BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алесь Лагвінец: Еўрапарламент, відавочна, будзе паслядоўны ў пытаннях Расеі і Беларусі

На 30-е чэрвеня Эманюэль Макрон прызначыў пазачарговыя выбары нацыянальнага парламенту, які распусціў па выніках сёлетніх выбараў у Еўрапарламент. Калі скрайне правая апазіцыянерка Марын Ле Пэн атрымае большасць, Францыя можа змяніць стаўленне да кааліцыі супраць Расеі. У выніку Расея можа спрабаваць уплываць на выбары ў Францыі, Нямеччыне, адносіны Еўропы да вайны на Украіне. Не застанецца ў баку і Беларусь.

Вольга Сямашка пагутарыла з палітолагам Алесем Лагвінцом пра тое, да чаго ўжо прыводзяць вынікі выбараў у Еўрапарламент; якая пагроза сыходзіць ад набірання большасці скрайне правымі сіламі на палітычным полі Еўропы; як гэта адаб’ецца на вайне ва Украіне і становішчы беларусаў у выгнанні.

РР: Давайце пагаворым пра выбары ў Еўрапарламент. Вынікі, можна сказаць, трывожныя, бо цэнтрысты засталіся на месцы, але ёсць пагрозы з боку правых сілаў. Напрыклад, у Францыі хутка адбудуцца датэрміновыя парламенцкія выбары – 30 чэрвеня. І ёсць пагроза, што выйграе Марын Ле Пэн, і гэта можа перагарнуць старонку гісторыі ўсёй Еўропы, таму што гэта можа быць накірунак у бок Расеі. Як вы на гэта глядзіце? Якія змены могуць адбыцца?

Алесь Лагвінец: Сапраўды выбары ў Еўрапейскі парламент прывялі да шэрагу палітычных узрушэнняў у шэрагу краінаў. І агульная тэндэнцыя відавочная, што ідзе «паправенне» еўразвязаўскага электарату. У прыватнасці ў шэрагу краінаў мы назіраем даволі вялікую паразу традыцыйных палітычных партыяў, альбо партыяў, якія сёння знаходзяцца ва ўрадзе. У Францыі гэта прывяло да датэрміновых парламенцкіх выбараў.

І сапраўды калі паглядзець на сітуацыю ў Францыі, і таксама ў шэрагу іншых краінаў, то можна сказаць, што яна істотна змянілася. Калі да ўлады дойдуць скрайнія палітычныя сілы, у дадзеным выпадку размова ідзе хутчэй пра скрайне правых, чым скрайне левых, хаця, паводле апошніх апытання, нават скрайне левыя сёння знаходзяцца на другім месцы ў Францыі, апярэджваючы партыю Мануэля Макрона. То бок, калі мы прыпускаем, што перамогуць тыя сілы, якія крытычна ставяцца да дасягненняў еўрапейскай інтэграцыі, і якія таксама вядомыя сваімі прарасейскімі заявамі, то гэта не праміне адбіцца на стане Еўрапейскага звязу. Можна сказаць, што гэта паглыбіць крызіс, крызіс саматоеснасці ва ўсім Еўрапейскім звязе. Гэта відавочна не дазволіць Еўразвязу граць ранейшую ролю, напрыклад, яшчэ больш кансалідаваць сваю пазіцыю па ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі, і найперш тут мы кажам пра вайну ва Украіне і рэакцыю на дзеянні Расеі.

Можам паглядзець на сітуацыю ў іншых краінах, дзе таксама грамадская думка моцна падзеленая і на першы план выходзяць спрошчаныя папулісцкія рашэнні, які не абавязкова з’яўляюцца рэалістычнымі. Можна згадаць тую ж Аўстрыю. Можна паглядзець на рост патрымкі скрайне правых у Нямеччыне. Можна сказаць, што сітуацыя неадназначная і моцна падзеленая ў Славакіі. Гэты набор унутраных выклікаў Еўразвязу безумоўна паўплывае на тое, як будзе далей фармавацца палітыка адносна знешняга свету і непасрэдна атачэння Еўразвязу.

У дачыненні да Беларусі, калі мы глядзім на раскладку сілаў у Еўрапейскім парламенце, то большасць у Еўрапарламенце – гэта дэпутаты ад тых палітычных сілаў, якія займалі пра-беларускую, пра-дэмакратычную пазіцыю. Гэта тыя партыі, якія ініцыявалі шмат розных рэзалюцый адносна Беларусі. Павелічэнне ў парламенце прадстаўнікоў правага сектару можа паўплываць на ўнутраныя раскладкі ў Еўрапарламенце, але, агульна кажучы, я б не чакаў рэзкіх зменаў, калі мы кажам пра пазіцыю Еўрапейскага парламенту як асобнай інстытуцыі, то тут ў дачыненні да Расеі і дачыненні да Беларусі, я думаю, лінія застанецца той жа самай.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя