BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай «Белсата»

Як паведамляе сайт Белсату, Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай тэлеканалу.

Як паведамляе сайт Белсату, Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай тэлеканалу.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык прызначаная галоўнай рэдактаркай тэлеканалу «Белсат» і пакідае АПК

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская прывітала прызначэнне Аліны Коўшык на новую пасаду:

«Упэўненая, што яе праца на новай пасадзе ўзмоцніць “Белсат” і прынясе карысць нашай агульнай справе. “Белсат” мае вялізнае значэнне для Беларусі і дэмакратычнага руху, дае беларусам не толькі аб’ектыўную інфармацыю і пляцоўку для дыскусій, але і ўмацоўвае нашу нацыянальную ідэнтычнасць. З грамадскім і палітычным досведам, атрыманым у апошнія гады, Аліна вяртаецца да каманды, якую трэба захаваць і ўзмацніць у няпросты перыяд трансфармацыі тэлеканалу».

«Быць прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінету – вялікі гонар. Працуючы ў гэтай камандзе, я многаму навучылася, пазнаёмілася са многімі замежнымі палітыкамі і кожную хвіліну імкнулася абараняць беларушчыну ўсімі дасяжнымі мне інструментамі. Я пакідаю каманду з распрацаванай Стратэгіяй, з шэрагам паспяховых кейсаў і канкрэтным планам на найбліжэйшую будучыню. Мы не развітваемся, я ўпэўненая, што беларускі дэмакратычны рух і “Белсат” непадзельныя. Нас чакае шмат выклікаў на ніве антыпрапаганды, стратэгічных камунікацый і папулярызацыі нацыянальнай культуры», – сказала Аліна Коўшык.

Аліна Коўшык цягам 15 гадоў працавала на «Белсаце», у тым ліку як галоўная вядоўца, рэдактарка і прадзюсарка тэлепраграмаў. Далучылася да Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў верасні 2022 года. Была сузаснавальніцай Цэнтру беларускай салідарнасці ў Варшаве і «ІнБелКульт 2.0», клубу «Беларускі Варшавы». З адукацыі Аліна Коўшык гісторык, выпускніца Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, Цэнтру Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту і праграмы MBA ў сферы медыяменеджменту ў Стакгольмскай школе эканомікі ў Рызе.

Абавязкі прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння АПК будзе пакуль выконваць намеснік Аліны Коўшык Павел Баркоўскі.

У сакавіку сёлета з пасады дырэктаркі «Белсату» была звольненая стваральніца тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы. З таго часу абавязкі дырэктара «Белсату» выконваў Аляксей Дзікавіцкі.