Госць Рацыі – палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман. У размове з нашым карэспандэнтам Уладам Грынеўскім ён аналізуе цяперашняе стаўленне беларусаў да Еўропы і Расеі.
РР: З’явілася чарговае даследаванне, якое кажа пра тое, што беларусы больш скептычна сталі ставіцца да Еўрапейскага звязу. Ці магло нешта змяніцца за апошнія некалькі гадоў, як вам здаецца?
Аляксандр Фрыдман: Канешне, гэта пытанне цікавае, безумоўна. І фактычна адзіная магчымасць пабачыць тэндэнцыі, якія ў грамадстве ў Беларусі назіраюцца, але ўсё адно я б падыходзіў да ўсялякіх апытанняў, якія робяцца ў такіх умовах такой дыктатуры вельмі асцярожна. І таму асцярожна трэба ўспрымаць адказы людзей і вынікі гэтага апытання. Тым не менш цікавым яно, безумоўна, з’яўляецца. І тыя трэнды, якія там назіраюцца, патлумачыць іх можна перш агульным палітычным кантэкстам, вайной ва Украіне і той роллю, якую адыгрывае Беларусь у гэтай вайне, а таксама пагрозай таго, што баявыя дзеянні перакінуцца на тэрыторыю Беларусі. Акрамя таго, канешне, уплывам расейскай і беларускай прапаганды, які, безумоўна, працуе ў пэўнай ступені і ахоплівае значную частку грамадства і ўплывае на стаўленне да Еўразвязу.
РР: Пэўная тэндэнцыя ідзе на збліжэнне з Расеяй зараз, як паказваюць даследаванні. Як вам гэта бачыцца ўвогуле, ці яна сапраўды можа быць?
Аляксандр Фрыдман: Я думаю, што яна сапраўды назіраецца, і гэта звязана з той сітуацыяй, у якой сёння апынулася Беларусь. Безумоўна, ёсць палітазаваныя людзі, якія цікавяцца палітыкай, якія жадаюць разумець, што адбываецца ў краіне, што адбываецца ў свеце. Значная частка насельніцтва аднак палітыкай не цікавіцца і імкнецца быць па-за палітыкай, тым больш што нейкіх перспектыў сур’ёзных ў беларускай палітыцы няма. І калі разважаць з пункту гледжання людзей, якія ўжо жывуць стала ў Беларусі, бачаць сваю будучыню ў Беларусі, фактычна апынуліся за жалезнай заслонай. Іх магчымасці вандраваць, магчымасці перасякаць заходнюю мяжу абмежаваныя.
З другога боку – паглыбляецца ўсебаковае супрацоўніцтва з Расеяй. У такіх умовах людзі без сталага палітычнага светагляду адаптуюцца да рэальнасці. А рэальнасць беларуская ў тым, што Расеі становіцца ўсё больш і больш, расейскіх уплываў усё больш і больш. Так што людзі больш актыўна арыентуюцца на Расею тут і з прычыны ўласных каштоўнасцяў, і з прычыны рэчаіснасці, іншых магчымасцяў тут няма.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя