BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Фрыдман: Хутчэй за ўсё, Урсула фон дэр Ляен захавае пасаду

Да ночы палітыкі сядзелі, але рашэння пакуль няма. Такія навіны прыходзяць з Бруселя. Пасля апошніх еўрапейскіх выбраў вырашаюць, хто ж цяпер будзе кіраваць агульнай еўрапейскай прасторай. Кансэнсусу пакуль няма, ці немка Урсула фон дэр Ляен захавае свой уплыў?

Навіны з еўрапейскай сталіцы каментуе палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман:

-Гэта звычайная еўрапейская практыка, гэтыя ж рашэнні прымаюцца кансэнсусам. І каб дамовіцца, рознага кшталту гульцы, якія заўсёды пераследуюць уласныя мэты, яны выстаўляюць пэўныя ўмовы. З першага раўнда  дамовіцца вельмі цяжка, асабліва калі трэба дамаўляцца з такімі фігурамі як Роберт Фіцо ці Віктар Орбан. Думаю, прынцыпова для Урсулы фон дэр Ляен нічога не змянілася. У яе найлепшыя шанцы і хутчэй за ўсё, яна гэтую пасаду захавае. Але ізноў жа, там магчымыя розныя варыянты. Хадзілі ж спекуляцыі пра тое, што сённяшні кіраўнік Еўрасавета Шарль Мішэль вельмі хацеў заняць гэты пост. Але мне падаецца, шанцы фон дэр Ляен выглядаюць куды лепш. Тым больш што нейкіх іншых сур’ёзных кандыдатаў на гэтую пасаду пакуль яны не абмяркоўваюць. Выглядае так, што дамовяцца наконт яе. Больш цікавай выглядае гісторыя з тым чалавекам, які будзе кіраваць еўрапейскай дыпламатыяй.

РР: З’явілася кандыдатура прэм’ер-міністаркі Эстоніі Калас.

Аляксандр Фрыдман: У Калас, безумоўна, ёсць моцныя рысы.  Гэта, у тым ліку, і яе кампетэнцыя, што яна з’яўляецца прэм’ер-міністаркай краіны, якая мяжуе з Расеяй, то бок, пытанні Усходняй Еўропы, Паўночнай Еўропы, яна гэта добра ведае. Яе жорсткая, прынцыповая пазіцыя ў адносінах з Расеяй. Гэта, з аднаго боку, і на яе карысць, але раздаюцца галасы і супраць. Калі такі чалавек зойме такую пасаду, якія перамовы могуць быць з Расеяй? Калі не памыляюся, Калас знаходзіцца ў вышуку ў РФ. З такім галоўным дыпламатам ЕЗ перамовы з Расеяй немагчымыя.

Напярэдадні ў Бруселі пачаліся прамовы. Удзельнікі сустрэчы вызначаюць кіраўніка Еўракамісіі ды Еўрасавета, а таксама – Вярхоўнага камісара ЕЗ па знешняй палітыцы і бяспецы. Кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў ЕЗ даводзіцца ўлічваць рэаліі, але й захаваць геаграфічны, гендэрны і партыйны балансы.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя