BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Рэжым хоча паказаць Захаду, што ў нас ёсць нейкае падабенства выбараў”

Выбары не дэмакратычныя і не свабодныя. І гэтага нават не хаваюць улады на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, сказаў у нашым эфіры палітычны блогер Аляксандр Кабанаў. Завяршыўся першы цыкл электаральнай кампаніі – зарэгістравалі 7 ініцыятыўных груп, якія пачнуць збіраць подпісы 7 лістапада. Група Аляксандра Лукашэнкі зарэгістраваная пад нумарам адзін.

Каментуе блогер, прадстаўнік асацыяцыі былых сілавікоў “Белпол” Аляксандр Кабанаў. Паводле якога Лукашэнка баіцца паўтарэння 20-га году, адтуль і рэпрэсіўныя паводзіны.

-З аднаго боку, ён не разумее, што 2020 года не будзе, ён не паўторыцца ў тых умовах, якія зараз. Чаму зараз ідуць рэпрэсіі, новы віток набралі. Літаральна сёння мне прыйшлі дадзеныя, што да людзей прыязджаюць, людзей выцягваюць,  тых, хто хоць нейкі актывізм праяўляў, хоць нідзе не быў асабліва заўважаны, да ўсіх ездзяць. Рэха 2020 года ў іх засталося. Яны не чакалі, што гэта здарыцца. І зараз на ўсялякі выпадак ім трэба падрыхтавацца.

РР: З аднаго боку, усё пад каўпаком, а з іншага, Лукашэнка стаў актыўна ездзіць па рэгіёнах. А навошта ездзіць, можна расслабіцца, бо сілавікі зробяць усю працу?

Аляксандр Кабанаў: А вось гэтае расслабленне ў 2020 годзе і паказала, ён даверыўся Ярмошынай, ён даверыўся сілавікам, якія яго запэўнівалі, што ўсё будзе супер, ён даверыўся людзям, якія сказалі, давайце хоць Ціханоўскую зарэгіструем, дзеля віду няхай будзе. Ён даў згоду, таму што такія пытанні  ўзгадняюцца толькі з ім. Гэта толькі яго рашэнне, каго рэгістраваць, а каго – не.  Ён даў згоду, таму што яго пераканалі. А зараз усе кандыдаты знаходзяцца пад “электронным мікраскопам”. Мне цікавая гэтая кампанія ў тым плане, ці апынецца нехта ў СІЗА пасля выбараў, ці не? Альбо да выбараў? Хто збярэ подпісы, і каму колькі намалююць.

На сённяшні момант мне падаецца толькі адно, што б ні гучала з экранаў тэлевізараў пра тое, што нам напляваць на санкцыі, на легітымнасць, яны ўсё ж такі хочуць зрабіць выбары не для Расеі, Расея і так гэтыя выбары прыме, і не для Кітая, які іх таксама прыме. Ім трэба паказаць Еўропе і Амерыцы, што ў нас нейкае падабенства выбараў было. Давайце з намі неяк размаўляць.

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Дэмакратычныя сілы і краіны Захаду не лічаць гэты выбарчы працэс легітымным.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя