Праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі знаходзіцца з візітам у Празе. У першы дзень візіту ён наведаў Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі, галоўны офіс Радыё Свабода ў Празе і сустрэўся з прэзідэнтам Чэхіі Петрам Павелам, а таксама дырэктарам арганізацыі People in Need Шымонам Панекам.

На прэс-канферэнцыі ў Офісе дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі з удзелам праваабаронцы абмеркавалі актуальную сітуацыю ў Беларусі, становішча палітычных зняволеных, а таксама падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці.

Пра сустрэчу праваабаронцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага з чэшскім прэзідэнтам Петрам Павелам, якая адбылася 16 сакавіка, паведамляе прадстаўніцтва дэмакратычных сіл у Чэхіі.
Адзначаецца, што Бяляцкі падкрэсліў “ключавую важнасць працягу міжнароднай падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі”, а таксама “ролю санкцый як найважнейшага інструмента ціску на рэжым Лукашэнкі”.
Таксама праваабаронца заявіў пра неабходнасць падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і “ўсіх, хто нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі працягвае імкнуцца да вольнай будучыні сваёй краіны”.
Паведамляецца, што адной з галоўных тэм сустрэчы стала дапамога беларускім палітвязням.






