Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і былы палітвязень Алесь Бяляцкі прыняў удзел у сустрэчы «Дайце голас ахвярам» падчас 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе. Арганізатарамі выступілі пастаянныя прадстаўніцтвы Літвы, Польшчы, Нарвегіі і Швецыі.

Бяляцкі падкрэсліў, што Беларусі важна заставацца ў фокусе міжнароднай увагі: «Кожны дзень мы фіксуем новыя выпадкі палітычных рэпрэсій і павялічваецца колькасць палітвязняў. Таму неабходна сістэматычна дакументаваць парушэнні, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці».
Сустрэча заклікала падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі і падкрэсліла важнасць працы Спецыяльнага дакладчыка і незалежных экспертаў ААН.

Алесь Бяляцкі таксама правёў сустрэчу з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам. У ёй таксама ўдзельнічаў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.
«Улады выкарыстоўваюць змены ў заканадаўстве, каб падавіць любое іншадумства ў грамадстве» — Алесь Бяляцкі.
***
Алесь Бяляцкі далучыўся да міжнароднай ініцыятывы «People First».
Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам. Праваабаронца падрабязна пракаментаваў сваё далучэнне да ініцыятывы:
«Пасля майго вызвалення ў канцы снежня 2025 года я даведаўся пра кампанію “People First”, распачатую маімі калегамі з Украіны і Расеі, якія, як і я, атрымалі Нобелеўскую прэмію ў 2022 годзе. Яе патрабаванні простыя: людзі перш за ўсё. Найважнейшым прыярытэтам дамоўленасцей, дасягнутых у выніку перамоваў, павінна стаць вызваленне ўсіх вязняў расійскай вайны супраць Украіны.
Я далучаюся да іх кампаніі. Нас аб’ядноўваюць не толькі шматгадовая сумесная праца, але і цяперашняя трагедыя людзей, якія супрацьстаяць жахлівай агрэсіі Расеі».
***
У Жэневе ў межах 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека працягваюць адбывацца мерапрыемствы, прысвечаныя Беларусі. Старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ўзяў удзел у сайд-івэнце «Правы чалавека ў Беларусі». Ён быў прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, бягучаму становішчу палітвязняў у турмах і пытанням міжнароднай адказнасці.
На імпрэзе прысутнічала больш за 50 асобаў — у тым ліку, прадстаўнікі дыпламатычных місіяў пры ААН.
Падчас свайго выступу Алесь Бяляцкі звярнуў увагу на шэраг зменаў у беларускім заканадаўстве, якое дазваляе беспадстаўна прызнаваць сотні няўрадавых арганізацый ды ініцыятываў «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Фота з сацсетак “Вясны”.






