BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аліна Коўшык: Было важна данесці, як зараз працуе беларуская медыяпрастора

Роля медыя ва ўмовах глабальнага Інтэрнэт-свету – пра гэта сёння дыскутуе прафесійная супольнасць. Дыскусіі выходзяць на міжнародны ўзровень. На палях ПАРЕ праходзіла канферэнцыя, якая пазіцыянуецца як адна з галоўных еўрапейскіх пляцовак для дыскусіі пра СМІ. Там удзельнічала галоўная рэдактарка Belsat TV Аліна Коўшык. Абмяркоўваем з ёй асноўныя аспекты, што прагучалі ў Страсбургу.

РР: Якія пытанні, важныя для нас, закраналіся на канферэнцыі?

Аліна Коўшык: Насамрэч на такіх канферэнцыях выпрацоўваюцца рашэнні, якія потым прымаюцца палітыкамі. Якраз гэтая канферэнцыя – яна называлася “Еўрапейскі дыялог па кіраванні Інтэрнэтам” – гэта ўжо 17-я канферэнцыя з гэтай серыі. Я ўпершыню ўдзельнічала ў ёй і была, дарэчы, адзінай беларускай, якая прадстаўляла нашую краіну ў Радзе Еўропы, дзе праходзіла гэта канферэнцыя. Ёсць некалькі кірункаў, якімі найбольш займаецца гэта канферэнцыя – гэта кібербяспека, выкарыстанне штучнага інтэлекту ў інтэрнэце, таксама супрацьдзеянне дэзынфармацыі, і само кіраванне Інтэрнэтам, супрацоўніцтва з вялікімі канцэрнамі, платформамі. Яны не належаць урадам і дыялог з гэтымі платформамі вельмі складаны. Натуральна, што паколькі Беларусь не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы, наш голас быў хутчэй сімвалічны. Але было вельмі важна выказацца на панэлі разам з нашымі ўкраінскімі сябрамі, малдаўскімі сябрамі, былі таксама прадстаўнікі Босніі і Герцагавіны. Мне было вельмі важна данесці інфармацыю пра тое, як зараз працуе беларуская медыяпрастора, у прыватнасці на прыкладзе “Белсата”. З якімі цяжкасцямі мы найбольш сутыкаемся. Была поўная зала людзей, з чаго я зразумела, што менавіта тэма барацьбы з дэзынфармацыяй яна зараз хіба адная з найбольш актуальных. І Інтэрнэт – гэта тое месца, дзе інфармацыя пашыраецца вельмі імкліва.

Зразумела, што стварэнне механізмаў рэгулявання Інтэрнэту – гэта вельмі балючая тэма. Таму што шмат хто пачынае казаць, што гэта будзе цэнзура. Але з іншага боку, калі Інтэрнэт стаў такой вялікай часткай нашага жыцця, я лічу, што ён абавязкова павінен падлягаць больш шырокім рэгуляцыям і гэта безумоўна. І асноўным метадам, які нам падаецца найбольш дзейным у барацьбе з дэзынфармацыяй, гэта стварэнне большага пулу аб’ектыўнай і праўдзівай інфармацыі. Гэта падтрымка, калі мы кажам пра сітуацыю ў Беларусі, прафесійных медыяў, якія не будуць пісаць нейкія домыслы, якія будуць падаваць інфармацыю больш справядлівую. Гэта адзін накірунак. Другі накірунак – гэта падвышэнне узроўню разумення нашых чытачоў, гледачоў – таго, што яны спажываюць медыйна. То бок, каб быў большы ўзровень адукаванасці медыйнай, каб людзі маглі самі ацэньваць, наколькі інфармацыя можа адпавядаць альбо не адпавядаць рэчаіснасці. Таму працаваць трэба і з грамадствам, і з тымі, хто сапраўды гэтыя медыя стварае.

Аліна Коўшык на гэтай канферэнцыі таксама заклікала не ігнараваць беларускую мову і падтрымліваць незалежныя СМІ ў выгнанні, якія працуюць, як частка еўрапейскага дэмакратычнага поля.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аліны Коўшык