У Мюнхене распачалася 61-я канферэнцыя па бяспецы (MSC 2025), на якую сабраліся сусветныя палітычныя лідары, эксперты і дыпламаты.

Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага запрашэння для прадстаўнікоў Беларусі, на канферэнцыі прысутнічае дэлегацыя ў складзе Святланы Ціханоўскай, Валерыя Кавалеўскага і Вадзіма Кабанчука.
Палітолаг Аляксандр Фрыдман адзначае, што такі ўдзел падкрэслівае прызнанне ролі апазіцыі ў будучыні Беларусі:
-Што тычыцца Лукашэнкі, яго, канешне, туды не запрасілі, і не лічаць патрымным з ім размаўляць, яго ўспрымаюць як расійскую маріянетку. Што тычыцца Святланы Ціханоўскай і астатніх, тое, што іх туды запрасілі — гэта ўжо добра. Шанец распавесці пра тое, што адбываецца ў Беларусі, заявіць пра беларускую пазіцыю. Сур’ёзных зрухаў у сувязі з гэтай канферэнцыяй я не чакаю.
Эксперт таксама звяртае ўвагу на нядаўні працэс вызвалення беларускіх палітвязняў, сярод якіх апынуўся і грамадзянін ЗША:
-Відавочна, што нейкія кантакты ёсць, без гэтых кантактаў не было б вызвалення гэтых шэрагаў чалавек. На пытанне, ці гэта інвестыцыя з боку Лукашэнкі ў выбудову беларуска-амерыканскіх стасункаў, альбо гэта частка нейкай вялікай здзелкі па паляпшэнні стасункаў і ў будове новых зносін — гэта ўсё застаецца адкрытым. Тут мы пакуль амаль нічога не ведаем.
На думку Фрыдмана, гэты факт нельга недаацэньваць, асабліва ў кантэксце магчымых перамоваў і ціску на беларускія ўлады. Паводле Фрыдмана, Мюнхенская канферэнцыя становіцца пляцоўкай, дзе вырашаецца не толькі будучыня Украіны, але і роля Усходняй Еўропы ў глабальнай архітэктуры бяспекі. Аднак галоўнае пытанне застаецца адкрытым: ці будзе гэта чарговая дэкларацыя падтрымкі ці рэальны зрух у палітыцы Захаду?
Беларускае Радыё Рацыя






