BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка заўсёды незадаволены ўрадам

У Беларусі чакаецца новы ўрад. Упершыню за 30 год прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра стварэнне камісіі, якая павінна ўнесці прапановы наконт фармавання новага складу ўраду. Хаця раней гэтыя пытанні вырашаліся кулуарна. Лукашэнка напярэдадні раскрытыкаваў урад. Такім чынам ён не першы раз перакладае на сваіх чыноўнікаў адказнасць за магчымыя правалы і праблемы. Заўважае палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.

– Лукашэнка ж заўсёды незадаволены ўрадам. Выкарыстоўвае ўрад для таго, каб на кагосьці можна было б сказаць: “Вось яны ў гэтым вінаватыя. Усё, што я рабіў – добра, а вось урад не выканаў”. Калі паглядзець на ўсю гісторыю панавання Лукашэнкі, то было няшмат выпадкаў, каб ён быў цалкам задаволены ўрадам альбо так моцна хваліў кіраўнікоў ураду.

У сваіх заявах Аляксандр Лукашэнка патрабуе сфармаваць “моцны” ўрад. Міністры не павінны “хадзіць і плакацца, што складана». Адкуль такая неадназначная «матывацыя» чыноўнікаў з атачэння Аляксандра Лукашэнкі, каментуе палітычны аналітык і гісторык Аляксандр Фрыдман:

– Магчыма, гэта і пэўная інтрыга, якую ён пажадаў уключыць па прынцыпе, мо я і прызначу Галоўчанку яшчэ раз, але вы там глядзіце ўсе, і Галоўчанка, і астатнія, не расслабляйцеся. Бо зноў жа мы гэта бачылі шмат разоў з Галоўчанкам.

А менавіта, калі Аляксандр Лукашэнка яго крытыкаваў ды перакладаў адказнасць за нейкія праблемы, асабліва ў эканоміцы. Урад пасля так званых выбараў фармальна склаў паўнамоцтвы пасля таго, як ЦВК канчаткова аб’явіў, што Аляксандр Лукашэнка працягне займаць пасаду прэзідэнта. Такі парадак прадугледжаны Канстытуцыяй.

Беларускае Радыё Рацыя