BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алег Дунда: Расею цікавіць «бліцкрыг» на Балтыю з тэрыторыі Беларусі

На фоне эскалацыі з боку Расеі ўсё больш краін НАТА адкрыта рыхтуюцца да магчымай вайны. Паводле Politico, медыцынскія ўстановы ў Літве, Польшчы, Эстоніі і іншых краінах Усходняй Еўропы ўжо мадэрнізуюцца для працы ў ваенных умовах: будуюцца падземныя сховішчы, ствараюцца мабільныя шпіталі, забяспечваюцца бронекамізэлькамі хуткія дапамогі.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папярэджваў, што ў 2025 годзе Крэмль можа выкарыстаць Беларусь як плацдарм для ўцягвання краін Балтыі і Польшчы ў вайну. І якраз у верасні плануецца актыўная фаза расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025», што толькі падсілкоўвае страхі ў рэгіёне.

Ці гатовая Беларусь выканаць ролю наступальнага плацдарма для Крамля? Ці сапраўды ў Маскве разглядаюць варыянт удару па краінах Балтыі менавіта пад прыкрыццём вучэнняў у верасні? Гэтыя ды іншыя пытанні мы абмяркавалі з нашым Госцем Рацыі – Алегам Дундам.

РР: З’явілася інфармацыя, што вучэнні «Захад-2025» могуць стаць прыкрыццём для рэальнай эскалацыі з боку Расеі супраць краін Балтыі – гэта Літва, Латвія, Эстонія. Наколькі гэтая інфармацыя мае базу, і як вы самі адносіцеся да гэтай інфармацыі? Наколькі яна рэальная?

Алег Дунда: Верагоднасць досыць вялікая. Бо, як мы бачым, досыць часта, тыя, ці іншыя ваенныя вучэнні выкарыстоўваюцца для таго, каб сфармаваць якуюсць легенду для назапашвання сваіх ваенных сіл з мэтай правядзення рэальнай аперацыі супраць суседняй краіны, як гэта адбылося ў лютым 2022 года. У дадзеным выпадку, рызыкі досыць вялікія, з улікам таго, што за чатыры гады вайны ва Украіне склалася досыць складаная сітуацыя, калі ніводны з бакоў не можа кардынальна змяніць лінію фронту. Адбываецца фактычна вайна на знішчэнне. У дадзеным выпадку за спінай Расеі стаіць Кітай, за спінай Украіны стаіць Еўропа, якая фінансуе. І такая вайна можа трываць вельмі доўга. У дадзеным выпадку Расея можа абсалютна лагічна дайсці да, умоўна кажучы, такога бліц-крыгу, як зрабіў Гітлер падчас Другой сусветнай вайны ў 1940 годзе, калі замест таго, каб штурмаваць лінію Мажыну, якой зараз з’яўляецца фактычна Украіна, проста абышоў яе з поўначы, у дадзеным выпадку праз балтыйскія краіны.

РР: Акурат у пятніцу ў нашым эфіры быў палітолаг Аляксандр Фрыдман, які выказаўся пра тое, што калі Іран пацерпіць паразу ў выніку супрацьстаяння, якое распачалося ў пятніцу, то Расея ў адказ можа, з вялікай верагоднасцю, нанесці ўдар па краінах Балтыі. Ці сапраўды сітуацыя на Усходзе ўплывае на мажлівасць эскалацыі ў нашым рэгіёне?

Алег Дунда: Гэтыя тэатры ваенных дзеянняў павязаныя паміж сабой. Гэта па-першае. А па-другое, я сёння не бачу грунту для паразы Ірану, бо ўсё ж такі, каб давесці сітуацыю да перамогі, трэба каб ізраільскія салдаты з’явіліся на тэрыторыі Ірана. Пакуль што гэта немагчыма, па-першае. Па-другое, спыніць ядзерную праграму таксама немагчыма, бо там вельмі добра ўсё схавана пад зямлёй. Знішчыць гэтыя сховішчы вельмі складана. Пакуль дасягнуць рэальнай перамогі ў гэтым канфлікце Ізраіль не можа. І тое што Нетаньяху звярнуўся да ЗША, каб яны далучыліся да канфлікту, сведчыць пра тое, што не ўсё пайшло так, як планаваў Ізраіль. Таму я не разглядаў бы тут магчымаць поўнай паразы Ірана. Але зазаначу, што гэтыя падзеі ніякім чынам не ўплываюць на сітуацыю ва Украіне, а тым больш у балтыйскім рэгіёне.

Цалкам матэрыял:

З Госцем Рацыі, народным дэпутатам Украіны, сябрам Камітэта Вярхоўнай Рады па пытаннях дзяржаўнай улады Алегам Дундам, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Алега Дунды.