BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аліна Коўшык: У 2020 годзе мы даведаліся, што нас большасць

Пяць гадоў таму беларусы спрабавалі адстаяць свой выбар, зроблены падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. І хоць афіцыйную перамогу ўлады “намалявалі” Аляксандру Лукашэнку, усё сведчыла пра тое, што новым прэзідэнтам краіны павінна была стаць Святлана Ціханоўская.

Аліна Коўшык на канферэнцыі "Новая Беларусь".
Аліна Коўшык

Узгадваючы шлях, які давялося беларусам прайсці за гэты час, кіраўніца “Белсату” Аліна Коўшык адзначае:

– Тая дыстанцыя, якую нам было наканавана прайсці за гэты час, была вельмі складанай. Яна застаецца складанай. Але самае асноўнае, што мы не згубілі сябе, што мы крочым наперад разам і маем адну мэту. Часам гледачы «Белсату» кажуць пра тое, каб мы паказвалі часцей, што адбывалася на вуліцах у 2020 годзе, каб людзі памяталі, што гэта было. Гэта ўжо зараз гісторыя, але гэта тое, што зрабіла нас мацнейшымі.

На пытанне пра тое, што надае сілы і веры ў далейшым змаганні, Аліна Коўшык у адказ прывяла цікавае параўнанне:

– Я веру, што мы, беларусы, як бульба – калі нас закапаць, мы прарастаем. Вось зараз мы закапаныя, збіраем сілы, каб зноў прарасці, заквітнець. Самае галоўнае, што ў 2020 годзе мы даведаліся, што нас большасць. І гэта тыя людзі, якія здольныя змяняць краіну. Гэта абсалютна лепшыя людзі краіны. І я вельмі ўдзячныя усім тым людзям, якія з гэтага шляху не збочваюць.

“Пасля 2020 года стала больш людзей, якія ўжываюць беларускую мову, больш людзей, якія адшукваюць свае карані, даведваюцца гісторыю. І гэта тое, што ў нас не можа забраць ніякая дыктатура”, – дадала Аліна Коўшык, удзельніца варшаўскай канферэнцыі “Новая Беларусь”.

Беларускае Радыё Рацыя