BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Фрыдман: І Макрон, і левыя могуць быць задаволеныя вынікамі выбараў

Нягледзячы на тое, што зараз лета, але ва ўсёй Еўропе адбываюцца вельмі значныя  палітычныя падзеі, літаральна змяняюцца ўрады. Абмяркуем іх з гісторыкам і палітычным аналітыкам Аляксандрам Фрыдманам.

Фота: malanka.media

РР: Звернем спачатку ўвагу на Францыю. Учора там адбылася палітычная сенсацыя?

Аляксандр Фрыдман: Так, сапраўды, вынікі, якія мы зараз бачым, гэта сенсацыя. І нават для прэзідэнта Макрона добрая сенсацыя. Бо калі паглядзець на тыя апытанні, якія праводзіліся яшчэ на мінулым тыдні, альбо вынікі першага тура, уявіць сабе, што партыя Макрона апынецца на другім месцы і прайграе толькі 14 мандатаў і нават не партыі Мары Ле Пэн, а Новаму народнаму фронту, кангламерату левых партый, і гэта сапраўды сенсацыя. Нечаканая сенсацыя, шчыра трэба сказаць.

РР: Яны ж выбралі такую стратэгію, калі кандыдаты здымаліся перад выбарамі. Неяк можна было тады прадбачыць, што менавіта такім чынам будуць развівацца падзеі, і спадарыня Ле Пэн прайграе? Бо, напэўна, яна прайграла.

Аляксандр Фрыдман: Калі мы параўнаем з мінулым складам Нацыянальнай асамблеі, то яна хутчэй выйграла. Але калі ж мы параўнаем з тым, што ёй прадказвалі апытанні, калі паглядзець на тое, што яшчэ на мінулым тыдні гаворка ішла не пра тое, ці апынецца гэтая партыя на першым месцы, сыходзілі амаль усе, што яна будзе на першым месцы, пытанне, якое задавалі, ці здолее гэтая партыя атрымаць у наступным складзе Нацыянальнай асамблеі абсалютную большасць. Зараз там толькі трэці адсотак і сур’ёзна не хапае галасоў да тых партый, блокаў, якія занялі першае і другое месца. Станоўчую ролю ў гэтым адыграла з пункту гледжання левых, з пункту гледжання Макрона стратэгічнае аб’яднанне, стратэгія супраць Ле Пэн. І, думаю, што і Макрон з аднаго боку, і таксама левыя могуць быць задаволеныя вынікамі ў адрозненне ад Ле Пэн.

Калі паглядзець на гісторыю вось такіх левых блокаў, яны звычайна пасля выбараў распадаюцца. І я думаю, што і Макрон гэтым разам разлічвае на тое ж самае. Таму ён і не адпраўляе ў адстаўку свайго прэм’ера Габрыэля Аталя, які прасіўся ў адстаўку, але гэтая адстаўка не прынятая. Макрон, відавочна, сыходзіць з таго, што блок левых распадзецца і што ён зможа атрымаць падтрымку “зялёных” і сацыялістаў  і магчыма з іх дапамогай сфармаваць урад, які будзе магчыма кааліцыйным урадам, але ў гэтага ўрада будзе абсалютная большасць. І гэта будзе праеўрапейскі ўрад і ўрад, які будзе дапамагць Украіне, відавочна. Я думаю, што вось на гэта і разлічвае зараз Макрон. Час у яго ёсць.

РР: Звернемся да Вялікабрытаніі. Там кансерватары на мінулым тыдні моцна прайгралі. І гэта выгладала як разгром Кансерватыўнай партыі, якая 14 гадоў кіравала краінай. Атрымліваецца, выбарцы паказалі, што не задаволеныя гэтым кіраваннем?

Аляксандр Фрыдман: Гэта сапраўды разгром. Гэта жахлівы вынік. Але чаканы. Сітуацыя, у якой была Кансерватыўная партыя, была складаная. Так што вынік быў прадказальны. І я думаю, што Рышы Сунак ішоў на гэтыя выбары з пэўным фаталізмам. Ведаючы, якія настроі ў насельніцтва, ведаючы, што калі яшчэ марудзіць з гэтымі выбарамі, то вынікі для кансерватараў будуць яшчэ больш жахлівымі. І гэты вынік хутчэй не падтрымка лейбарыстаў, гэта галасаванне супраць кансерватараў і іх палітыкі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя