BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алена Прыходзька: Дэмакратычная супольнасць не спынілася

Выбары ў Каардынацыйную Раду (КР), запланаваныя на травень, ужо не першы дзень выклікаюць актыўныя спрэчкі ў Глабальным сеціве Інтэрнэт. Беларусы высвятляюць, ці патрэбны такі палітычны інстытут, хто павінен у яго ўваходзіць і якія задачы ён павінен вырашаць. Тым часам, 12-га красавіка адбылося першае адкрытае паседжанне Выбарчай камісіі КР, а 15-га красавіка распачалося фармаванне спісаў выбарчых суб’ектаў і іх верыфікацыя.

Вольга Сямашка пагутарыла з сябрай выбарчай камісіі КР Аленай Прыходзька пра праблемныя пытанні да дзейнасці КР і чаму беларусам усяго свету сапраўды варта прагаласаваць на выбарах у КР трэцяга склікання:

РР: Усё, што адбываецца вакол Каардынацыйнай рады нагадвае пачатак 90-х гадоў, калі панаваў прававы нігілізм і людзям было цяжка паверыць у новыя выбарныя органы, новую прадстаўнічую ўладу. Маем, так бы мовіць, дзве навіны. Добрая навіна кажа, што ёсць прававы нігілізм, старая сістэма застарэла. З іншага боку, відаць, што ідзе вельмі вялікая дыскусія, можа быць крыху пад дыванам, для чаго наагул патрэбная Каардынацыйная рада і што яна робіць? Разумею, што пытанне не зусім да вас, але вы як сябра Каардынацыйнай рады другога склікання, сябра выбарчай камісіі, ці можаце сказаць для чаго беларусам варта сёлета прагаласаваць за трэцяе скліканне Каардынацыйнай рады?

– Па-першае, кожны беларус сам для сябе вырашае, што яму патрэбна, што яму не патрэбна. Мы за яго не прымем рашэнні, не пераканаем кагосьці, калі чалавек пэўнае рашэнне прыняў.

Для чаго патрэбная Каардынацыйная рада? Па-першае, для таго, каб самі беларусы бачылі, што палітычная, грамадская актыўнасць дэмакратычнай супольнасці яна не спынілася, яна існуе, нягледзячы на тое, што мы ўсе ў цяжкіх умовах выгнання. Трэба вырашаць шмат побытавых і іншых пытанняў. Тым не менш, у людзей стае часу, смеласці быць сябрам Каардынацыйнай рады, гэта небяспечна, гэта крымінальная справа. Калі ёсць такія людзі, што маюць час, жаданне, высілкі, рэсурсы, каб актыўна і публічна працягваць змаганне і палітычнае альбо грамадскае жыццё ў выгнанні, то мне падаецца, гэта вельмі важны чыннік для ўсіх нас. Бо шмат расчаравання, шмат пытанняў, шмат спрэчак між сабой. 2024 год, 4 гады мы ў выгнанні, але ўсё адно не спыняемся.

Па-другое Каардынацыйная рада ёсць сходам людзей з рознымі палітычнымі поглядамі, з розным досведам. Гэта вельмі важная пляцоўка сустрэчаў такой разнастайнасці. Іншых такіх пляцоўках публічных цяпер дэмакратычная супольнасць не мае, а яны павінныя існаваць, хаця б для таго, каб людзі выказваліся, каб уздымаліся пытанні важныя, каб можна было звонку паглядзець, як адбываецца, можна сказаць, псеўдапалітычнае жыццё, бо не маем чыстай палітыкі – тым не менш, гэтае жыццё адбываецца.

З «Госцяй Рацыі» – з сябрай выбарчай камісіі КР Аленай Прыходзька, камунікавала Вольга Сямашка.

Лідар спіса выбарчага суб’екта мусіць запоўніць Форму першаснай падачы заяўкі.
Цягам 48 гадзін кожны член гэтага спіса будзе абавязаны пакінуць свае дадзеныя для верыфікацыі ў адпаведнай Форме верыфікацыі выбарчага спіса.

Беларускае Радыё Рацыя