BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Фрыдман: Перамовы ЗША і Расеі трывожныя, але шанец для Украіны і Беларусі яшчэ маецца

У апошнія дні ў палітычным свеце актыўна абмяркоўваюцца вынікі перамоваў паміж дэлегацыямі Расеі і ЗША, якія завяршыліся 18 лютага ў Саудаўскай Аравіі. Гэта былі першыя прамыя кантакты дзвюх краін пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. На сустрэчу не былі запрошаныя прадстаўнікі Еўрапейскага звяза і Украіны, што выклікала шэраг пытанняў і каментароў.

Госць Рацыі – палітолаг Аляксандр Фрыдман – пракаментаваў вынікі нядаўніх перамоваў паміж дэлегацыямі Расеі і ЗША, а таксама бліжэйшыя выбары ў Германіі і іх значэнне для агульнай сітуацыі ў рэгіёне, як і перспектывы перамоваў паміж ЗША і рэжымам Беларусі.

РР: Наколькі значная была прамова Джэй Ді Вэнса на канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене. Пасля яе, напэўна, можна было закрываць саму канферэнцыю.

Аляксандр Фрыдман: Я б не сказаў, што можна было б яе закрываць. Яна, канешне, была галоўная. Аднак там былі і іншыя тэмы. Там быў выступ Зяленскага. Былі розныя сустрэчы. Так што я б не зводзіў усю канферэнцыю да выступу Вэнса. Але зноў жа, канешне, галоўнай падзеяй быў менавіта ён. Ён паказаў той накірунак, у якім хоча рухацца амерыканская адміністрацыя. Бо адразу было зразумела, якія прэтэнзіі ў гэтай адміністрацыі да еўрапейцаў, наколькі яны сур’ёзныя. Ну і чаго чакаць ад еўрапейска-амерыканскіх стасункаў. Прынамсі, у бліжэйшыя часы відавочна нічога добрага.

Вельмі трапная метафара, якую сёння выкарыстоўваюць у Германіі, менавіта гісторыя «шлюбу», які амерыканцы вырашылі скасаваць. Быў «шлюб» амерыканска-еўрапейскі, усё было добра, былі супрацоўніцтва, бяспека, эканоміка, палітыка. Былі людзі з аднолькавымі каштоўнасцямі. І падавался, што гэта назаўсёды, што гэта трывала. Амерыканскі бок вырашыў, што гэта выглядае інакш. Выглядае, што амерыканцы сапраўды вырашылі гэты «шлюб» з еўрапейцамі калі не скасаваць, то, прынамсі, паставіць пад пытанне.

РР: Галоўнае, што еўрапейцам нават паскардзіцца няма каму. Экстранны саміт у Парыжы, куды з’ехаліся 7 прадстаўнікоў еўрапейскіх краін, гэта быў такі мазгавы штурм: што рабіць у гэтай сітуацыі, калі ЗША фактычна выказаліся пра змену сваіх пазіцый?

Аляксандр Фрыдман: Менавіта так. Але я б не сказаў, што ўжо няма куды пайсці. Ёсць той жа Кітай, які працягвае руку і кажа, што ён гатовы да супрацоўніцтва. Нават больш, менавіта Кітай падтрымлівае ўдзел Еўропы ў перамовах. Калі гэта перавесці з дыпламатычнай мовы на мову рэальнай палітыкі, то гэта кітайская прапанова: глядзіце, Злучаныя Штаты сыходзяць, не жадаюць мець з вамі шчыльных стасункаў, як былі раней, але ж мы засталіся і мы зацікаўлены, і мы можам разам працаваць, у нас могуць быць розныя каштоўнасці, але калі мы паважаем адзін аднаго, зацікаўлены, то ў нас можа нешта атрымацца.

Я вось так бы паглядзеў на кітайскую пазіцыю. І тут не трэба забывацца, што заходні свет і пераважна Еўрапейскі звяз, гэта не толькі эканамічны, альбо палітычны саюз, у адрозненні ад НАТА. У НАТА ёсць краіны, якія цяжка аднесці да дэмакратычных, тая ж Турцыя. Еўрапейскі звяз гэта ўсё ж такі аб’яднанне, якое базуецца на супольных каштоўнасцях. Гэта каштоўнасны альянс, каштоўнасны саюз. Нельга стаць чальцом Еўрапейскага звязу, калі ты не падзяляеш каштоўнасці Еўразвязу. І зараз у гэтай сувязі еўрапейцам прыходзіцца разважаць: што рабіць, калі відавочна са Злучанымі Штатамі будзе вельмі цяжка працаваць, супольныя каштоўнасці знікаюць, і я думаю, што сітуацыя будзе пагаршацца.

І калі скарыстацца гэтай метафарай пра «шлюб», то ўзнікае пытанне: што рабіць «жонцы» Еўропе, калі «муж» Злучаныя Штаты яе пакінуў. Канешне, можна заставацца і казаць: ну як жа так, у нас было так шмат супольнага, мы так вельмі добра жылі, ну можа ты яшчэ перадумаеш, ну што мне трэба зрабіць, каб табе падабалася. Давай тут зробім кампраміс, там зробім кампраміс. То бок магчыма скасаванне «шлюбу» прадухіліць, або зрабіць усё, каб гэтага не адбылося. Гэта адна магчымасць.

А іншая магчымасць, я думаю, што менавіта гэта прыйдзецца рабіць урэшце рэшт еўрапейцам, – ну добра, «шлюб» скасаваны, ідзем далей, бо жыццё на гэтым не скончылася, я цяпер самастойны чалавек. Раней дапамагалі амерыканцы з бяспекай. Цяпер будзем самі адказваць за бяспеку. Мы ж таксама моцныя. Мы ж не толькі філіял заходняга свету. Мы і ёсць сапраўдны заходні свет. І я думаю, што ў гэтым накірунку і ішлі размовы ў Парыжы. Каб пацвердзіць сваю самастойнасць Еўропе прыйдзецца вельмі актыўна ўдзельнічаць у падтрымцы Украіны. Хочаш – не хочаш, але рабіць гэта трэба.

Цалкам размова:

Размаўляла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя