Агучаны 25 лютага намер Лукашэнкі ўдзельнічаць у новых выбарах прэзідэнта Беларусі не выглядае нечаканым. Тым часам яшчэ тры гады таму яго легітымнасць ставілі пад сумнеў нават у Крамлі, а ў Менску, здавалася, сур’ёзна рыхтаваліся да змены ўлады.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з палітолагам Аляксандрам Фрыдманам пра тое, чаму Лукашэнка на словах фактычна адмовіўся ад перадачы ўлады па казахстанскім сцэнары; пры якіх умовах Крэмль можа сапраўды спакусіцца на суверэнітэт Беларусі; і ці можа Лукашэнка захапіць расейскую ядзерную зброю, што размешчана на тэрыторыі Беларусі:
РР: Падчас выбараў, якія праходзілі ў Беларусі, Лукашэнка заявіў, што мяркуе балатавацца ў прэзідэнты Беларусі ў наступным годзе. Не тое, каб гэта было нечакана, але ўсё ж такі аналітыкі прызвычаіліся, што будзе такі казахстанскі сцэнар, маўляў, улада паступова пяройдзе да Усебеларускага народнага сходу, які выбіраецца. Такім чынам Лукашэнка робіць плацдарм прыгожага сыходу ад улады. Ці так гэта, ці гэта было чакана, што ён так проста ўладу не аддасць, і ён пакуль выгадны Расеі ў якасці кіраўніка Беларусі, і самому яму самае бяспечнае месца – быць прэзідэнтам у Беларусі?
Аляксандр Фрыдман: Я б тут не перабольшваў значэнне гэтых словаў Лукашэнкі. Сёння ён так кажа, ён хоча, каб у нас склалася адпаведнае ўяўленне і адпаведнае ўяўленне склалася на Захадзе перш за ўсё. Такая змешаная досыць фармулёўка – перадайце на Захад. Якое будзе рашэнне ў выніку, тут па-ранейшаму цяжка сказаць, мы не ведаем, у якім фізічным стане будзе знаходзіцца Лукашэнка праз год, ці будзе ён увогуле ў стане балатавацца. Мы не ведаем, якія будуць знешнія палітычныя абставіны. Мы не ведаем, якое будзе ў рэшце рэшт унутрыпалітычнае жыццё. Я б так не разлядаў, што тое, што Лукашэнка тут нават пачаў сваю кампанію. Мусіць пра гэта разважаць.
Гэты год, 2024, для яго асаблівы, яму 70 гадоў. Ён ужо 30 гадоў знаходзіцца ва ўладзе. Так, ён збудаваў гэтую канструкцыю з Усебеларускім народным сходам, і тут таксама трэба вырашаць. Вось гэта той год, калі ён мусіць прыняць рашэнне. З аднаго боку, можа, і хацеў бы сысці, але рэальных магчымасцяў няма, ды яшчэ і сітуацыя напружаная. Ды і, магчыма, Расея не дазволіць сысці, нават калі пажадае. А тут яшчэ можа быць Міжнародны крымінальны суд, які аб’явіць Лукашэнку ў вышук. Розныя сцэнары, расейскае абвастрэнне сітуацыі, сітуацыя з НАТА. І асабістых гарантый у яго няма.
Можна паспрабаваць, але калі не атрымаецца гэты варыянт з Усебеларускім народным сходам, ён, канешне, не казахстанскі ў пэўным сэнсе гэтага слова, але ён улічвае казахстанскі вопыт. Калі сапраўды той чалавек, які прыйдзе на месца не будзе марыянеткай, а паспрабуе гуляць так, як жадае патрэбным – гэта ўсё для яго праблемы. І тое, што ён сёння пра гэта заяўляе, гэта паказвае, што выйсця няма, і таму ён робіць такую заяву. Яго ж словы можна інтэрпрэтаваць як заўгодна, але відавочна адно – яму трэба было гэта закінуць у публічную прастору і даслаць гэта ў якасці мэсаджу на Захад, што вось, глядзіце, калі будзеце і надалей ціснуць, вы ад мяне не пазбавіцеся.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя