае нязломнае змаганне за свабоду, за свабоду слова, за права польскай меншасці нармальнага функцыянавання.

– Усе пыталіся пра здароўе Анджэя, чаму яго імя не аказалася ў спісу вызваленых. Колькі яшчэ будзе адбывацца пераслед журналістаў у Беларусі?

– Анджэй па-ранейшаму застаецца ў калоніі ў Наваполацку, хоць усе мы чакалі яго на волі. Мелі мы надзею, што вызваленне адбудзецца. Але як бачым, мусім далей змагацца.

– Я спадзяваўся, што Андрэй выйдзе з гэтай групай вызваленых. На жаль, мы яго не ўбачылі. Таму буду і далей прыходзіць на такія акцыі і заклікаю ўсіх, каб прыходзілі і выказвалі салідарнасць.

– Пяцьдзясят кіламетраў адсюль людзі не могуць свабодна выйсці на такія акцыі і сказаць: Niech żyje Polska! Жыве Беларусь!

Анджэй Пачобут быў затрыманы ў Гародні 25 сакавіка 2021 года. У лютым 2023 года ён быў засуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Увесь апошні час Анджэй знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу Наваполацкай калоніі.

Акцыі салідарнасці з ім і ўсімі палітвязнямі, якія працягваюць знаходзіцца ў палоне, праходзяць у Беластоку штомесяц.

Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя