Беларусь на міжнароднай канферэнцыі ў Мюнхене прадстаўляе беларуская лідарка Святлана Ціханоўская. Упершыню там праходзіць вялікая дыскусія пра Беларусь, асобная панэль, куды запрошаныя буйныя еўрапейскія палітыкі. Трэба зафіксаваць той факт, як станоўчы, што Беларусь прадстаўленая на такога ўзроўню мерапрыемстве.

Кажа палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман:
– Гэта галоўная еўрапейская канферэнцыя, безумоўна. Яна вельмі прадстаўнічая. Гэтым разам прыбывае вельмі прадстаўнічая амерыканская дэлегацыя на чале з Маркам Рубіа. Будуць прадстаўнікі Кітая, Індыі, іншых краінаў. І там будзе абмяркоўвацца і вайна ва Украіне. Там будзе абмяркоўвацца становішча ў рэгіёне. Удзел Святланы Ціханоўскай – ён важны. Там увогуле будзе ўздымацца пытанне Беларусі. Запланавана дыскусія на гэты конт.
Дэлегацыі афіцыйнага Менску, дзе кіруе Аляксандр Лукашэнка, у канферэнцыі прымалі ўдзел на працягу многіх гадоў, пачынаючы з 2006-га, аднак пасля падзеяў 2020 года – ніхто іх цяпер не запрашае. Больш таго, прыгадвае аналітык Аляксандр Фрыдман, калісьці і Аляксандра Лукашэнку запрашалі на канферэнцыю, але тады ён запрашэнне не прыняў.
– Што зрабіў Лукашэнка з гэтым запрашэннем у 2019 годзе? Ён ім не скарыстаўся. Ён не паехаў. У апошні момант ён вырашыў не ехаць і даслаў замест сябе Уладзіміра Макея, тагачаснага міністра замежных спраў. І гэта было ў 2019 годзе. Наколькі я разумею, гэта было апошняе, да сённяшняга моманту, запрашэнне, якое Лукашэнка атрымаў. Ці яшчэ раз ён атрымае запрашэнне ў Мюнхен на гэтую канферэнцыю? Да гэтага я стаўлюся скептычна.
З 2022 года арганізатары канферэнцыі запрашаюць толькі лідараў беларускіх дэмакратычных сіл (Святлану Ціханоўскую і яе каманду). Афіцыйныя асобы з Беларусі і Расеі з гэтага часу на форум не запрашаюцца.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






