28 ліпеня ў сядзібе Беларускага Радыё Рацыя ў Беластоку адбылася важная сустрэча: дэпутатка Сейму Польшчы і сябра парламенцкай Камісіі па нацыянальных і этнічных меншасцях Аліцыя Лапкоўска-Голась прыехала на адкрыты дыялог з прадстаўнікамі беларускай меншасці Падляшша.

На сустрэчы абмяркоўвалі стан беларускамоўнай адукацыі, праблемы ўзаемадзеяння з мясцовымі ўладамі, пытанні фінансавання культурных праектаў, а таксама апошнія змены ў законе аб нацыянальных меншасцях. Дэпутатка адказала таксама на пытанні пра навучанне дзяцей беларускай дыяспары на Падляшшы і пра лёс беларускамоўных ліцэяў у Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы.
РР: Якія вашыя асноўныя ўражанні пасля сустрэчы? Якія галоўныя тэзісы вы маглі б адзначыць па выніку сустрэчы?
Аліцыя Лапкоўска-Голась: Гэтая сустрэчы была важная для майго разумення, у якой камісіі я працую. Камісія па нацыянальных і этнічных меншасцях для мяне была ад пачатку важнай. У гэтай кадэнцыі Сейму не знайшлася ніводная асоба, якая рэпрэзентавала б меншасці. І я ўзяла на сябе адказнасць за меншасці ў маім ваяводстве. З беларускай меншасцю я побач ні адзін год, бо знаёмая з шэрагам асобаў прыватна і мы спрабавалі розныя тэмы развязваць. З гэтай сустрэчы вынесла, калі казаць пра права адносна адукацыі, што трэба гэтую праблему развязаць. Мусім знайсці паразуменне адносна таго, якія павінны быць змены ў законе, каб яны былі на карысць беларускай меншасці. Другой тэмай, якую ўзнімалі на гэтай сустрэчы, была справа, звязаная з дзейнасцю тыднёвіка «Ніва», як трэба дастасоўваць тыя сродкі, якія выдаткоўваюцца для арганізацыі жыцця меншасці, каб медыя, якое вы выдаеце, было дастасавана да сённяшніх рэаліяў, у якіх мы функцыянуем. Трохі змянілася сітуацыя для функцыянавання меншасці, змянілася колькасць меншасцяў ў розных канкрэтных мясцовасцях. Трэба шукаць такія шляхі, якія дапамогуць больш эфектыўна арганізоўваць жыццё меншасці і дзейнічаць у сённяшніх рэаліях.

РР: На Падляшша працягваюць прыязджаць жыць беларусы з Беларусі. Дзеці іх вучацца ў польскіх школах. Прыезджыя беларусы патэнцыйна тая ж самая беларуская нацыянальная меншасць. З гэтага пункту гледжання, як зараз выглядае пытанне з тым, каб з новага навучальнага году дзеці з Беларусі, грамадзяне Беларусі, змаглі вучыцца беларускай мове разам з дзецьмі беларускай нацыянальнай меншасці, напрыклад, у той жа самай школе №4 у Беластоку? Якія перспектывы гэтага пытання?
Аліцыя Лапкоўска-Голась: Ведаю пра гэтую праблему. Яна таксама была ўзнятая на гэтай сустрэчы. Інтэрпрэтацыя такая, што пакуль вучыць беларускую мову як дадатковую ў польскіх школах могуць толькі дзеці грамадзяне Польшчы. Выглядае, што трэба ініцыяваць размову на гэтую тэму ў міністэрстве. Мусім дастасаваць гэтую сітуацыю да геапалітыкі. Бо гэтыя людзі ўцякаюць ад рэжыму Лукашэнкі, хочуць тут жыць, тут функцыянаваць і плаціць падаткі. Трэба ўсё ж неяк вырашаць гэтае пытанне ў міністэрстве.
РР: Гэта ўжо даўняе пытанне, дзе Варшава кажа, няхай гэта вырашае Беласток, а Беласток, у сваю чаргу, кажа, што мы без Варшавы вырашыць гэта не можам.
Аліцыя Лапкоўска-Голась: Так, міністэрства спасылаецца на мясцовыя ўлады, а мясцовыя ўлады на міністэрства. Я лічу, што трэба арганізаваць супольную размову на гэтую тэму, каб вырашыць, як развязаць гэтую праблему. Усім нам, і грамадзянам Польшчы, і тым асобам з Беларусі, якія прыехалі да нас, трэба шукаць сваё месца на зямлі.
РР: Адпаведна беларускае грамадства на Падляшшы хвалюецца за стан беларускіх ліцэяў – і ў Гайнаўцы, і Бельску-Падляшскім. Раскажыце пра вашае бачанне гэтай сітуацыі, і ці вяртаецца нарэшце абавязковая беларуская мова для ўсіх вучняў у гэтыя навучальныя ўстановы? Ці ідзе такая праца і на якім этапе яна знаходзіцца?
Аліцыя Лапкоўска-Голась: Гэта вельмі цяжкая тэма, якая абмяркоўвалася ад пачатку кадэнцыі ў гэтым Сейме. Дыскусія працягваецца. Ведаю, што ў гэты час трывае эксперымент у ліцэі ў Гайнаўцы, каб беларуская мова была мовай абавязковай. Маю надзею, што з гэтай праблемай таксама трапім да Міністэрства адукацыі, каб не блакаваць умову, што беларусая мова павінна быць абавязковай для вывучэння. Бо сённяшняя сітуацыя можа прывесці да таго, што такія ліцэі знікнуць з мапы. На сёння лепш сітуацыя ў гайнаўскім ліцэі. У Бельску ўсё выглядае інакш, бачна, што падае ўзровень зацікаўлення ў навучанні беларускай мовы.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






