Беларуская асацыяцыя палітвязняў “Да Волі” далучылася да падзей у Варшаве, прысвечаных выбарам і пратэстам 2020-га ў Беларусі. Аб’яднанне стала суарганізатарам маршу ў польскай сталіцы, а таксама наведала канферэнцыю “Новая Беларусь”.

Пра івэнты і іх уплыў на палітвязняў прадстаўнік БАП “Да Волі” Алег Кулеша распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.
РР: Вашыя меркаванні на конт сёлетняй канферэнцыі «Новая Беларусь».
Алег Кулеша: Я нават пакінуў каментар. Прыблізна такі: мае сэнс – ёсць будучыня. Непасрэдна як прадстаўнік арганізацыі, я магу сказаць наступнае: тое, што такія канферэнцыі даюць плён не толькі галоўнымі выступамі, галоўнымі івэнтамі, працай у розных пляцоўках, а яшчэ і ў стасунках. На сённяшні дзень у нас ёсць пэўны «голад» таго, што беларусы за конт сваёй асаблівай нацыянальнай адметнасці пачынаюць усё больш і больш губляцца паміж сабой. І вось наладжваць непасрэдныя стасункі на такіх канферэнцыях – гэта вельмі каштоўна. Гэта дае вельмі сур’ёзны плён, у гэтага таксама ёсць будучыня. Але, акрамя ўсяго астатняга, мне падабалася, што мажліва ўпершыню на канферэнцыі пайшлі пагалоскі, што трэба рабіць і справаздачы. Так, іх яшчэ няма. Гэта яшчэ ўсё недакладна. Шкада, што так марудна. Гэта трэба было ўжо рабіць даўно. Мажліва будуць калісьці і справаздачы. Будзем чакаць. Некаторыя нашыя палітыкі і некаторыя нашыя выбітныя беларусы ўжо разумеюць, што без гэтага немагчыма далей рухацца.
РР: Па вашых назіраннях, як на палітвязняў паўплывалі падзеі, якія разгортваліся ў Варшаве 9 і 10 жніўня? Гэта канферэнцыя «Новая Беларусь». Гэта канцэрт «Назад у 2020-ы». Гэта марш-шэсце. Наколькі ім баліць гэтая тэма?
Алег Кулеша: Увогуле гэта вельмі складанае пытанне, таму што ў нас палітвязні дзеляцца на тры катэгорыі: першая, тая, што сядзіць, другая, тая, што знаходзіцца ў Беларусі, гэта фактычна тое ж самае – што сядзіш, і самая складаная катэгорыя, гэта тыя палітвязні, якія ўжо знаходзяцца ў статусе прымусовай дэпартацыі. Таму што мала хто з уласнага жадання хацеў з’ехаць з Беларусі, большасць гэта ўсё ж з прымусу, і калі разглядаць, то закрануў бы больш першую групу людзей і трэцюю групу людзей.
Першая, гэта тыя, хто сядзяць. Ім усё што мы зрабілі, будзе толькі на карысць. Таму што на сённяшні дзень акурат падыходзіць той час, калі рэжым Лукашэнкі спрабуе наладзіць нейкія сувязі, нейкія кантакты. Зразумела, што ён увесь час не можа знаходзіцца ў сваім атачэнні. Зразумела, як бы ты ні казаў, што санкцыі не маюць плён, не, яны маюць плён. І гэта ўсё працуе. Проста, марудна працуе, але працуе. І па выніках любая дзейнасць тут, у замежжы, паказвае, што з рэжымам не патрэбна размаўляць. Альбо, калі вы вядзеце размову, у вас павінен быць вельмі важны стымул. І гэты стымул – вызваленне палітвязняў.
То бок, я лічу, што ўсе імпрэзы, якія адбываліся тут у Варшаве цягам гэтых двух дзён, далі вельмі шмат палітычнага плёну да таго, каб у Беларусь гучней паўставала пытанне пра тое, што трэба вызваляць людзей. Альбо рэжым будзе знаходзіцца ўвесь час у сваім атачэнні. Тым больш што моцны ўплыў Расейскай Федэрацыі і Кітая прыводзіць некаторыя сілавыя плыні да думкі, што яны могуць страціць сваю вартасць, сваю незалежнасць. Тут не ідзе пытанне пра незалежнасць Беларусі, таму што яна фактычна ўжо прададзеная, не страчаная, а прададзеная. Але пэўныя сілы, пэўныя структуры яшчэ спадзяюцца, што могуць штосьці павярнуць, штосьці зрабіць.
Для гэтага ім патрэбна размаўляць з Захадам. Гэта ў першую чаргу амерыканскі бок і па другую чаргу Еўрапейскі звяз. Таму што Беларусь з’яўляецца транзітнай краінай, і яна цалкам залежыць ад Кітая. Як толькі спыніць транзіт гандлю Кітая з Еўразвязам, а Еўразвяз займае другое ці трэцяе месца ў гандлі Кітая, то будзе вялікая праблема. Таму размаўляць Лукашэнку з Захадам вельмі неабходна. Кітай не будзе даваць Лукашэнку крэдыты, калі ён не вырашыць пытанні. І мы дапамагаем вырашыць гэтае пытанне, і гэтае пытанне імкнемся вырашыць станоўча для палітвязняў. Таму што ёсць пэўныя пасылы для таго, каб на тым баку зразумелі: так проста ў гэты раз не адбудзецца, трэба будзе вызваляць. Гэта адзін з накірункаў. Бо шматвектарнасць дапамагае весьці барацьбу: гэта і санкцыі, і перамовы з Захадам, і перамовы з партнёрамі, і ціск праз партнёраў, і г.д.
Цалкам размова:
Нагадаем, сёлета канферэнцыя “Новая Беларусь” адбылася ў 4 раз. Яна ладзілася ў Варшаўскім універсітэце.
Беларускае Радыё Рацыя






