BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алег Кулеша: Адзіны спосаб уплываць на сітуацыю — ціск

У Беларусі працягваюцца хвалі вызваленняў палітвязняў. На гэтым тыдні стала вядома пра тое, што грамадская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк таксама апынулася на волі і была эвакуаваная ў Літву. „Мая першая думка, калі я пра гэта даведаўся, была «Дзякуй богу»“, — распавёў нашаму радыё прадстаўнік Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў “Да волі”, палітычна-грамадскі дзеяч Алег Кулеша.

Першая думка — «Дзякуй богу». Гэтае адчуванне прыйшло як у момант, калі даведаўся пра вызваленне, так і калі пачуў, што яе сустракаюць на вакзале. Дзякуй богу, таму што лічу адной з самых галоўных мэт — каб людзі, якія выходзяць, абавязкова апынуліся ў Еўразвязе.

Сітуацыя ў Беларусі цяпер крытычная, мы фактычна ўжо страцілі незалежнасць. І калі частка людзей пераедзе ў Расейскую Федэрацыю, яны сутыкнуцца з яшчэ большымі праблемамі. Мы дакладна разумеем, што жыццё там не азначае пабачыць цывілізаваны свет. Людзі, якія прайшлі праз турмы і катаванні, павінны мець магчымасць жыць у бяспецы. Таму спачатку быў уздых палёгкі, а потым падзяка Богу.

РР: Калі Паліна апынулася ў Вільні, яна расказала журналістам, што ў турмах застаюцца людзі, якія знаходзяцца на мяжы смерці. Ці ёсць у дэмакратычных сіл магчымасць паўплываць на гэтую сітуацыю?

Варта прызнаць: той, хто трапляе ў канцлагер, фактычна не мае ніякіх шанцаў. Трэба ясна ўсведамляць, што сітуацыя ў беларускіх турмах мала адрозніваецца ад таго, што адбывалася ў савецкіх лагерах ці ў нацысцкай Германіі. Іншых параўнанняў тут быць не можа.

Ці можам мы дапамагчы? Можам — праз ціск. Упершыню ў гісторыі рэжым Лукашэнкі быў прызнаны нелегітымным яшчэ да выбараў. Гэта дае нам магчымасць аказваць значны ўплыў на заходніх партнёраў і дамагацца ўзмацнення санкцый.

Акрамя таго, нядаўна стала вядома пра падпісанне дамовы, якая афіцыйна дазваляе ўвядзенне расейскіх войскаў у Беларусь. Гэта можна лічыць канчатковай стратай незалежнасці. Зараз краіна ператвараецца ў тэрыторыю, якая можа стаць першаснай мішэнню для абарончай сістэмы Еўразвязу і НАТА.

Калі Лукашэнка ўжо прыцягнуў у Беларусь расейскія ракеты — ці толькі збіраецца гэта зрабіць, мы дакладна не ведаем, — то само гэтае разуменне ставіць Беларусь пад удар. Рызыка пачатку вайны ўзрастае ў разы.

Адзіны шлях уплываць на сітуацыю — гэта ціск. На жаль, дэмакратычныя сілы не маюць рэальнай магчымасці весці перамовы. Калі такія перамовы і адбудуцца, то толькі пры ўдзеле замежных партнёраў.

На мой погляд, магчыма, гэта гучыць крыўдна для некаторых людзей, але іншых варыянтаў, акрамя ўзмацнення ціску, проста няма. Гэта сумная, але непазбежная рэальнасць. Я, магчыма, зрабіў бы ўсё магчымае, каб такі перамоўны стол з’явіўся, але нават у форме, падобнай да польскага «Круглага стала» часоў «Салідарнасці», ён сёння немагчымы.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

“Менавіта таму мы і будзем працягваць працаваць, у тым ліку і наладжваць сувязь з ініцыятывамі-аднадумцамі”, — дадаў Алег Кулеша.

Беларускае Радыё Рацыя